Генэральны сакратар NATO пра асобнае войска ЭЗ: «пакуль мы будзем дамаўляцца, Пуцін, праўдападобна, будзе ўжо ў Ротэрдаме»

Марк Рутэ

Марк Рутэ засьцерагае эўрапейскія краіны ад недаацэнкі магчымай расейскай атакі. На ягоную думку, стварэньне асобнай эўрапейскай арміі ў дадатак да нацыянальных армій і NATO будзе толькі перашкодай.

Марк Рутэ папярэдзіў, што стварэньне такога войска адно запаволіць рэакцыю на магчымую расейскую атаку. Ён дадаў, зьвяртаючыся да паўднёвых краін, што «мы ўсе знаходзімся на ўсходнім флянгу», бо расейскія ракеты могуць дасягнуць Лісабону ўсяго на пяць хвілін пазьней, чым Варшавы.

Ён заявіў пра гэта 23 лістапада ў Бэрліне на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі NATO, паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Рутэ не пагадзіўся з тым, што ён прынцыпова супраць ідэі стварыць асобную эўрапейскую армію, але растлумачыў, што гэта можа запаволіць здольнасьць прымаць рашэньні.

«Усе дзяржавы маюць свае ўласныя войскі, якія ўдзельнічаюць у NATO, і акрамя таго, ствараецца яшчэ адна вялікая эўрапейская структура. Калі Пуцін нападзе, нам спачатку спатрэбяцца два-тры тыдні, каб дамовіцца, хто што будзе рабіць. А да таго часу, як мы дасягнем пагадненьня, ён, падобна, будзе ўжо ў Ротэрдаме», — сказаў Рутэ.

Паводле генэральнага сакратара, у NATO ўжо ёсць супольная сыстэма камандаваньня і кіраваньня, якая дазваляе розным арміям дзейнічаць як адно цэлае ў выпадку нападу паводле Артыкулу 5.

Адносна ўмацаваньня ўсходняга флянгу Рутэ сказаў, што расейскія ракеты цяпер здольныя далятаць так далёка, што падзел хаўрусьнікаў на краіны ўсходняга флянгу і астатнюю частку Эўропы губляе сэнс.

«Дазвольце мне яшчэ раз сказаць усім, хто тут не з „усходняга флянгу“: у мяне ёсьць навіны для вас. Вы таксама на ўсходнім флянгу. Гэтым новым расейскім ракетам патрабуецца ўсяго на пяць хвілін больш часу, каб даляцець да Лісабону, Рыму ці Гаагі, майго роднага гораду, чым да Таліну, Варшавы ці Хэльсінак», — сказаў Рутэ.

Што гэта значыць

Словы Марка Рутэ яскрава паказваюць на тое, што ў NATO спрабуюць змабілізаваць усе краіны на супольную падрыхтоўку да выкліку, які можа кінуць кантынэнту кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін.

20 лістапада на сустрэчы «кааліцыі ахвочых» эўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Нямеччына і Францыя пагадзіліся далей падтрымліваць Украіну ў змаганьні за незалежнасьць. Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ павітаў тое, што падчас нядаўніх перамоваў у Абу-Дабі ЗША і Ўкраіна дамовіліся аб «далучэньні Эўропы» да перамоўнага працэсу, у якім дагэтуль удзельнічалі пераважна Злучаныя Штаты, Расея і Ўкраіна.

Расейская агрэсія і далейшыя пляны Масквы дэстабілізаваць Эўропу пастаянна фігуруюць у заявах Рутэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нямецкая выведка паведаміла, што Расея рыхтуецца запусьціць у космас «ядзерны» спадарожнік