Аналітычны пералік ацэньвае, як краіны абараняюць людзей ад забруджваньня, захоўваюць прыроду і скарачаюць выкіды, што ўплываюць на клімат, у сёлетняй вэрсіі рэйтынгу разьбіраўся «Белсат».
Індэкс экалягічнай эфэктыўнасьці Environmental Performance Index (EPI) складаюць дасьледнікі Ейльскага і Калюмбійскага ўнівэрсытэтаў. Ён выходзіць раз на два гады. У выпуску 2026 году ацанілі 177 краінаў паводле 47 паказьнікаў: ад шкоды здароўю праз забруджваньне паветра да захаваньня лясоў і скарачэньня парніковых выкідаў.
Дасьледнікі выкарыстоўваюць спадарожнікавыя назіраньні, вымярэньні, дзяржаўную статыстыку, атрыманую празь міжнародныя арганізацыі, і навуковыя разьлікі. Кожны паказьнік пераводзяць у шкалу ад 0 да 100: чым больш балаў, тым лепшы вынік. Ацэнкі аб’ядноўваюць з рознай вагою: захаваньне экасыстэмаў складае 45% агульнага бала, зьмякчэньне зьменаў клімату — 30%, абарона здароўя ад экалягічных рызыкаў — 25%.
У першай пяцёрцы рэйтынгу Эстонія, Люксэмбург, Вялікая Брытанія, Фінляндыя і Нідэрлянды. Замыкаюць рэйтынг Віетнам, Малі, Бангладэш, Індыя і Лаос.
Эўрапейскія краіны займаюць 19 зь першых 20 месцаў, да іх далучылася толькі Японія.
Што зьмянілася ў Беларусі за дзесяць гадоў
Паводле паказьніку нізкай рызыкі зьнікненьня відаў Беларусь атрымала 100 балаў і заняла першае месца ў сьвеце. За ёй ідуць Літва — 97,41 бала, Швэцыя — 96,90 і Таджыкістан — 95,97. За дзесяць гадоў беларуская ацэнка вырасла на 5,40 бала.
Тут ацэньваецца, наколькі жывёлам і расьлінам, ахопленым дасьледаваньнем, пагражае поўнае зьнікненьне. Першае месца тут не азначае лідэрства ў захаваньні прыроды агулам, а толькі біяразнастайнасьць. У шырэйшай катэгорыі «Біяразнастайнасьць і месцы пражываньня відаў» Беларусь апынулася толькі 99-й. У тым паказьніку дадаткова ўлічваюць стан і ахову прыродных тэрыторыяў ды іншае.
Апошнія навіны з заалягічнай галіны паказваюць, што ў Беларусі таксам зьнікаюць цэлыя віды. Праўда, некаторыя іншыя — аднаўляюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» знайшлі гнёзды чырвонакніжнай птушкі, паўстане новая ахоўная зонаАдну з найвышэйшых ацэнак Беларусь атрымала за абыходжаньне з адкідамі — 99,99 бала. Дасьледнікі ўлічваюць долю адходаў, якія зьбіраюць і апрацоўваюць з улікам экалягічных рызыкаў. Вядзецца й пра захаваньне сьмецьця на палігонах, абы працэс быў зарганізаваны паводле правілаў.
Адразу 25 краінаў атрымалі паводле гэтага паказьніку максымальны бал, Беларусь падзяліла месца ў рэйтынгу зь Літвою.
Нізкія месцы ў сельскай гаспадарцы
Адзін з найгоршых вынікаў для Беларусі — шкода для прыроды ад сельскай гаспадаркі (152-е месца).
Катэгорыя аб’ядноўвае чатыры паказьнікі. У кіраваньні азотам пры вырошчваньні прадукцыі 143-е месца, лішку фосфару на палях пасьля ўгнойваньня глебы — 135-е, рызыцы забруджваньня пэстыцыдамі — 53-е і суадносінах сапраўднай ураджайнасьці з патэнцыйна магчымай — 62-е.
Агульная ацэнка ў гэтай катэгорыі ў Беларусі палепшылася на 4,03 бала, асабліва паводле фосфару. Але нават пры станоўчай дынаміцы краіна застаецца ў ніжняй частцы сьпісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дыктатура супраць балотаў. Як улады Беларусі шкодзяць лёгкім ЭўропыСьвінцовая пагроза
Паводле «шкоды здароўю ад сьвінцу» Беларусь заняла толькі 171-е месца з 177 — сярод сямі найгоршых вынікаў на плянэце. Дасьледнікі карысталіся разьлікамі Global Burden of Disease: колькі гадоў здаровага жыцьця насельніцтва губляе праз захворваньні і заўчасныя сьмерці, зьвязаныя з узьдзеяньнем гэтага рэчыва на арганізм. Паказьнік разьлічаны на 100 тысяч чалавек з папраўкаю на ўзрост.
За дзесяць гадоў ацэнка Беларусі палепшылася на 6,31 бала, але засталася вельмі нізкаю. Горшыя вынікі маюць Гаіці, Салямонавы Выспы, Таджыкістан, Афганістан, Судан і Эгіпэт.
А як суседзі?
Сярод краінаў-суседак Беларусь апярэджваюць Польшча, якая на 21-м месцы, Літва (на 30-м), Латвія (на 31-м), Украіна (на 40-м). І толькі Расея ніжэй — на 89-м.
Пры гэтым дзесяцігадовае паляпшэньне паводле балаў у краіны даволі значнае, другое ў гэтай групе пасьля Літвы.