У адказе, сярод іншага, гаворыцца, што МУС Польшчы лічыць пажаданым павелічэньне тэрміну дзеяньня праязнога дакумэнту з аднаго да трох гадоў.
«Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы паведаміла, што не плянуе чарговага падаўжэння дзеяньня арт. 100d, які абмяжоўвае магчымасьці іншаземцаў абараняць свае правы пры зацягваньні разгляду справаў аб легалізацыі знаходжаньня. Адначасова міністэрства пацьвердзіла, што вядзе працу над павелічэньнем тэрміну дзеяньня польскага праязнога дакумэнту для іншаземца (PDPC) з аднаго да трох гадоў», — паведаміў Рух беларускай салідарнасьці.
Артыкул 100d польскага Закону аб дапамозе грамадзянам Украіны распаўсюджваецца таксама на беларусаў і іншых замежных грамадзянаў. Ён прыпыняе адлік устаноўленых заканадаўствам тэрмінаў разгляду справаў аб выдачы дазволаў на знаходжаньне і абмяжоўвае праўныя мэханізмы абароны ад бязьдзейнасьці і зацягваньня адміністрацыйных працэдураў. Бывае, што справы аб разглядзе наданьня дазволу на жыхарства беларусам расьцягваюцца на гады.
Таксама міністэрства лічыць пажаданым трохгадовы тэрмін дзеяньня польскага праязнога дакумэнта, які замяняе беларусам, у якіх скончыўся нацыянальны пашпарт, пасьведчаньне асобы.
У адказе міністэрства паведаміла, што павелічэньне тэрміну дзеяньня польскага праязнога дакумэнту для іншаземца з аднаго да трох гадоў для міністэрства пажаданае і што праца ў гэтым кірунку вядзецца.
Для ўводу трохгадовага тэрміну дзеяньня спатрэбіцца распрацаваць новы ўзор дакумэнту з электронным носьбітам біямэтрычных зьвестак, унесьці зьмены ў заканадаўства і адаптаваць адпаведныя інфармацыйныя сыстэмы.
Акрамя таго, міністэрства разглядае магчымасьць заканадаўча замацаваць функцыі праязнога дакумэнту як пацьверджаньня асобы яго ўладальніка на тэрыторыі Польшчы.
Чаму гэта важна
Прапанаваныя зьмены важныя для беларусаў у Польшчы, якія ня могуць атрымаць або падоўжыць тэрмін дзеяньня нацыянальнага пашпарту і вымушаныя штогод зьвяртацца па новы польскі праязны дакумэнт.
Істотна, што вызначаецца тэрмін, падчас якога справу павінны разгледзець і вынесьці рашэньне аб наданьні дазволу на жыхарства.