Як вынікае з інфармацыі, апублікаванай праваабарончым цэнтрам «Вясна», Мацьвея Бяляя затрымалі 10 сакавіка 2025 году па вяртаньні ў Беларусь.
Яму выставілі абвінавачаньні паводле артыкулу 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), артыкулу 341 (апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці) і артыкулу 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, суд накіраваў Мацьвея Бяляя на прымусовае лячэньне. Але ім невядома, у якую мэдычную ўстанову яго зьмясьцілі.
Мацьвей Бяляй — адзін з 139 палітычных зьняволеных у Беларусі, месца знаходжаньне якіх пасьля судоў праваабаронцы ня могуць высьветліць. Паводле «Вясны», супраць палітвязьняў нярэдка заводзяць новыя крымінальныя справы і павялічваюць ім тэрміны. Аднак праз тое, што рэжым Лукашэнкі працягвае хаваць факты рэпрэсій і ізаляваць палітвязьняў, інфармацыя пра новыя справы і іх вынікі не заўсёды становіцца вядомай.
Што папярэднічала
У студзені Віленскі гарадзкі акруговы суд прызнаў вінаватым грамадзяніна Беларусі Мацьвея Бяляя ў нападзе на амбасаду Беларусі 20 красавіка 2023 году і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на 11 месяцаў з накіраваньнем на папраўчыя работы ва ўстановах аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўваньня або ў недзяржаўных арганізацыях, якія апякуюцца старымі людзьмі або інвалідамі.
Пакуль гэтую справу Мацьвея Бяляя разглядаў суд першай інстанцыі, Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы ўхваліў рашэньне аб пазбаўленьні яго прытулку і дэпартацыі. Пасьля гэтага беларус уцёк зь Літвы і пэўны час знаходзіўся ў Польшчы, адкуль пераехаў у Швайцарыю. Літва тады абвясьціла яго ў міжнародны вышук.
У кастрычніку 2024 году Віленскі акруговы суд скасаваў вынесены ў пачатку году вырак і прысудзіў яму 8 месяцаў і 15 дзён пазбаўленьня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у спробе зьнішчэньня чужой маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў спробе ўцёкаў.
У часе знаходжаньня ў Швайцарыі, дзе яго затрымлівалі за парушэньне міграцыйных правілаў, але потым выпусьцілі, Мацьвей Бяляй пасьпеў даць інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «Мінская праўда», у якім расказаў, што хоча вярнуцца ў Беларусь і нібыта гатовы перадаць інфармацыю пра беларускую дыяспару і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у эміграцыі.
Перад гэтым ён спрабаваў абскардзіць дзеяньні Літвы аб пазбаўленьні яго прытулку і аб дэпартацыі ў Эўрапейскім судзе ў правах чалавека.
У 2023 годзе Мацьвей Бяляй заяўляў, што супраць яго нібыта завялі справу аб экстрэмізьме, у межах якой праводзілі вобшукі ў сваякоў, сяброў і колішняй жонкі.
У 2021 годзе яго затрымлівалі і зьмяшчалі ў жодзінскі ізалятар за тое, што спрабаваў усталяваць на дзьвярах будынку ўраду ў Менску бел-чырвона-белы сьцяг і разьбіў там шкло малатком. Праз паўгоду ён выйшаў з ізалятара і ўцёк — спачатку ў Маскву, там атрымаў гуманітарную візу ў Польшчу. Ён шукаў дапамогі, каб трапіць ва Ўкраіну, але ў выніку вымушаны быў незаконна перабірацца празь Дзісну ў Літву.
У 2020 годзе Мацьвей Бяляй працаваў каардынатарам у штабе кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня. Бяляя ў жніўні 2020 году затрымлівалі ў Віцебску. У 2010 годзе працаваў каардынатарам і зьбіраў подпісы за кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ўдзельнічаў у падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
Форум