Пасьля інтэрвію Соф’і Сапегі «Люстэрку» зь ёй звязаўся чалавек, які выдаваў сябе за журналіста з рэдакцыі «Новая газета Европа» Ілью Азара, і прапанаваў платны відэапраект.
Усё на першы погляд выглядала праўдападобна. У Вільні сабралі сапраўдную здымачную каманду, цэлы дзень здымалі размову, відэа, рабілі фатаграфіі. Сапега паверыла, што гэта журналісцкі праект, піша Наша ніва.
Але пазьней стала зьяўляцца сумневы, і тады Сапега праверыла інфармацыю ў рэдакцыі. Там заявілі, што ня ведаюць нічога пра гэты праект. Сапраўдны Ільля Азар выйшаў на сувязь і таксама пацьвердзіў, што ня мае да яго дачыненьня.
А зьнятыя матэрыялы апынуліся ў перадачы Рамана Пратасевіча на прапагандысцкім канале СТВ. Там паказалі відэа, фрагмэнты аўдыё і перапіску. Частка каманды, якая рабіла здымкі ў Вільні, ня ведала, хто стаіць за заказам і дзеля чаго выкарыстоўваюцца запісы.
Каманда адмовілася перадаваць заказчыку ўвесь адзьняты матэрыял. Але, як вынікае з выпуску СТБ, нейкія відэа, аўдыязапісы і фрагмэнты перапіскі ўсё ж трапілі да Пратасевіча.
Сапега адмаўляе, што атрымала 1800 эўра за нейкую «выведную інфармацыю». Гэта быў абяцаны ганарар за тры выпускі інтэрвію. Яна атрымала толькі 302 эўра авансу.
Былая палітзьняволеная сьцьвярджае, што ейныя словы змантавалі для перадачы такім чынам, каб выставіць яе ў нявыгадным сьвятле. У этэры выкарысталі ейныя развагі пра звады ў беларускіх дэмакратычных колах, асабістыя праблемы, дэпрэсію і адносіны.
Сапега лічыць гэта помстай Пратасевіча, свайго былога хлопца, якога арыштоўвалі разам зь ёй пасьля прымусовай пасадкі самалёта Атэны — Вільня ў Беларусі. Яна абураная тым, што прапагандысты на чале з Пратасевічам, на яе думку, ліюць бруд на ўсю сям’ю, а ня толькі на яе. Незалежна ад складаных пэрыядаў жыцьця менавіта сям’я заставалася для яе галоўнай апорай.
Сапега плянуе перадаць сабраныя зьвесткі адвакату і літоўскім службам, бо падазрае, што за правакацыяй стаяць людзі, якія знаходзяцца ў Літве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Соф’я Сапега расказала пра спробу суіцыду пад хатнім арыштам і як б’юць жанчын у калёнііШто гэта значыць
Пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair супраць Рэспублікі Беларусь увялі міжнародныя санкцыі. Сапегу і Пратасевіча арыштавалі.
Соф’ю Сапегу ў 2022 годзе асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. Празь некалькі дзён пасьля вынясеньня выраку Раман Пратасевіч заявіў, што іх больш нічога ня зьвязвае. 7 чэрвеня 2023 году Соф’ю Сапегу памілавалі. Увесь гэты час яна ўнікала публічнасьці. Жыла ў Літве.
Пратасевіч тым часам стаў адным з галоўных прапагандыстаў, якія хваляць палітыку Лукашэнкі і абражаюць ягоных праціўнікаў.
Чарговы прапагандысцкі этэр Пратасевіча сьведчыць пра тое, што дзяржаўныя каналы працягваюць актыўна карыстацца даверлівасьцю асобных людзей, наймаюць за мяжою людзей для здымак і выстаўляюць разважаньні некаторых праціўнікаў Лукашэнкі такім спосабам, каб яшчэ больш крытыкаваць апазыцыю і ўслаўляць улады.