Ціханоўскі: вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты было памылкай

Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні пасьля ягонага вызваленьня ў чэрвені 2025 году
Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні пасьля ягонага вызваленьня ў чэрвені 2025 году

Сяргей Ціханоўскі ў інтэрвію расейскай відэаблогерцы Ірыне Шыхман патлумачыў свой погляд на падзеі прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году.

Ціханоўскі расказаў, што падчас свайго адміністрацыйнага зьняволеньня ў траўні 2020 году ён спрабаваў некалькімі спосабамі зарэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты. У ягонай жонкі, Сьвятланы Ціханоўскай, была генэральная даверанасьць на ягонае імя, але Цэнтральная выбарчая камісіі адмовілася рэгістраваць яго праз даверанасьць.

Падчас сустрэчы з адвакатамі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ён папрасіў прынесьці яму патрэбныя паперы, каб уласнаручна паставіць подпіс для рэгістрацыі, але на наступны дзень адвакатаў да яго ўжо не пусьцілі. Тады ён паспрабаваў падаць заяву поштай, але ЦВК адказала яму толькі пасьля таго, як скончыўся тэрмін рэгістрацыі.

У выніку Сьвятлана Ціханоўская пры падтрымцы ягонай ініцыятыўнай групы сама зарэгістравалася кандыдатам у прэзыдэнты. Ціханоўскі кажа, што гэта было памылкай:

«Яна была абсалютна непадрыхтаваная, яна слабая жанчына, хатняя жонка, каб ісьці ў гэтую гонку, кампанію з дыктатарам».

Ціханоўскі падкрэсьліў, што людзі прагаласавалі за Сьвятлану Ціханоўскую, таму што аб’ядналіся штабы рэальных кандыдатаў і людзі аддавалі свае галасы супраць Аляксандра Лукашэнкі, аднак сапраўдных выбараў не было. Ён дадаў, што нельга было ісьці на выбары, якія фальсыфікуюцца.

Паводле Ціханоўскага, удзел Сьвятланы ў кампаніі кепска адбіўся на ўсёй іх сямʼі і на дзецях:

«У нас бы і жытло не забралі ў Менску, калі б яна там засталася жыць, была прапісаная. Гэта ўсё ня трэба было рабіць, гэта не прывяло ні да чаго добрага».

Ціханоўскі лічыць, што Сьвятлана Ціханоўская не разумела, што ён не хацеў перамагчы на выбарах, а толькі паказаць, што ў тагачаснай Беларусі яны немагчымыя. Паводле Ціханоўскага, ён пагадзіўся стаць кандыдатам пратэсту на прапанову палітыка Міколы Статкевіча. Ён таксама патлумачыў, што загадзя не казаў жонцы пра свой намер рэгістравацца кандыдатам у прэзыдэнты, бо ведаў, што яго не зарэгіструюць.

У апошнія месяцы Сяргей Ціханоўскі рэгулярна крытыкуе офіс Сьвятланы Ціханоўскай і часам яе асабіста. Раней Сьвятлана адказала на пытаньні «Нашай нівы», яны тычыліся й сямейных стасункаў зь Сяргеем. Тады яна сказала пра няўпэўненасьць, што сям’ю ўдасца ўратаваць.

«Я ня ўпэўненая, што пасьля ўсяго, што я ад Сяргея пачула за ягоныя стрымы, ёсьць магчымасць вярнуцца да нармальных адносінаў. Я маю на ўвазе сямейных. Бо палітычна, калі ёсьць агонь, калі ёсьць пэўны паважлівы тон, то можна, канечне, працаваць. Сяргей мае талент даносіць пазыцыю, мае талент размаўляць зь беларусамі. І калі б гэта было ў канструктыўным рэчышчы ў рамках агульнай стратэгіі, дык гэта магчыма. А што тычыцца асабістага, то я ня ўпэўненая».

У інтэрвію Шыхман Ціханоўскі сказаў, што ў першыя ж дні пасьля ягонага вызваленьня ў чэрвені 2025 году жонка патлумачыла яму, што ня мае да яго ніякіх пачуцьцяў і хацела разьвесьціся зь ім яшчэ ў сьнежні 2019 году.

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцьця», былы палітвязень, муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая брала ўдзел у выбарах 2020 году.

Улады Беларусі пачалі яго перасьледаваць, калі ён у 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі супраць Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК Беларусі адмовіў Ціханоўскаму ў рэгістрацыі, а беларускія сілавікі неўзабаве затрымалі яго нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (беспарадкамі прызналі збор подпісаў у падтрымку Ціханоўскага).

У сьнежні 2021 году, пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў, Ціханоўскага пакаралі на 18 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «перашкодзе працы ЦВК», а таксама «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У турме ў Беларусі яго трымалі ў цяжкіх умовах бяз сувязі з сваякамі. Ягоную жонку, Сьвятлану Ціханоўскую, пасьля выбараў прымусілі зьехаць з краіны.

21 чэрвеня 2025 году Ціханоўскі быў вызвалены разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам. Яго, як і астатніх вызваленых палітвязьняў, выслалі зь Беларусі.

​
XS
SM
MD
LG