Украіна і Расея на тэрыторыі Беларусі абмяняліся целамі загінулых на вайне

Пункт пропуску «Новая Гута», на якім адбываюцца абмены палоннымі і целамі загінулых паміж Расеяй і Ўкраінай. Ілюстрацыйнае фота

У пункце пропуску «Новая Гута», што ў Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай, адбылася чарговая місія абмену целамі загінулых паміж расейскім і ўкраінскім бокам.

Як паведаміла беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА, Расея перадала Ўкраіне целы 250 загінулых, а Ўкраіна — 22.

Паводле беларускага боку, празь Беларусь правялі больш за 70 абменаў.

Пазьней дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу знайсьці» пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Згодна зь яго інфармацыяй, абмен адбыўся пры пасярэдніцтве Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Расейскі бок пакуль нічога не паведаміў пра гэты абмен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна ў Беларусі абмяняліся целамі загінулых вайскоўцаў

Чаму гэта важна

Прапорцыя колькасьці целаў вайскоўцаў Украіны і Расеі не адпавядае суадносінам рэальных стратаў бакоў на вайне. Паводле экспэртаў, большыя страты нясе той бок, які наступае, а эвакуаваць з поля бою целы загінулых складаней войску, што адступае.

Раней украінскі бок паведамляў, што пры такіх абменах Расея перадае Ўкраіне і «целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў». Украінцы апублікавалі шэраг доказаў гэтаму, у тым ліку вайсковыя дакумэнты загінулых расейцаў. У Расеі такіх выпадкаў дагэтуль не камэнтавалі. Колькасьць зьніклых бязь вестак і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў афіцыйна невядомая.

Вядома прынамсі пра дваіх загінулых беларусаў, целы якіх ня могуць эвакуаваць зь месца іх гібелі больш за тры гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На беларускай мяжы Ўкраіна і Расея правялі новы абмен ваеннапалоннымі і цывільнымі асобамі