Пасьля Менску і Магілёва грамадзкі транспарт даражэе ў Берасьцейскай, Горадзенскай і Гомельскай вобласьцях

Гарадзкі аўтобус у Беларусі. Архіўнае фота

Не заявілі пра падаражэньне тарыфаў на грамадзкі транспарт Віцебская і Менская вобласьці.

Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, ад 25 лістапада праезд даражэе ў Горадзенскай, Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях.

Падаражэе ён усюды аднолькава — да 1,15 рубля. У Берасьцейскай, Горадзенскай, Гомельскай вобласьцях праезд дагэтуль каштаваў 1,05 рубля. Такім чынам, ён даражэе на 9,5%.

Учора было абвешчана аб падаражэньні праезду ў Менску і Магілёўскай вобласьці.

Як паведаміў Менскі гарвыканкам, білеты на праезд у грамадзкім транспарце ад 25 лістапада будуць каштаваць: на аўтобус, тралейбус, трамвай — 1,2 рубля, на мэтро — 1,25 рубля. Паездка ў гарады-спадарожнікі Менску і нацыянальны аэрапорт «Менск» будзе каштаваць 5 рублёў.

У Магілёўскай вобласьці таксама даражэе праезд у грамадзкім транспарце. Цана паездкі вырасьце з 1,05 да 1,15 рубля.

Чаму гэта важна

Гэта ўжо другое падаражэньне сёлета. 25 сакавіка праезд у грамадзкім транспарце ўжо падаражэў на 15 капеек.

Першае падаражэньне было на 16,5%. Агулам за год праезд на грамадзкім транспарце ў вобласьцях падаражэў з 90 капеек да 1,15 рубля, то бок амаль на 28%.

Такое значнае падаражэньне грамадзкага транспарту адаб’ецца на ўсіх выдатках і падштурхне інфляцыйныя працэсы.

Паводле прагнозаў ураду Беларусі, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.

Раней улады прызналі, што летась інфляцыя перавысіла заплянаваны ўрадам паказьнік 5 працэнтаў. Рэальная інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад 25 лістапада даражэе праезд у грамадзкім транспарце ў Менску і Магілёўскай вобласьці