27 лістапада на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю вярнуліся 10 чалавек з акупаваных тэрыторыяў і Расеі, дзевяцёра зь іх — дзеці, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец.
Акрамя таго, вярнулі паўналетнюю выхаванку Алешкаўскага дзіцячага дому-інтэрнату.
«Геаграфія гэтага вяртаньня ахоплівае чатыры кірункі: дзеці знаходзіліся на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей, у Крыме і на тэрыторыі РФ. Наймалодшаму дзіцяці восем гадоў», — паведаміў амбудсмэн.
Перавозку дзяцей арганізаваў Офіс амбудсмэна пры пасярэдніцтве першай лэдзі Злучаных Штатаў Мэланіі Трамп.
«Геаграфія гэтага вяртаньня ахоплівае чатыры кірункі: дзеці знаходзіліся на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей, у Крыме і на тэрыторыі РФ. Наймалодшаму дзіцяці восем гадоў.
Таксама сярод тых, хто вярнуўся, — паўналетняя выхаванка Алешкаўскага дзіцячага дому-інтэрнату. Гэта асобная катэгорыя, якую мы вяртаем: моладзь ва ўзросьце 18–23 гадоў, якая застаецца на часова акупаваных тэрыторыях або ў РФ.
У групе, якая сёньня перасекла мяжу, была бабуля, якая суправаджала ўнука і плянуе застацца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі», — паведаміў Лубінец.
Паводле амбудсмэна, працэс вяртаньня некаторых дзяцей доўжыўся больш за год.
Абмен адбываўся церазь Беларусь. Тут дзяцей пакармілі цёплай бульбай і нагетсамі і далі з сабой беларускія прысмакі, паведаміла БелТА.
Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ўдакладніў, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ Украіне ўдалося вярнуць 2875 дзяцей.
Паводле афіцыйных зьвестак Украіны, за час поўнамаштабнай вайны ў Расеі і на акупаваных тэрыторыях апынуліся больш за 20 тысяч украінскіх дзяцей. У той жа час упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзьмітры Лубінец выказваў меркаваньне, што Расея незаконна вывезла з Украіны каля 150 тысяч дзяцей, а ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах дзіцяці Дар’я Герасімчук называла лічбу «некалькі сотняў тысяч дзяцей, гэта значыць прыкладна 200–300 тысяч».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выбар бяз выбару. Як украінскія дзеці трапляюць у Беларусь на «адпачынак» і чым тут займаюццаУ сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўнай дэпартацыі і перамяшчэньні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны. У Маскве гэтыя абвінавачаньні адмаўляюць.
Расейская ўпаўнаважаная ў правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова ў ліпені 2023 году заявіла, што ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея «прыняла» каля 4,8 мільёна жыхароў Украіны, зь іх больш за 700 тысяч — дзеці. Паводле яе, большасьць украінскіх дзяцей нібыта прыехалі ў Расею з бацькамі або іншымі сваякамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Фонд Аляксея Талая стварае рэабілітацыйны цэнтар для ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных Расеяй тэрыторыяўРаней сёньня церазь Беларусь ва Ўкраіну вярнуліся 23 чалавекі сталага веку, а 20 чалавек у гадах выехалі з Украіны, каб трапіць у Расею, перадавала БелТА.