Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белпошта» спыніла адпраўку пасылак у Злучаныя Штаты

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Працу службы адпраўкі аднавілі чатыры месяцы таму, але цяпер праца зноў спынілася.

З 22 кастрычніка «Белпошта» ня будзе прымаць пасылак і іншых адпраўленьняў зь Беларусі ў ЗША. Пра гэта дзяржаўная ўстанова паведаміла на сваіх старонках у сеціве.

«РУП „Белпошта“ інфармуе аб прыпыненьні з 22 кастрычніка 2026 году прыёму ўсіх відаў міжнародных паштовых адпраўленьняў з таварным укладаньнем (адпраўленьня міжнароднай паскоранай пошты EMS, пасылкі, пісьмовая карэспандэнцыя) прызначэньнем у ЗША», — гаворыцца ў тэксьце.

Прычына — спыненьне працы праграмы Zonos Prepay у Беларусі. Паводле інфармацыі міжнароднай кампаніі Zonos, з 22 кастрычніка служба стане недаступнай для стварэньня мытных дэклярацый і выплаты мытных плацяжоў.

Пры гэтым «Белпошта» не паведамляе ні пра магчымую дату аднаўленьня прыёму адпраўленьняў у ЗША, ні пра патэнцыйныя шляхі разьвязаньня праблемы.

1 ліпеня беларуская пошта аднавіла прыём пасылак з таварамі ў ЗША. Пры гэтым усе таварныя ўкладаньні незалежна ад кошту абклалі мытамі. Для афармленьня трэба было скарыстацца праграмай Zonos Prepay, пазначыць зьвесткі аб тавары і атрымаць QR-код, які грамадзяне паказвалі ў паштовым аддзяленьні разам з пасылкай.

Чаму гэта важна?

Пасьля некалькіх хваляў эміграцыі нямала беларусаў маюць сваякоў і сяброў у Злучаных Штатах. Адпаведна, яны абменьваюцца пасылкамі. Ускладненьні ў адпраўленьнях на дзяржаўнай пошце могуць паўплываць на хуткасьць перасылкі паміж рознымі сямейнікамі і блізкімі.

Пры гэтым варта падкрэсьліць, што цяжкасьці зьявіліся не праз санкцыі, як, напрыклад, з Чэхіяй, якая абмяжоўвала прац зь Беларусьсю. Прычынаю сталі тэхнічныя цяжкасьці.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG