Суд ААН прызнаў М’янму вінаватай у генацыдзе народу рахінджа. Упершыню суд прызнаў дзяржаву адказнай за ўчыненьне генацыду

Уцекачы-рахінджа глядзяць жывую трансьляцыю абвяшчэньня рашэньня Міжнароднага суду ААН

Міжнародны суд ААН пастанавіў, што масавыя забойствы і сэксуалізаваны гвалт, учыненыя супраць мусульманскай меншасьці рахінджа ў 2017 годзе, былі генацыдам, адказнасьць за які нясе М’янма як дзяржава.

Гэта толькі чацьвёрты выпадак з часоў Галакосту, калі міжнародны суд прызнаў факт генацыду даказаным. Раней такія рашэньні выносіліся толькі ў дачыненьні да падзеяў у Руандзе ў 1994 годзе, у Срэбраніцы ў Босьніі ў 1995 годзе і злачынстваў, учыненых «чырвонымі кхмэрамі» ў Камбоджы ў канцы 1970-х гадоў.

Упершыню адказнай за ўчыненьне генацыду прызналі дзяржаву. Раней вінаватымі ў ім прызнавалі толькі канкрэтных людзей.

Суд прыняў ацэнку місіі ААН, паводле якой падчас так званых апэрацыяў зачысткі былі забітыя ня менш за 10 тысяч чалавек. Акрамя таго, у выніку дзеяньняў уладаў і сілавікоў М’янмы ня менш за 700 тысяч рахінджа былі вымушаныя пакінуць краіну.

«Суд устанавіў, што сілы бясьпекі М’янмы забілі тысячы мірных жыхароў-рахінджа, учынілі шматлікія акты сэксуалізаванага гвалту, акты надзвычайнай жорсткасьці ў дачыненьні да дзяцей і нападалі на рахінджа, якія спрабавалі ўратавацца ўцёкамі», — заявіў старшыня суду Юдзі Івасава, абвяшчаючы рашэньне.

Суд таксама пастанавіў, што М’янма абавязаная выплаціць рахінджа кампэнсацыю за ўчыненыя злачынствы. Яе памер вызначаць пазьней. Нягледзячы на тое, што рашэньне суду канчатковае і не падлягае абскарджаньню, магчымасьці забясьпечыць яго выкананьне вельмі абмежаваныя.

Пазоў аб прызнаньні дзеяньняў супраць рахінджа генацыдам падала Гамбія ў лістападзе 2019 году. Разгляд справы пачаўся ў студзені 2026 году.

Reuters адзначае, што рашэньне Міжнароднага суду ААН будзе мець наступствы далёка за межамі М’янмы, у тым ліку пры разглядзе распачатай Паўднёвай Афрыкай у 2023 годзе справы, у якой Ізраіль абвінавачваецца ў генацыдзе ў сэктары Газа. І М’янма, і Ізраіль адмаўляюць абвінавачаньні ў генацыдзе.

Уцякач з народу рахінджа зь дзіцем пасьля прыбыцьця на бераг Банглядэш праз Бэнгальскую затоку, 10 верасьня 2017 году. Фота: Reuters/Danish Siddiqui

Рахінджа — этнічная меншасьць М’янмы. Паводле праваабаронцаў, у краіне засталося ўсяго каля 600 тысяч рахінджанцаў. Больш за мільён жыве ў выгнаньні, пераважна ў лягерах уцекачоў у Бангладэш. Значная частка тых, хто застаўся ў М’янме, жыве ў лягерах для ўнутрана перамешчаных асобаў або ў паселішчах з абмежаваньнямі на свабоду перамяшчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пакуль кіраўнік хунты М’янмы быў у Менску, яго армія нанесла авіяўдар па манастыры, загінулі 14 мірных грамадзян

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На сустрэчы з дэлегацыяй М’янмы Лукашэнка пахваліўся паляпшэньнем адносінаў з ЗША