Аляксандар Лукашэнка выправіўся ў дзяржавы Пэрсыдзкай затокі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі: Аман, Віетнам і ААЭ. Там ён абмяркуе эканамічныя пытаньні на найвышэйшым і высокім узроўнях з кіраўніцтвам дзяржаў, паведаміла ягоная прэс-служба.
У аэрапорце Маскату, як і год таму, яго сустрэў прэзыдэнт Аманскага інвэстыцыйнага агенцтва Абдэльсалам Махамэд аль-Муршыдзі. У дзяржаўнай герархіі гэта чыноўнік у рангу міністра. Каля трапу таксама было некалькі вайскоўцаў.
Аляксандар Лукашэнка ў аэрапорце Маскату, дзе яго сустракае прэзыдэнт Аманскага інвэстыцыйнага агенцтва Абдэльсалам Махамэд аль-Муршыдзі, 27 лістапада 2026 году.
Колькі працягнецца візыт, прэс-служба не паведаміла. Але мяркуючы па тым, што Лукашэнка возьме ўдзел у канфэрэнцыі ААН у Абу-Дабі, у Беларусь ён вернецца не раней за 8–10 сьнежня.
Менавіта ў гэтыя дні ў сталіцы ААЭ пройдзе канфэрэнцыя ААН, прысьвечаная вадзе.
Лукашэнка трэці год запар наведвае Аман і іншыя краіны рэгіёну ў лістападзе — сьнежні. Прычым летась ён за адну паездку наведаў Аман двойчы. У 2024-м ягоная вандроўка доўжылася пяць дзён, у 2025-м — дванаццаць.
17 сакавіка набыло моц пагадненьне паміж урадам Беларусі і ўрадам Аману аб узаемным скасаваньні візаў для ўладальнікаў звычайных нацыянальных пашпартоў.
Чаму гэта важна
Аман займае невялікае долю ў таваразвароце зь Беларусьсю. Прычым лічбы аманскай статыстыкі кардынальна адрозьніваюцца ад агучаных чыноўнікамі Беларусі.
Паводле Міністэрства гандлю Аману, летась таваразварот зь Беларусьсю склаў усяго 975 тысяч даляраў, зь якіх толькі 37 тысяч прыпала на імпарт беларускіх тавараў.
А ў 2024-м годзе таваразварот склаў усяго каля 33 тысяч даляраў, вынікае з дадзеных на сайце Нацыянальнага цэнтру статыстыкі Аману.
Пры гэтым у кастрычніку 2025 году віцэ-прэм’ер Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што таваразварот за 2024 год склаў 8,44 мільёна даляраў, зь якіх 8,16 мільёна — беларускі экспарт. Але нават гэтыя лічбы нельга назваць вялікімі для міждзяржаўнага гандлю.
Да таго ж, нягледзячы на рэгулярныя візыты Лукашэнкі ў Аман, Беларусь дагэтуль ня мае там уласнага пасольства. Яго зьбіраліся адкрыць да Новага году. Аманскі пасол пачаў працаваць у Менску сёлета ў кастрычніку.