Беларускія карткі сыстэмаў Visa і Mastercard пачалі блякаваць пры апэрацыях у Польшчы

Ілюстрацыйнае фота

Трымальнікі картак беларускіх банкаў сутыкнуліся з масавымі блякаваньнямі.

Блякаваньні зьвязаныя з апэрацыямі ў Польшчы, піша Office Life. Пра раптоўныя абмежаваньні паведамляюць як карыстальнікі ў сацыяльных сетках, так і крыніцы выданьня ў банкаўскім сэктары Беларусі.

Уладальнікі картак адзначаюць, што банкі блякуюць рахункі без папярэджаньня і прапануюць іх перавыпуск, спасылаючыся на апавяшчэньні ад плацёжных сыстэмаў пра магчымую кампрамэтацыю даных. З інфармацыі прасочваецца й сувязь з Польшчай: людзі раней аплачвалі заблякаванымі карткамі паслугі польскага мабільнага апэратара Orange, рабілі пакупкі на тэрыторыі Польшчы або разьлічваліся за нейкія паслугі празь сеціва.

Падобна, што прычынай стала кібэратака на службу аплаты Autopay, якая нядаўна адбылася ў Польшчы. Кампанія прызнала праблему: 11 лістапада быў зафіксаваны несанкцыянаваны доступ да інфраструктуры службы і даных аб апэрацыях.

Пад пагрозай маглі апынуцца рэквізіты картак, нумары тэлефонаў, адрасы электроннай пошты і IP-адрасы. Хоць пацьверджаньняў капіяваньня даных пакуль няма, Autopay апавясьціў рэгулятараў і паліцыю, а некаторыя польскія банкі пачалі загадзя блякаваць карткі кліентаў.

Нападаў зазналі й самі міжнародныя плацёжныя сыстэмы. Як піша The Wall Street Journal, зламысьнікі з дапамогай праграмаў-вымагальнікаў выкралі зьвесткі тысяч кліентаў Visa і Mastercard, узламаўшы іншых пастаўнікоў паслуг.

У Visa ўдакладнілі, што напад закрануў партнэра ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне бяз доступу да зьвестак карыстальнікаў, а ў Mastercard заявілі, што выцек абмежаваўся зьвесткамі аб трымальніках картак з ільготнымі ўмовамі.

Узлом адбыўся на тле некалькіх маштабных тэхнічных збояў у сыстэмах амэрыканскіх ведамстваў і буйных кампаній на мінулым тыдні. У прыватнасьці, няспраўнасьці былі зафіксаваныя ў тэхналягічнага гіганта Microsoft, аднаго з найбуйнейшых авіяперавозьнікаў United Airlines і інвэстбанку JPMorgan Chase.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускія банкі працягваюць уводзіць новыя правілы на апэрацыі з расейскім рублём

Што гэта значыць

Зьявілася яшчэ адна прычына блякаваньня картак беларусаў. У грамадзян Беларусі часта ёсьць цяжкасьці з ужываньнем картак і працай рахункаў, звычайна ў зьвязку з працэсамі легалізацыі, абнаўленьня дазволаў на пражываньне ў Польшчы.

Цяжкасьці маюць і беларусы, якія апынуліся ў іншых краінах, напрыклад, Літве.

Таксама з бляаваньнямі сутыкнуліся карткі розных беларусіх банкаў прычынай сталі міжнародныя санкцыі супраць Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у сакавіку 2026 году беларуская «дачка» расейскага «Альфа Банку» паведаміла, што ў 31 краіне перасталі працаваць яе карткі Visa.

2 сьнежня 2025 году набылі моц санкцыі Эўразьвязу супраць трох беларускіх банкаў: «Альфа», «Сбер» і ВТБ. Яшчэ раней пад санкцыі трапілі БелВЭБ і «Белгазпрамбанк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрства фінансаў ЗША аштрафавала Bank of America за парушэньні санкцыяў. У справе фігуруюць два беларускія банкі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Буйны банк у Польшчы пагадзіўся прымаць дакумэнт замежніка, выдаваны беларусам