Эўрапейскі суд у правах чалавека 24 лістапада абвясьціў рашэньні ў трох справах аб прымусовым вяртаньні мігрантаў на мяжы ў Беларусь у 2021–2022 гадах, якія разглядала Вялікая палата суду.
Пазовы былі супраць Латвіі, Літвы і Польшчы. Суд разглядаў, ці адпавядаюць дзеяньні ўладаў гэтых дзяржаваў Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека.
Хто падаў пазовы
- Справу «A.R. і іншыя супраць Польшчы» ініцыявала група грамадзян Афганістану, якія сьцьвярджаюць, што з 8 жніўня па 23 кастрычніка 2021 году былі вымушаныя заставацца ў стыхійным лягеры на мяжы Беларусі і Польшчы. Урэшце яны вярнуліся ў Афганістан, дзе і жывуць цяпер.
- Справу «H.M.M. і іншыя супраць Латвіі» пачала група грамадзян Іраку курдзкага паходжаньня, якія, сярод іншага, сьцьвярджаюць, што пачынаючы з 11 жніўня 2021 году іх «выціскалі» ў раёне латвійска-беларускай мяжы ў Беларусь. Пасьля гэтага яны вярнуліся ў Ірак.
- Справу «C.O.C.G. і іншыя супраць Літвы» ініцыявалі чацьвёра грамадзян Кубы. Яны шмат разоў перасякалі літоўска-беларускую мяжу ў сакавіку і красавіку 2022 году, а калі 13 красавіка 2022 году яны ўехалі ў Літву, іх затрымалі. Пазьней яны атрымалі дазволы на пастаяннае жыхарства.
Суд увёў абмежаваньні на вяртаньне мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю
Эўрапейскі суд у правах чалавека пастанавіў, што эўрапейскія дзяржавы могуць вяртаць мігрантаў, якія перасякаюць мяжу з тэрыторыі Беларусі, не парушаючы Эўрапейскую канвэнцыю аб правах чалавека, але павінны прымаць меры для выяўленьня людзей, якія сутыкаюцца з асаблівай рызыкай сур’ёзнай шкоды.
Такім чынам дзяржавы могуць кантраляваць свае межы пры «інструмэнталізацыі» міграцыі, маюць права кантраляваць уезд, абмяжоўваць або закрываць свае межы, але павінны ідэнтыфікаваць людзей, якія знаходзяцца ў зоне асаблівай рызыкі.
У гэтым канкрэтным кантэксьце вяртаньне кагосьці ў Беларусь само па сабе ня будзе парушаць артыкул 3 Канвэнцыі, які забараняе катаваньні і бесчалавечнае або прыніжальнае абыходжаньне.
Але ўлады павінны вызначыць асобаў з асабліва ўразьлівых групаў, такіх, як дзеці або хворыя, а таксама тых, хто мае канкрэтныя падставы меркаваць, што вяртаньне пацягне за сабой простую пагрозу іхнаму жыцьцю або жорсткае абыходжаньне. Суд заявіў, што пры гэтым службоўцы не абавязаны ацэньваць, ці будуць людзі мець доступ да адэкватнай працэдуры атрыманьня прытулку ў Беларусі.
Розныя вынікі трох справаў
Польшча. Суд вызначыў парушэньне ў справе аднаго з афганскіх заяўнікаў, які быў вернуты ў Беларусь, нягледзячы на часовую меру, вынесеную судом. Суд таксама вызначыў парушэньне права на індывідуальную скаргу пасьля высылкі заяўніка і немагчымасьць адвакатаў атрымаць доступ да заяўнікаў.
Латвія. Суд вызначыў, што высылка дзяцей і суправаджэньне сямейнікаў у Беларусь былі парушэньнем, бо трэба было прызнаць і ацаніць ступень уразьлівасьці дзяцей. Суд ня выявіў парушэньняў у дачыненьні да дарослых заяўнікаў, якія не паказалі, што яны належаць да якой-небудзь з катэгорыяў рызыкі. Асобна суд адзначыў неналежныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай.
Літва. Суд ня выявіў парушэньняў у вяртаньні заяўнікаў у Беларусь. Але пастанавіў, што іх трыманьне пад вартай на працягу шасьці месяцаў парушае права на свабоду і бясьпеку. Заяўнікам не паведамілі своечасова прычынаў іх трыманьня пад вартай і не забясьпечылі эфэктыўнага спосабу яго абскарджаньня.
Рашэньні суду прадугледжваюць грашовую кампэнсацыю заяўнікам. Польшча павінна выплаціць заяўнікам у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды агулам 25 тысяч эўра, Латвія — 97,5 тысячы эўра, Літва — 60 тысяч эўра.
Дадатковыя высновы суду
Суд заявіў, што мінімальныя захады абароны, вызначаныя ў яго папярэдняй судовай практыцы, надалей маюць ужывацца, нават калі дзяржава рэагуе на міграцыю, накіраваную празь яе межы наўмысна.
У рашэньні разьмяжоўваюцца памежны кантроль і індывідуальныя гарантыі: дзяржавы могуць рэагаваць на міграцыйны ціск, але ўсё роўна павінны ідэнтыфікаваць і абараняць людзей, чый узрост, абставіны або канкрэтныя доказы ставяць іх пад асаблівую пагрозу.