Аман упершыню прызначыў амбасадара з рэзыдэнцыяй у Менску. Пра гэта міністар замежных справаў султанату паведаміў кіраўніку беларускага МЗС падчас сустрэчы ў Нью-Ёрку.
Амбасада Аману ў Менску была створаная яшчэ ў лютым 2026 году. Цяпер на сайце аманскага МЗС ужо пазначаны яе кіраўнік — шэйх Насэр бін Сулейман бін Хамад аль-Харсі. Да гэтага Аман меў нерэзыдэнтнага амбасадара ў Беларусі з рэзыдэнцыяй у Маскве.
Рашэньне выглядае як працяг прыкметнага збліжэньня дзьвюх краінаў. Дыпляматычныя адносіны Беларусь і Аман усталявалі ў 1992 годзе, а ў сьнежні 2024-га Аляксандар Лукашэнка наведаў Аман. У кастрычніку 2025 году султан Аману Хайсам бін Тарык упершыню наведаў Беларусь. Падчас гэтага візыту бакі падпісалі шэраг пагадненьняў і мэмарандумаў — у сельскай гаспадарцы, мэдыцыне, навуцы, транспарце і інвэстыцыях.
Пакуль гандаль — менш за $10 млн
Эканамічныя сувязі, аднак, пакуль застаюцца сьціплымі. Паводле зьвестак за 2024 год, таваразварот Беларусі з Аманам склаў $8,44 млн — у 2,2 разу больш, чым годам раней. Пры гэтым амаль увесь аб’ём прыпаў на беларускі экспарт — $8,16 млн. Сярод асноўных беларускіх тавараў — сухое малако, малочная сыроватка, згушчаныя вяршкі, фруктовае пюрэ, джэмы.
Пры гэтым структура экспарту пачынае пашырацца. У 2025 годзе Беларусь павялічвала пастаўкі сухога малака, а таксама ўпершыню экспартавала ў Аман дзіцячае харчаваньне. У 2026 годзе бакі абмяркоўвалі далейшае павелічэньне паставак малочнай прадукцыі і мяса птушкі.
Што можа атрымаць Беларусь
Аман для Беларусі — гэта ня толькі непасрэдны рынак збыту. Краіна мае тэрытарыяльныя воды ў Армузскай пратоцы, адным з галоўных марскіх «вузкіх месцаў» сьвету. Разам з Іранам Аман цяпер удзельнічае ў перамовах пра аднаўленьне бясьпечнага суднаходзтва праз пратоку. Для Беларусі гэта патэнцыйна робіць Маскат цікавым лягістычным партнэрам і доступам да рынкаў Затокі, Азіі і Афрыкі. Але ў цяперашняй вайне вакол Ірану тая самая геаграфія стала і крыніцай дадатковых рызыкаў для суднаходзтва і гандлю.
Менск таксама зацікаўлены ў аманскіх інвэстыцыях і супольных праектах. Адзін з кірункаў — зборка беларускай тэхнікі ў Амане з разьлікам на продаж ня толькі на аманскім рынку, але і ў іншых краінах Пэрсыдзкай затокі ды Афрыкі. МАЗ і Karwa Motors ужо падпісалі мэмарандум аб магчымасьці стварэньня інтэграванай вытворчай лініі на аманскім заводзе.
Што да турыстычнага кірунку, з 17 сакавіка 2026 паміж Беларусьсю і Аманам дзейнічае бязьвізавы рэжым для ўладальнікаў звычайных пашпартоў — да 30 дзён за адну паездку і да 90 дзён на працягу каляндарнага году.
Наўпроставае авіязлучэньне Менску з Маскатам пры гэтым застаецца адным з даўніх плянаў. Раней гаварылася і пра рэгулярныя рэйсы, але пакуль сувязь паміж краінамі разьвіваецца пераважна праз чартэрныя перавозкі.
Чаму гэта важна
Прысутнасьць рэзыдэнтнага амбасадара сама па сабе не азначае рэзкага росту гандлю. Але яна стварае пастаянны дыпляматычны канал у краіне, зь якой Менск цяпер спрабуе ператварыць палітычнае збліжэньне ў канкрэтныя інвэстыцыі, пастаўкі, турызм і транспартныя праекты.
Прызначэньне аманскага пасла ў Менску адбываецца, калі сам Аман спрабуе балянсаваць паміж Іранам і ЗША, захоўваць нэўтралітэт і адначасова абараняць сваю тэрыторыю ад наступстваў вайны, што павялічвае геапалітычныя рызыкі.
Калі вайна вакол Ірану працягнецца, Аман можа сутыкнуцца з праблемамі. МВФ яшчэ на пачатку 2026 году ацэньваў аманскую эканоміку як дастаткова ўстойлівую, але папярэджваў, што пашырэньне рэгіянальнага канфлікту можа ўдарыць па гандлі, турызьме і замежных інвэстыцыях.
Форум