Былога супрацоўніка КДБ асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня за «здраду дзяржаве»
Як паведаміла «Вясна», Менскі гарадзкі суд 19 лістапада вынес прысуд за «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) ў дачыненьні да палітзьняволенага, былога супрацоўніка КДБ Ігара Сутыркі. Яму прызначылі 14 гадоў калёніі і штраф (памер удакладняцца).
Ігар мае беларускае і польскае грамадзянства. Яго затрымалі сем месяцаў таму па прыезьдзе ў Беларусь пасьля некалькіх год жыцьця ў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Аналітыка Вольгу Харламаву асудзілі на 10 гадоў калёнііПракуроры заявілі пра распаўсюд школьнікамі «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
Пракуратура Горадзенскай вобласьці заявіла пра «ўцягваньне» непаўналетніх у «экстрэмісцкую» і «дэструкцыйную» дзейнасьць.
У пракуратуры паведамілі пра два выпадкі. У адным зь іх вучань горадзенскай гімназіі разьмяшчаў у Telegram нацысцкую сымболіку і камэнтары, якія, паводле ацэнкі ведамства, «дыскрэдытавалі дзяржаўныя і грамадзкія інстытуты».
У іншым выпадку 15-гадовая школьніца распаўсюджвала ў мэсэнджары матэрыялы, унесеныя ў сьпіс так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле пракуратуры, распаўсюджваюць такія матэрыялы ў тым ліку непаўналетнія, якія не дасягнулі ўзросту прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці.
Пракуроры накіравалі мясцовым уладам і кіраўнікам установаў адукацыі 12 афіцыйных наказаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 19 лістапада: абвясьцілі ў вышук былога сьпікера Каардынацыйнай рады ЯгораваУ Бабруйску сілавікі прыходзілі да маці сябра БХД Валерыя Васільева
Супраць сябра партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» з Бабруйска Валерыя Васільева, які з 2022 года жыве ў Польшчы, завялі крымінальную справу паводле арт. 361 (заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі) і арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэксу.
27 траўня ў кватэру яго маці прыйшлі ўчастковы міліцыянт і супрацоўнік КДБ, запрасіўшы ў якасьці панятых суседзяў, паведаміў «Вясьне» Васільеў.
«Маме не далі ні сфатаграфаваць пастанову, ні нават перапісаць з яе штосьці ручкай. Яна прасіла, але ёй адмовілі. На словах агучылі 361-шы артыкул, праўда, частку яна не запомніла. І яшчэ сказалі пра «здраду дзяржаве».
Беларуса завочна асудзілі на пяць гадоў калёніі за «ўдзел ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі іншай краіны»
19 лістапада 2026 году суд Маскоўскага раёну Менску вынес прысуд Юрыю Аляксандравічу Белавусаву. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі іншай краіны і пакаралі пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, гаворыцца на сайце суду.Падрабязнасьці справы, у тым ліку тое, у якім менавіта ўзброеным фармаваньні ўдзельнічаў мужчына, у паведамленьні суду не раскрываюцца, піша «Вясна».
Былую дарадцу Ціханаўскай Крысьціну Рыхтэр абвясьцілі ў вышук
Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Sota. Вышуквае Крысьціну Рыхтэр Віцебскае УУС, у базу яе ўнесьлі 19 лістапада.
Рыхтэр эмігравала зь Беларусі ў 2021 годзе, працавала ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай, а зь сьнежня 2022 году да ліпеня 2024 году займала пасаду ейнай дарадцы ў прававых пытаньнях. На гэтай пасадзе яна курыравала ў тым ліку пытаньні легалізацыі беларусаў за мяжой.
У ліпені 2024 году яна пакінула пасаду, заявіўшы «Люстэрку», што «проста па-чалавечы стамілася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дарадца Ціханоўскай сышла ў адстаўку. Што стала прычынай і хто зойме яе месцаЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.
Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.