Зьвязаныя з ФСБ хакеры пачалі новую атаку на эўрапейскіх журналістаў і палітыкаў

Ілюстрацыйны здымак

Эўрапейскія журналісты і палітыкі сталі мішэнямі новай хвалі кібэратакаў, за якімі, імаверна, стаіць расейская ФСБ.

Сярод тых, каго спрабавалі ўзламаць, — вядомы журналіст-расьсьледавальнік Хрыста Грозеў, адзін з аўтараў «Панамскага архіву» Бастыян Обэрмаер і супрацоўнікі францускай газэты Le Monde.

Пра гэта паведамляе «Настоящее время» са спасылкай на Le Monde.

17 лістапада трое журналістаў Le Monde атрымалі ў мэсэнджары Signal запрашэньні на відэаканфэрэнцыю, прысьвечаную вайне Расеі супраць Украіны. Паведамленьні нібыта прыходзілі ад знаёмых людзей, аднак спасылкі вялі на падробленыя старонкі, створаныя для крадзяжу зьвестак аўтарызацыі і атрыманьня доступу да перапіскі.

18 лістапада пра аналягічную спробу ўзлому паведаміў Хрыста Грозеў. Ён атрымаў запрашэньне нібыта ад нямецкага калегі, зь якім не кантактаваў некалькі гадоў. Журналіст заўважыў у ангельскім тэксьце выразы, падобныя да даслоўнага перакладу з расейскай мовы. Праверка паказала, што спасылка вядзе на фальшывую старонку Google Meet, а затым — на падробленую форму ўваходу ў Telegram.

Падобнае паведамленьне атрымаў і нямецкі журналіст Бастыян Обэрмаер. 19 лістапада пра спробу ўзлому заявіў таксама дэпутат парлямэнту Францыі Эрык Баторэль.

Паводле Le Monde, кампанія пачалася як мінімум у сярэдзіне кастрычніка. Яе мішэнямі сталі журналісты, палітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, зьвязаныя з падтрымкай Украіны. Зламысьнікам ужо ўдалося атрымаць доступ да акаўнту кіраўніка адной з кампаній у сфэры кібэрбясьпекі.

Аналітык Google Джон Халтквіст мяркуе, што за атакамі стаіць групоўка UNC5792, вядомая таксама як Frontier Blizzard і Sentry Bear. Амэрыканскія ўлады зьвязваюць яе з памежнай службай ФСБ Расеі.

ЗША прапануюць узнагароду да 10 мільёнаў даляраў за інфармацыю пра гэтую хакерскую групоўку.

Асноўнымі мішэнямі групоўкі лічацца дзяржаўныя чыноўнікі, вайскоўцы і журналісты, якія маюць дачыненьне да Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларуса, якога ў Вільні асудзілі за напад на амбасаду Беларусі, суд Менску адправіў на прымусовае лячэньне