Выданьне «Люстэрка» апублікавала другую частку інтэрвію грамадзянкі Расеі, колішняй палітзьняволенай Соф’і Сапегі. Яе затрымалі разам з Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 году пасьля прымусовай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair і асудзілі на 6 гадоў калёніі за публікацыю пэрсанальнай інфармацыі аб сілавіках у Telegram-канале «ЧКБ» (Чорная кніга Беларусі).
Пра спробу суіцыду
Соф’я Сапега паведаміла, што падчас хатняга арышту, адбываць які яе разам з Раманам Пратасевічам перавялі ў кватэру ягоных бацькоў, яна рабіла спробу суіцыду.
Гэта адбылося пасьля таго, як яна пабачыла ў тэлефоне перапіску Пратасевіча зь ягонай былой жонкай.
У адзін дзень яна прачнулася і захацела паглядзець Instagram. «Узяла яго тэлефон (у нас быў адзін на дваіх) — там была адкрытая ягоная старонка, я пабачыла іх перапіску з колішняй жонкай. Чытаю, як яна адказвае на ягоныя паведамленьні, адпраўляе яму фота бялізны, сябе, свайго цела, і ў галаве круціцца: „Якога чорта ты вытвараеш? Куды мне цяпер падзецца? Што мне рабіць? Як ты можаш так мне здраджваць?“. У звычайным жыцьці я проста сабрала б рэчы і пайшла. Бяз доўгіх тлумачэньняў і спробаў нешта высьветліць. Але тут я ў закладніках. У мяне не было магчымасьці грукнуць дзьвярыма і апынуцца па іншы бок гэтай гісторыі», — згадала яна.
Соф’я дадала, што ў той дзень яна адчула моцнае псыхалягічнае напружаньне, а пагаварыць з маці ці з псыхолягам не было магчымасьці. «Я не стрымалася і шмат выпіла, моўчкі, адна, з каменным тварам. Выпіла, напэўна, можа, каля дзьвюх бутэлек віна. Я не хацела больш нічога. Мне здрадзіў чалавек, які мусіў быць партнэрам, мы павінны былі падтрымліваць адно аднаго», — сказала яна.
Ёй дазвалялі з суправаджэньнем на гадзіну выходзіць на вуліцу і купляць прадукты ў краме. «Нам тады яшчэ дазвалялі піць алькаголь, і мы пэрыядычна выкарыстоўвалі яго як спосаб ненадоўга ўцячы ад рэальнасьці. Алькаголь здаваўся нам адзіным даступным спосабам неяк справіцца з тым, што адбываецца», — патлумачыла Соф’я.
Паводле яе, у нейкі момант на кухню, дзе яна была, зайшоў Раман, але ня змог нічога адказаць на яе пытаньне, як ён мог так сябе паводзіць.
«Далей адбылася найбольшая дзікасьць, якую я ніколі не рабіла дагэтуль. Было адчыненае вакно, а гэта шосты паверх. Я агулам баюся вышыні. Моцна. Але тады было ўжо настолькі напляваць, што нічога ня мела значэньня. Я села на падваконьне, ногі зьвесіла вонкі і была гатовая скочыць. Ня ведаю, напэўна, можна падзякаваць людзям, якія праходзілі міма. Яны ішлі па дыяганалі ў іншы двор — маці, бацька і дзіця. І я разумею, што не хачу, каб яны гэта бачылі, каб дзіця глядзела, як я падаю. Таму чакала, пакуль яны пройдуць. А яны так вельмі павольна ішлі, зусім павольна. І ў той момант мяне сьцягваюць з вакна», — расказала Соф’я.
Дзяўчына дадала, што яе здымаў з падваконьня спачатку Раман, а потым яму дапамаглі сілавікі, якія прыбеглі на ягоны крык.
Якія ўмовы былі ў калёніі
Соф’я Сапега адбывала пакараньне ў гомельскай калёніі. Яна была ў дзявятым атрадзе, які там лічыўся «найбольш непрыемным, прэс-атрадам». «Дзяўчаты мачылі адна адну, катавалі практычна. Аднойчы ў наш атрад трапіла дзяўчына з жоўтай біркай (так пазначалі асуджаных, „схільных да экстрэмізму“. — РС). Яна адкрыта ішла супраць сыстэмы: адмаўлялася працаваць і ў прынцыпе не хацела ні падпарадкоўвацца, ні прымаць вызначаныя правілы», — згадвае яна.
«Усё скончылася тым, што аднойчы яна пры ўсіх, у тым ліку пры тых, хто супрацоўнічаў з адміністрацыяй, назвала нашага апэратыўнага супрацоўніка, тады гэта быў Аляксандар Кузьняцоў, спадзяюся, што яму там нялёгка, — даўб..бам і дэбілам нікчэмным. Нехта з жанчын перадаў яму гэтыя словы. У той жа вечар дзяўчыну вывелі ў капцёрку (склад для рэчаў і прадуктаў ад сваякоў) і пабілі. Я дагэтуль памятаю яе крыкі», — сказала дзяўчына.
Чым займаецца
Соф’я Сапега сказала, што ня мае магчымасьці пацьвердзіць у Літве свой дыплём аб юрыдычнай адукацыі і таму вымушана працаваць не паводле спэцыяльнасьці. У яе плянах — пайсьці вучыцца на дызайнэра інтэр’ераў.
«Вялікіх грошай я пакуль не зарабляю, і асноўную частку нашых выдаткаў пакрывае мой мужчына. Але пры гэтым на свае „хацелкі“ мне хапае, і гэта ўжо добра. Мне важна мець уласную працу і свае грошы. Так-так, я цяпер у дачыненьнях. Малады чалавек у мяне цудоўны: разумее мяне, нават калі я маўчу і нічога не тлумачу, а яшчэ цудоўна гатуе. Так што я ўжо набрала пяць-сем кіляграмаў», — расказала колішняя палітзьняволеная.
Форум