Расейскія войскі ў ноч на 29 лістапада нанесьлі ўдары бесьпілётнікамі па некалькіх рэгіёнах Украіны.
У Адэсе ад удару загарэўся шматпавярховы жылы дом. Паводле папярэдніх зьвестак, загінула пажылая жанчына, ёсьць параненыя, паведаміў кіраўнік Адэскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак. Таксама пацярпелі складзкія памяшканьні.
Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў Адэсе быў разбураны лягістычны цэнтар, а таксама былі нанесеныя ўдары па тытунёвай фабрыцы ў Крэменчугу, дзе, як сьцьвярджаецца, выраблялі боепрыпасы, і па мосьце ў Запарожжы.
Кіраўнік Запароскай абласной ваеннай адміністрацыі Міхаіл Сямікін паведаміў, што ад расейскіх удараў па Запарожжы загінула жанчына, а яшчэ два чалавекі атрымалі раненьні — сярод іх дзіця, якое дасталі з-пад завалаў.
Пазьней Дзяржаўная служба ў надзвычайных сытуацыях Украіны ўдакладніла, што ўдарам быў разбураны прыватны жылы дом; з-пад абломкаў дасталі цела 40-гадовай жанчыны, а таксама яе 14-гадовую дачку, якую перадалі мэдыкам.
Расейскія войскі сыстэматычна з розных відаў зброі — дронамі, ракетамі, авіябомбамі і з артылерыі — атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру Ўкраіны.
Кіраўніцтва Расеі адмаўляецца прызнаваць, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і зьнішчаючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі, бо вядуцца абстрэлы сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва і ўстановаў аховы здароўя, каб пазбавіць людзей электраэнэргіі, цяпла, водазабесьпячэньня, сувязі, мэдычнай дапамогі, іншых умоваў для жыцьця.