Суд Заводзкага раёну Менску 16 лістапада вынес завочны прысуд заснавальнікам праваабарончай ініцыятывы dissident.by Марыне і Вячаславу Касінеравым.
Як паведамляе Telegram-канал арганізацыі, Марыну Касінераву асудзілі на 12 гадоў пазбаўленьня волі з штрафам у 1000 базавых велічыняў (45 000 беларускіх рублёў), з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Вячаславу Касінераву прысудзілі 11 гадоў пазбаўленьня волі з штрафам у 900 базавых велічыняў (40 500 беларускіх рублёў), з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Прысуды вынесьлі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 артыкулу 361-1 — «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім»,
- ч. 3 артыкулу 130 — «распальваньне сацыяльнай варожасьці ў складзе групы асобаў»,
- артыкул 369-1 — «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»,
- ч. 1 артыкулу 368 — «публічная абраза прэзыдэнта»,
- ч. 2 артыкулу 361-4 — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
Марыне Касінеравай разам з гэтымі артыкуламі інкрымінавалі яшчэ і ч. 2 артыкулу 361-1 — «паўторнае стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня».
Два новыя два завочныя прысуды, Марыне Касінеравай і Вячаславу Касінераву, на досыць вялікія тэрміны дэманструюць працяг рэпрэсій у Беларусі, заявіла Свабодзе праваабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук. Паводле падлікаў праваабаронцаў, з 2022 году завочна ў Беларусі засудзілі 239 чалавек у такім парадку, толькі з пачатку 2026 году вядомы 31 такі прысуд:
«Гэта яшчэ адзін паказчык таго, што рэпрэсіі працягваюцца, у тым ліку транснацыянальныя, такія як спэцвытворчасьць, мы ведаем пра спробы вярбоўкі, мы маем ціск на родных, з такімі выпадкамі мы сустракаемся фактычна кожны месяц».
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 12 чалавек
- Тацьцяна Васкрасенская
- Ганна Гіцарава
- Раман Дзянісаў
- Сяргей Казак
- Андрэй Кулікоў
- Сьвятлана Кухлеўская
- Юлія Нікіціна
- Аляксей Нядвецкі
- Крысьціна Труцько
- Тарас Філітовіч
- Андрэй Шмаянкоў
- Сяргей Янчанка
Цяпер у Беларусі 888 палітычных вязьняў, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 926. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.
Мужа расейскай блогеркі затрымалі на беларускай мяжы праз старую падпіску ў Telegram. Яму пагражала да 15 сутак арышту
Муж расейскай блогеркі Настасьсі Бунс правёў шэсьць гадзін у міліцыі пасьля праверкі тэлефона на беларуска-расейскай мяжы. Прычынай стала падпіска на навінавы Telegram-чат, які ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім». Пра здарэньне блогерка расказала ў сваім Instagram.
Настасься Бунс паведаміла, што жыве з мужам у Калінінградзе. Пара ехала ў Санкт-Пецярбург празь Беларусь. На мяжы ў мужчыны праверылі тэлефон і знайшлі падпіску на навінавы чат, аформленую каля чатырох гадоў таму.
Паводле словаў блогеркі, на памежны пост выклікалі міліцыю, пасьля чаго пару пад канвоем даставілі ў аддзяленьне. Там сілавікі праверылі перапіскі мужчыны і адпусьцілі яго, не знайшоўшы падставаў для затрыманьня. Жанчына сьцьвярджае, што супрацоўнікі міліцыі сказалі: такіх людзей зь мяжы прывозяць «пачкамі».
У сваім відэазвароце блогерка папярэдзіла тых, хто зьбіраецца ехаць празь Беларусь, пра праверкі тэлефонаў і заклікала загадзя правяраць падпіскі ў мэсэнджарах.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» тлумачыць, што ў падобных выпадках сілавікі спасылаюцца на частку 2 артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама яе выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка з мэтай распаўсюду). За гэта прадугледжаныя штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў, грамадзкія працы або адміністрацыйны арышт. Максымальны тэрмін адміністрацыйнага арышту — 15 сутак.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.
Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Форум