Дзяржаўная ўстанова «Белпошта» ўключыла Італію, Фінляндыю і Ўкраіну ў сьпіс дзяржаў, куды цяпер нельга паслаць ніякія адпраўленьні — ні карэспандэнцыі, ні пасылкі.
Прычынаў арганізацыя не тлумачыць.
Акрамя таго, Infotrans заўважыў, што зьмены закранулі яшчэ дзьве краіны, Латвію і Францыю. Туды спынілася адпраўка карэспандэнцыі і пасылак па адпраўленьнях EMS (паскораная пошта).
Што гэта значыць
Новыя зьмены азначаюць, што Беларусь яшчэ і ў паштовай сфэры робіцца ўсё больш адрэзанай ад астатняга сьвету.
З 1 лістапада «Белпошта» прыпыніла прыём ад юрыдычных асоб пасылак, адрасаваных у краіны Эўрапейскага зьвязу. А ў канцы кастрычніка спыніліся пасылкі і іншыя адпраўленьні ў ЗША. Пры тым, што за чатыры месяцы да таго працу зь імі толькі аднавілі. Гэта адбылося нягледзячы на апошнія дачыненьні ўладаў Беларусі і ЗША, доўгія перамовы.
Пры гэтым «Белпошта» не паведаміла ні пра магчымую дату аднаўленьня прыёму адпраўленьняў у ЗША, ні пра патэнцыйныя шляхі разьвязаньня праблемы.
Яшчэ раней пра спыненьне паштовай супрацы зь Беларусі заявіла Чэхія.