У генэральнай пракуратуры прайшоў круглы стол наконт супрацьдзеяньня экстрэмізму. Сярод тэмаў быў перагляд рэгіянальнай геральдыкі, «каб не дапусьціць выкарыстаньня сфармаваных у 1990-я гады сымбаляў у экстрэмісцкай дзейнасьці».
Намесьнік дырэктара Навукова-практычнага цэнтру генпракуратуры Алег Русецкі заклікаў у сваім выступе да «рэвізіі рэгіянальнай сымболікі:
«Геральдычныя сымбалі — гэта ня проста атрыбутыка. Яны служаць выяўленьнем ідэяў і сэнсаў, непасрэдна ўзьдзейнічаюць на сьвядомасьць і паводзіны грамадзянаў. Іх выявы, сфармаваныя ў адрыве ад рэчаіснасьці і без уліку дзяржаўнай ідэалёгіі, могуць служыць прычынамі і ўмовамі экстрэмізму», — сказаў ён.
Сакратар Геральдычнай рады Алег Странькоўскі заявіў пра недапушчальнасьць выкарыстаньня афіцыйных сымбаляў у экстрэмісцкіх мэтах:
«Выкарыстаньне геральдычных сымбаляў павінна быць строга рэглямэнтаванае. Мы бачым спробы дыскрэдытацыі афіцыйных сымбаляў. І гэта патрабуе адэкватнага прававога рэагаваньня», — сказаў ён.
У 1990-я былі зацьверджаныя гербы Горадні (Алень сьвятога Губэрта), Берасьця і Пінску (Лук са стралой), Полацку (Карабель), Гомлі (Рысь). У 2000-я — Менску (Узьнясеньне Багародзіцы), Віцебску (Аблічча Хрыста і меч), Магілёва (Брама з рыцарам і «Пагоняй»).
Абласныя гербы зьявіліся таксама ў 2000-х. Герб Віцебскай вобласьці з «Пагоняй» быў зацьверджаны ажно ў 2009-м.
Якія з гэтых гербаў выклікалі незадавальненьне ідэолягаў, у паведамленьні на сайце пракуратуры не ўдакладняецца.