Як паведаміла беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА, гуманітарная місія дазволіла 23 пажылым людзям вярнуцца з Расеі да блізкіх ва Ўкраіну, яшчэ 20 чалавек прыбылі з Украіны, каб трапіць у Расею.
Абмен прайшоў ў пункце пропуску «Новая Гута». Большасьць яго ўдзельнікаў — людзі сталага ўзросту, якія з розных прычынаў апынуліся ўдалечыні ад родных.
Абмен прайшоў дзякуючы Міжнароднаму Чырвонаму Крыжу, прадстаўнікі якога былі ў Новай Гуце.
Украінскі і расейскі бакі пра абмен пакуль не паведамлялі.
Чаму гэта важна
З пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году адбыўся абмен тысячамі палонных — гэта адна з нямногіх сфэраў, у якой Масква і Кіеў, нягледзячы на вайну, падтрымлівалі пэрыядычныя кантакты.
Масква і Кіеў абменьваліся цывільнымі асобамі на прапускным пункце «Новая Гута» ў Гомельскай вобласьці Беларусі і раней.
БелТА паведамляе, што ў Беларусі ўжо правялі больш за 70 гуманітарных абменных місіяў паміж Расеяй і Украінай.
26 лістапада ў Новай Гуце Расея перадала Ўкраіне целы 250 загінулых, а Ўкраіна — 22. Абмен тады адбыўся пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.
Да канца году чакаецца вялікі абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй.
Што папярэднічала
Паводле ўкраінскіх праваабаронцаў і незалежных экспэртаў, ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея незаконна трымае больш за 8 тысяч украінскіх цывільных асобаў. Сярод іх прадстаўнікі мясцовай улады, настаўнікі, лекары, прадпрымальнікі, актывісты і сьвятары. Праваабаронцы паведамляюць, што многіх катуюць.
Масавыя абмены з удзелам цывільных пачаліся ў 2025 годзе. Напрыклад, падчас найбуйнейшага абмену «1000 на 1000» у траўні 2025 году ў першы дзень былі вызваленыя па 270 вайскоўцаў і 120 цывільных з кожнага боку.
У 2026 годзе цывільныя таксама працягваюць трапляць у абмены, але іх колькасьць звычайна значна меншая. Напрыклад, пры абмене 5 чэрвеня 2026 году Украіна паведаміла пра вяртаньне 184 вайскоўцаў і аднаго цывільнага.
Цяперашні абмен складаўся выключна з цывільных асобаў.
- Міжнароднае гуманітарнае права наагул не прадугледжвае асобнай працэдуры «абмену цывільнымі» так, як гэта адбываецца з ваеннапалоннымі. Цывільныя, незаконна затрыманыя падчас вайны, павінны быць вызваленыя, а не выкарыстоўвацца для абмену. Менавіта таму ўкраінскія праваабаронцы і ААН крытыкуюць Расею за практыку такіх затрыманьняў і выкарыстаньня ў абменах.