Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў гатовы да спыненьня агню ўздоўж цяперашняй лініі фронту, каб спрыяць мірным перамовам. Аднак ён падкрэсьліў, што не пагодзіцца на пагадненьне пры пасярэдніцтве ЗША, якое прымусіць Украіну плаціць цану за вайну, разьвязаную Расеяй.
Пра гэта ён сказаў у інтэрвію тэлеканалу Al Jazeera.
«Мы гатовыя да такіх крокаў — застацца і спыніцца менавіта там, дзе мы знаходзімся цяпер. Гаворка ідзе пра спыненьне агню ўздоўж лініі сутыкненьня. Ці зьяўляецца гэта кампрамісам? Безумоўна, гэта вельмі істотны кампраміс. Мы разумеем, што ён [Уладзімір Пуцін] ня мае намеру пакідаць нашу зямлю. Менавіта таму мы кажам: „Добра, давайце спынімся тут і пяройдзем да дыпляматыі“», — сказаў ён.
Камэнтуючы ролю Злучаных Штатаў, Зяленскі адзначыў, што прэзыдэнт Дональд Трамп валодае «больш чым дастатковымі паўнамоцтвамі».
«Таму я спадзяюся, што ён працягне шукаць спосаб спыніць гэтую вайну — але не такім чынам, каб Украіна плаціла за гэта цану, бо гэта было б няправільна», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
Расейскі бок пакуль не пракамэнтаваў гэтую заяву Зяленскага наконт перамір’я. Аднак раней у гэтым месяцы прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адкінуў ідэю поўнага або частковага спыненьня агню ў вайне, якую Расейская Фэдэрацыя вядзе супраць Украіны. Ён заявіў, што «ніякіх перамоў» ня будзе пасьля ўдараў па Керчанскім мосьце; пры гэтым Пуцін нічога не сказаў пра аналягічныя расейскія ўдары па мастах у Кіеве — цэлях, па якіх расейскія вайскоўцы сыстэматычна наносяць удары з 1 кастрычніка.