Сёлета ляўрэаткамі літаратурнай прэміі імя Адамовіча сталі 19 жанчын

Беларускі ПЭН абавясьціў пераможцаў прэміі імя Алеся Адамовіча 2026 году.

Імі сталі ўкладальніца анталёгіі эсэяў «Іду да вас, людзі» Алена Казлова і ўсе 18 аўтарак гэтай кнігі. Іх уганаравалі «за пошук еднасьці ў часы рознагалосься».

«Анталёгія эсэяў «Іду да вас, людзі» прысьвечаная тэме суседзтва ў шырокім і вузкім сэнсе. У васямнаццаці эсэ сучасных беларускіх аўтарак сабраныя развагі пра тое, як мы пачуваемся сярод людзей іншых культураў альбо падобных да нас, бачым і ўзаемаўплываем адно на аднаго, дзякуючы суседзтву даведваемся пра культуру зносінаў і побыту, сваю ідэнтычнасьць», — гаворыцца ў паведамленьні Беларускага ПЭНа.

Алесь Адамовіч — літаратар, сцэнарыст, літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭНу. З 1995 году прэмія імя Алеся Адамовіча прысуджаецца за творы, прысьвечаныя актуальным праблемам сучаснасьці. Першым старшынём журы быў Васіль Быкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Бачныя», «Ружовыя хусткі», Акадэмія жаночага палітычнага лідарства. Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2025-га