Чарговая ноч прынесла новыя ўзаемныя абстрэлы на расейска-ўкраінскай вайне. Расея працягвае тэрарызаваць жылыя кварталы розных украінскіх гарадоў і мястэчак, а Ўкраіна спрабуе зьнішчыць расейскую нафтаперапрацоўку.
У Нежыне Чарнігаўскай вобласьці 27 лістапада ў выніку нападу расейскіх войскаў на прадпрыемства загінулі сем чалавек, паведаміла Дзяржаўная служба Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях (ДСНС).
Супрацоўнікам МНС удалося выратаваць аднаго чалавека з-пад завалаў.
Пяць чалавек атрымалі раненьні ў выніку абстрэлу расейскімі войскамі Днепрапятроўскай вобласьці, у тым ліку дзіця, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Ганжа.
Паводле яго, расейскія войскі больш за 20 разоў атакавалі чатыры рэгіёны з дапамогай бесьпілётнікаў:
У Дніпры пашкоджана транспартная інфраструктура. 26-гадовая жанчына была дастаўлена ў лякарню ў цяжкім стане, а 47-гадовы мужчына — у стане сярэдняй цяжкасьці.
У Нікапальскай вобласьці расейцы абстралялі раённы цэнтар, населеныя пункты Марганецкая і Пакроўская. 29-гадовы мужчына і 15-гадовы хлопчык былі шпіталізаваны ў стане сярэдняй цяжкасьці.
У Сінельніцкім раёне расейскія войскі ўлучылі па раённым цэнтры і Мікалаеўскай грамадзе. Пашкоджаныя прадпрыемства і інфраструктура.
У Паўлаградзкім раёне пашкоджанае прадпрыемства. Адзін чалавек паранены.
Таксама Расея атакавала Белую Царкву ў Кіеўскай вобласьці з дапамогай бесьпілётнікаў, гаворыцца ў заяве абласной вайсковай адміністрацыі.
Паводле зьвестак ведамства, у выніку расейскага ўдару пацярпелі тры чалавекі. У прыватнасьці, дзьве жанчыны атрымалі парэзы канцавінаў аскепкамі шкла. Таксама пацярпеў мужчына, у яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма.
Выбуховая хваля пашкодзіла вокны ў кватэрах двух шматпавярховых дамоў, а побач гарэлі гаражы. Таксама пашкоджаны аб’ект энэргетычнай інфраструктуры.
Атака ўкраінцаў на чарговы НПЗ
Мясцовыя каналы маніторынгу паведамляюць, што бесьпілётнікі атакавалі некалькі нафтавых аб’ектаў у Расеі, у тым ліку Навашахцінскі нафтаперапрацоўчы завод, ужо другі раз за тыдзень.
Паводле зьвестак з Telegram-каналаў, жыхары Навашахцінску паведамлялі пра «моцныя выбухі». Яны таксама скардзіліся, што папярэджаньні аб небясьпецы паступілі пасьля пачатку атакі, але сырэна паветранай трывогі не спрацавала.
Навашахцінскі завод вытворчасьці нафтапрадуктаў разьмешчаны прыкладна за 7–15 км ад дзяржаўнай мяжы Ўкраіны і перапрацоўвае да 5,6–7,5 мільёнаў тон нафты ў год.
OSINT-аналітык Telegram-каналу ASTRA таксама паведамляе, што бесьпілётнікі ўдарылі па лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі «Самара» каля вёскі Прасьвет у Самарскай вобласьці Расеі.
Што гэта значыць
Украіна штодзённа губляе цывільнае насельніцтва ў ракетных і бесьпілётных абстрэлах Расеі. Расейскія войскі няспынна б'юць па ўкраінскіх прадпрыемствах энэргетыкі, каб жыхарам Украіны было цяжэй пераносіць халодную пару году. Штодня ў краіне траўмуюцца і гінуць людзі.
Тым часам Украіна ў адказ атакуе расейскія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы і наносіць ім вялікую шкоду. Аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Расеі ўпалі прыкладна ўдвая ў параўнаньні з канцом кастрычніка 2026 году, а ўдары працягваюцца, паведаміла агенцтва Bloomberg News са спасылкай на аналіз кампаніі Rystad Energy.