Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, кампэнсаваць страту будуць у 2029–2032 гадах за кошт сродкаў, прадугледжаных у дзяржаўным бюджэце на гэтыя гады на «іншыя пытаньні ў галіне прамысловасьці, будаўніцтва і архітэктуры».
Згодна з крэдытнай дамовай ад 3 чэрвеня 2025 году, крэдыт вылучалі на аплату падрадных работ беларускага прадпрыемства «Будаўнічы трэст № 12», якое выконвае падрадныя работы ў Варонежы. Гранічны памер запазычанасьці — 3,375 мільярда расейскіх рублёў (прыблізна 41 мільён даляраў у эквіваленце. — РС). Галоўная умова кампэнсацыі стратаў — страхаваньне экспартных рызыкаў, адзначаецца ў пастанове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне сканфіскавалі тэхніку трох беларускіх дарожна-будаўнічых трэстаўШто вядома аб праекце
Беларускі падраднік атрымаў права будаваць стадыён у Варонежы бяз конкурсу, на падставе адпаведнага распараджэньня губэрнатара Варонескай вобласьці Аляксандра Гусева.
Узьвядзеньне стадыёну пачалося 21 ліпеня 2026 году.
Для рэалізацыі праекту ў Варонежы зарэгістравалі ТАА «СтройИнжиниринг», заснавальнікамі якога сталі магілёўскі «Будаўнічы трэст № 12» і створанае ў Менску пад гэты праект ЗАТ «ГК БелІнжынірынг». Будаўнікам у ТАА «СтройИнжиниринг» належыць доля 50,1%, а ЗАТ «ГК БелІнжынірынг» — 49,9%.
Як паведамляла расейскае выданьне «Коммерсантъ», праект на 80 адсоткаў фінансуе ўрад расейскага рэгіёну. Капітальны ўрадавы грант прадугледжвае прыблізна 15,9 мільярда расейскіх рублёў, а ТАА «СтройИнжиниринг» — прыблізна 4,2 мільярда рублёў, у тым ліку 3,375 мільярда рублёў — крэдытныя сродкі «Беларусбанку».
Стадыён плянуюць здаць 1 ліпеня 2029 году. Згодна з дамовай, ТАА «СтройИнжиниринг» будзе ажыцьцяўляць камэрцыйную і тэхнічную эксплюатацыю пасьля здачы аб’екту яшчэ 5 гадоў. Не выключаюць, што гэты інвэстар у выніку можа атрымаць да 22,5 мільярда расейскіх рублёў — амаль 300 мільёнаў даляраў у эквіваленце.