«Лукашэнка ведае, што задумвае Пуцін, і вельмі гэтага баіцца». Чалы пра пагрозу новай вайны

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Эканамічны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што Аляксандар Лукашэнка ведае пра магчымыя ваенныя пляны Ўладзіміра Пуціна і вельмі іх баіцца.

У інтэрвію праграме «Канапа» Радыё Свабода Чалы патлумачыў, чаму лічыць асабліва небясьпечным пэрыяд з траўня да верасьня 2027 году і як Лукашэнка спрабуе паўплываць на расейскага кіраўніка.

На думку Сяргея Чалага, апошнія паводзіны Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што той разумее небясьпеку сытуацыі, у якой апынуўся.

«Ён дэманструе дзьве рэчы. Гэта жывёльны страх перад набліжэньнем краху. А з другога боку, адначасова, як гэта заўсёды бывае, — моманты фаталізму. Вось гэтыя фразы пра тое, што я ж зрабіў усё, што мог. Дай Бог, ня будзе вайны ці яшчэ чаго-небудзь. Гэта спроба апраўдацца перад гісторыяй», — кажа Чалы.

Аналітык перакананы, што Лукашэнка ведае пра магчымыя намеры Пуціна і вельмі іх баіцца. Пры гэтым Чалы зьвяртае ўвагу на прыкметы сьпешнай вайсковай падрыхтоўкі ў Беларусі.

«Мой базавы прагноз — гэта вельмі вялікая рызыка. Калі імавернасьць нейкай пагрозы пачынае перавышаць умоўныя 30%, гэта азначае, што яе ўжо трэба разглядаць не як нешта, што, можа, абміне, а як працоўны варыянт, да якога трэба рыхтавацца. Таму што наступствы непадрыхтаванасьці вельмі дорага каштуюць. Зьвярні ўвагу, як шмат зьяўляецца пацьверджаньняў таго, што яны сьпяшаюцца. Лукашэнка двойчы езьдзіў на палігоны. Абодва разы ён расказваў пра дысцыпліну. Там ён казаў, што будуць кіркай дзяўбці мёрзлую зямлю, жыць у намётах, што яму трэба шэсьць умацаваных раёнаў. Трэба пасьпець, пакуль растане. Навошта? Ёсьць нейкі часавы гарызонт. Я б умоўна назваў яго: травень наступнага году — верасень наступнага году», — кажа Чалы.

Адной з найбольш небясьпечных для Беларусі акалічнасьцяў аналітык лічыць разьмяшчэньне расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік».

«У яго быў адзін з такіх момантаў, калі ён адначасова спалохаўся, запанікаваў і прадэманстраваў фаталізм. Калі ён зразумеў, што разьмяшчэньне „Арэшнікаў“ на беларускай тэрыторыі мае сэнс толькі як ядзерная зброя. Таму што сама па сабе яна недакладная. Але выпрабаваньне было, гэта цьвёрдапаліўная ракета, старая правераная тэхналёгія, яна лётае. Пуцін упэўнены, што яна лётае і трапляе прыблізна куды трэба. З пункту гледжаньня тэатру ваенных дзеяньняў гэта азначае, што гэтыя аб'екты на беларускай тэрыторыі будуць падаўляцца ў першую чаргу», — мяркуе аналітык.

Чалы таксама зьвяртае ўвагу на сцэнар вайсковых вучэньняў, які, паводле яго, прадугледжваў абарону па лініі Горадня — Скідзель — Слонім.

На пытаньне, ці ня можа гэта быць проста дэманстрацыяй для публікі, Чалы адказаў: «Занадта дорага для такой дэманстрацыі».

«Ён цяпер заклінальнік Пуціна»

Асобна Чалы патлумачыў, навошта Лукашэнка так часта сустракаецца з Пуціным і пра што яны могуць размаўляць гадзінамі.

«Ён цяпер заклінальнік Пуціна. Ведаеш, як бываюць заклінальнікі зьмей ці небясьпечных жывёлаў. Маўляў, спакойна, спакойна. Ён цяпер вось гэтым займаецца. А якія ў яго іншыя варыянты? Сэнс у тым, што ён кажа: „Ну вы ж трымаеце сваё слова, праўда? Вы ж ня будзеце гэтую нашу групоўку недзе выкарыстоўваць, праўда? Вы ж чалавек слова?“ У надзеі, што той яму хаця б кіўне ці нешта такое», — кажа Чалы.

Пры гэтым аналітык ня лічыць, што Лукашэнка мае магчымасьць заблякаваць рашэньні Масквы.

На пытаньне, ці будзе Пуцін раіцца зь ім, калі вырашыць выкарыстаць Беларусь у новым ваенным сцэнары, Чалы адказаў адмоўна.

«Не. А які ў Лукашэнкі тут выбар? Вось уяві сабе, ён скажа: „А я супраць“. А яму скажуць: „Ну, чувак, у гэтай сытуацыі ты здраднік саюзнай дзяржавы“».

Чалы лічыць, што Лукашэнка страціў магчымасьць самастойна супрацьстаяць Маскве пасьля падзей 2020–2021 гадоў.

«Я б сказаў, што арышт вагнэраўцаў у 2020 годзе быў апошнім эмпірычным фактам, калі ён яшчэ мог дэманстраваць нейкую сваю суб'ектнасьць у дачыненьні да расейцаў. Цяпер такое цалкам немагчыма. Прыблізна з 2020–2021 гадоў».

На думку Чалага, Лукашэнка разумее гэтую залежнасьць і спрабуе не дапусьціць разьвіцьця падзей, якія могуць паставіць пад пагрозу ягонае ўласнае становішча.

​
XS
SM
MD
LG