«Мой сябар». Трамп апублікаваў фота з Пуціным і параўнаў іх сустрэчу з сустрэчай Сталіна, Рузвэльта і Чэрчыля

Дональд Трапм, Сі Цзіньпінь, Уладзімер Пуцін.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў у сацыяльнай сетцы Truth Social сэрыю фатаздымкаў, прысьвечаных нядаўняму саміту ў кітайскім горадзе Шэньчжэні. На адным зь іх выяўленае поціск рук Трампа і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Подпіс пад фота гучыць: «Мой сябар».

Сярод іншага апублікаваныя таксама фота Трампа са старшынём КНР Сі Цзіньпінам з подпісам «сябры» і з трохбаковай сустрэчы лідэраў Расеі, Кітаю і ЗША — разам з фота Тэгеранскай канфэрэнцыі кіраўнікоў СССР, Брытаніі і ЗША ў 1943 годзе. Подпіс гучыць: «Вялікія дзяржавы — 1945, 2026».

У 1945 годзе адбылася Ялцінская канфэрэнцыя з тым самым складам удзельнікаў (Сталін, Рузвэльт, Чэрчыль) — менавіта зь ёй некаторыя камэнтатары параўноўвалі саміт у Шэньчжэні, галоўным чынам у нэгатыўным кантэксьце (паводле распаўсюджанага меркаваньня, у Ялце дзяржавы-пераможцы дамовіліся аб сфэрах уплыву). У каляжы Трампа, аднак, выкарыстанае фота менавіта з Тэгерану.

Пра Пуціна як пра свайго «сябра» Трамп заявіў перад пачаткам двухбаковай сустрэчы з расейскім лідэрам. Адказваючы на пытаньне, ці можна лічыць Пуціна сябрам Амэрыкі, Трамп сказаў, што ня можа гаварыць за Амэрыку, але асабіста ў яго склаліся вельмі добрыя адносіны з расейскім прэзыдэнтам. Гэтыя заявы выклікалі крытыку, хоць і не наўпроставую, з боку шэрагу эўрапейскіх палітыкаў. Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск напісаў: «Божа, барані нас ад такіх сяброў», а прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначыў, што Трамп можа лічыць Пуціна кім заўгодна, але ва Ўкраіне Пуціна ўсё роўна лічаць «забойцам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сустрэча Трампа, Сі і Пуціна ўвайшла ў гісторыю, але без прарываў: 4 высновы аб выніках трохбаковага саміту

Лідэры КНР, ЗША і Расеі сустрэліся ў трохбаковым фармаце ўпершыню ў гісторыі. Паводле вынікаў сустрэчы была прынятая дэклярацыя з чатырох пунктаў, якая ўключае заяву аб недапушчэньні ядзернай вайны і крытыку Міжнароднага крымінальнага суду. Украіна ў дакумэнце не згадваецца. Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб заявіў, што пункт пра Ўкраіну быў у праекце, але яго прыбралі на патрабаваньне ЗША, што, паводле ягоных словаў, было правільна.

Адказваючы на пытаньне пра параўнаньне сустрэчы зь Ялцінскай канфэрэнцыяй, Пуцін сказаў, што ў Ялце не было нічога дрэннага, паколькі там зафіксавалі перамогу над нацызмам. Трамп сказаў, што «Ялцінская сустрэча была вельмі важнай», але ён асабіста ня думаў пра параўнаньне цяперашняга саміту зь Ялтай: «Я ня думаў пра гэта. Я проста паехаў, сказаўшы сабе, што выдатна ладжу з гэтымі двума людзьмі» (Пуціным і Сі Цзіньпінам).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сустрэча Трампа, Сі і Пуціна ў Кітаі доўжылася каля 1,5 гадзіны, яны ўхвалілі заяву. ФОТА