«У 2020 годзе былі рэальныя палітыкі і фантазёры, летуценьнікі. У марах няма нічога кепскага, абсалютна. Яны выступаюць за далучэньне Беларусі да эўрапейскай сям’і, да Эўразьвязу, паўсюль гэта дэкляруюць. Няма нічога дрэннага ў эўрапейскіх каштоўнасьцях, я іх таксама падзяляю, мне гэта ўсё вельмі падабаецца. Але дам вам прыклад, у нас ёсьць сусед — Украіна. Наш сусед таксама хацеў у Эўразьвяз і ў NATO, і мы бачыў, што Ўкраіна дагэтуль не ў Эўразьвязе, і ня ў NATO. Мы бачым, што на тэрыторыі Ўкраіны ідзе вайна».
Паводле Ціханоўскага, далучэньня Беларусі ня хоча ні сам Эўразьвяз, ні цяперашнія ўлады Беларусі, а самі беларускія грамадзяне даўно зрабілі свой выбар і хочуць нэўтральнага статусу для краіны:
«Мая хата з краю, абы не было вайны. Яны бачаць, што адбываецца ва Ўкраіне, і ніхто ня хоча паўтарэньня ў Беларусі».
Ціханоўскі таксама падкрэсьліў цяперашнюю поўную залежнасьць Беларусі ад Расеі, у тым ліку ў эканоміцы.
Паводле яго, пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне, можна будзе дамовіцца, што Беларусь «застанецца нэўтральнай, пазаблёкавай краінай, як некалі наконт Фінляндыі. Мы дэ юрэ насамрэч і ёсьць нэўтральная краіна».
Пры гэтым Беларусь цяпер уваходзіць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) — вайсковы саюз, дзе вядучую ролю адыгрывае Расея. Паводле Ціханоўкага, «трэба проста выйсьці зь яго», і ёсьць маленькі шанец дамовіцца пра гэта, калі пазыцыя Расеі будзе аслабленай, аднак на далучэньне Беларусі да Эўразьвязу ніколі не пагодзіцца ні цяперашні прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, ні любая расейская ўлада пасьля Пуціна.
Адказваючы на пытаньне, ці варта Захаду цяпер весьці перамовы з Лукашэнкам, Ціханоўскі сказаў, што і амэрыканцам, і эўрапейцам трэба выкарыстоўваць усе магчымыя інструмэнты для вызваленьня палітвязьняў. Паводле яго, трэба разумець лёгіку Лукашэнкі:
«Лукашэнка любіць Беларусь рэальна. Ён упэўнены, што так, як ён бачыць, лепш для Беларусі. І калі нехта супраць, значыць ён хоча горш для Беларусі зрабіць, значыць ён злачынца, вораг і яго можна пакараць, а раней ён яшчэ і забіваў».
Адказваючы на пытаньне вядоўцы, ці ня хоча ён перайсьці на беларускую мову, якая стала «мовай пратэсту», Ціханоўскі сказаў, што «98 працэнтаў беларусаў размаўляюць па-расейску» і што ён не назіраў сярод беларусаў жаданьня размаўляць па-беларуску да траўня 2020 году, калі яго арыштавалі. Ён дадаў, што ня варта «сьціраць» расейскую культуру за дзеяньні рэжыму Ўладзіміра Пуціна.
Паводле Ціханоўскага, «старая тытульная апазыцыя ў 2020 годзе размаўляла па-беларуску, і іх ня чулі, іх не разумелі», а ягоная ўласная папулярнасьць была часткова выклікана тым, што ён зьвяртаўся да сваёй мэтавай аўдыторыі на яе мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўскі: вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты было памылкайХто такі Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцьця», былы палітвязень, муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая брала ўдзел у выбарах 2020 году.
Улады Беларусі пачалі яго перасьледаваць, калі ён у 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі супраць Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК Беларусі адмовіў Ціханоўскаму ў рэгістрацыі, а беларускія сілавікі неўзабаве затрымалі яго нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (беспарадкамі прызналі збор подпісаў у падтрымку Ціханоўскага).
У сьнежні 2021 году, пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў, Ціханоўскага пакаралі на 18 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «перашкодзе працы ЦВК», а таксама «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У турме ў Беларусі яго трымалі ў цяжкіх умовах бяз сувязі з сваякамі. Ягоную жонку, Сьвятлану Ціханоўскую, пасьля выбараў прымусілі зьехаць з краіны.
21 чэрвеня 2025 году Ціханоўскі быў вызвалены разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам. Яго, як і астатніх вызваленых палітвязьняў, выслалі зь Беларусі.