У Менску пачынаецца новы фармат расейска-грузінскіх перамоваў. Падзеі разьвіваліся імкліва: менш чым за месяц Масква і Тбілісі вызначыліся са сваімі перамоўнікамі і месцам для сустрэч, піша Грузінская служба Радыё Свабода.
21 кастрычніка кіраўнік ураду Грузіі Іраклі Кабахідзэ паведаміў, што першы намесьнік міністра замежных спраў Георгі Зурабашвілі прызначаны спэцыяльным прадстаўніком прэм’ер-міністра па адносінах з Расеяй. Ён адзначыў, што Зурабашвілі захавае за сабой і пасаду ў Міністэрстве замежных спраў.
З 21 па 28 кастрычніка ў заканадаўства Грузіі ў паскораным парадку ўнесьлі зьмены — са зваротнай сілай дзеяньня, — каб стварыць прававую аснову для таго, каб Зурабашвілі мог адначасова займаць абедзьве пасады.
16 лістапада стала вядома, што суразмоўцам Зурабашвілі стане намесьнік міністра замежных спраў Расеі Міхаіл Галузін. 16–17 лістапада Кабахідзэ заявіў, што сустрэча адбудзецца «зусім хутка» — гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў Маскве.
18 лістапада стала вядома, што сустрэча пройдзе на наступны дзень у Менску.
Крытыкі грузінскага ўраду называюць шкодным для інтарэсаў Грузіі выбар сталіцы Беларусі, саюзьніцы Расеі, месцам правядзеньня перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусь для Польшчы важнейшая за Ўкраіну». Былы віцэ-міністар польскага МЗС тлумачыць, чамуПачатак дыялёгу «высокага ўзроўню» паміж Галузіным і Зурабішвілі азначае крок да аднаўленьня дыпляматычных адносін паміж дзьвюма краінамі, заявіў 18 лістапада ў інтэрвію Радыё Свабода бізнэсовец і міжнародны сакратар прарасейскай партыі «Салідарнасьць дзеля міру» Мамука Піпія.
Пасьля вайны ў жніўні 2008 году Крэмль спрабуе схіліць Тбілісі да падпісаць пагадненьне аб неўжываньні сілы з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй — рэгіёнамі Грузіі, акупаванымі Расеяй. Такі крок фактычна азначаў бы іх прызнаньне з боку Грузіі. Тбілісі прытрымліваецца пазыцыі, што дыпляматычныя адносіны ня будуць адноўлены, пакуль не адбудзецца дэакупацыя Грузіі.
Дыялёг у Менску
«Гэта вельмі важная справа, і са свайго боку я зраблю ўсё, каб выканаць задачы, якія стаяць перад Грузіяй», — заявіў Георгі Зурабашвілі на брыфінгу 21 кастрычніка, калі кіраўнік урада прадставіў яго ў якасьці новага спэцыяльнага прадстаўніка па адносінах з Расеяй.
Якія канкрэтныя задачы павінна вырашыць Грузія ў адносінах з Расеяй? Зурабашвілі ня стаў падрабязна спыняцца на гэтым падчас брыфінгу. Аднак прэмʼер-міністар Кабахідзэ акрэсьліў наступныя пункты як «найважнейшыя прыярытэты»:
- Мірнае ўрэгуляваньне канфлікту з Расейскай Фэдэрацыяй — «тое, над чым працуюць цяпер, у тым ліку ў рамках Жэнэўскага фармату»;
- Падтрыманьне і разьвіцьцё існуючых гандлёва-эканамічных адносін;
- Вядзеньне пастаяннага дыялёгу ў гуманітарных пытаньнях.
У Маскве адзначылі, што Тбілісі паставіў мірнае ўрэгуляваньне канфлікту з Расейскай Фэдэрацыяй на першае месца сярод сваіх перамоўных мэт — вышэй за эканамічныя і гуманітарныя сувязі.
Зураб Абашыдзэ — першы спэцыяльны прадстаўнік, прызначаны ў 2012 годзе тагачасным прэмʼер-міністрам Бідзінам Іванішвілі, — ніколі не ўключаў мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ў лік сваіх задач.
У рамках «неафіцыйнага праскага перамоўнага фармату» Зураб Абашыдзэ на працягу многіх гадоў вёў перамовы з Грыгорыем Карасіным — былым намесьнікам міністра замежных спраў Расеі і цяперашнім членам Савету Фэдэрацыі Расеі.
У інтэрвію расейскаму выданьню «Известия» Карасін заявіў, што тэрытарыяльная спрэчка ніколі не была прадметам яго перамоў з Зурабам Абашыдзэ. Абашыдзэ вызначаў асноўнымі тэмамі абмеркаваньня гандлёва-эканамічныя, транспартныя, гуманітарныя і культурныя пытаньні.
«Што тычыцца палітычных пытаньняў — у тым ліку надзвычай складанай сытуацыі на акупаваных тэрыторыях, як з пункту гледжаньня бясьпекі, так і — што найбольш трывожна — з гуманітарнага пункту гледжаньня, — то яны абмяркоўваюцца, а пазыцыі па іх агучваюцца ў рамках Жэнэўскіх міжнародных дыскусій. Гэта адзіны форум, дзе пад сустаршынствам ЭЗ, АБСЭ і ААН, а таксама пры ўдзеле нашага саюзьніка — Злучаных Штатаў — можна разглядаць гэтыя крытычна важныя пытаньні», — заяўляў Зураб Абашыдзэ 28 лістапада 2020 году.
У 2012 годзе тагачасны прэмер-міністар Іванішвілі тлумачыў, што перад аднаўленьнем дыпляматычных адносін неабходна аднавіць культурныя і эканамічныя сувязі з Расеяй.
«Прызначэньне пасла не азначае зьмены нашай стратэгіі. У нас няма лепшага выбару, чым Эўропа», — удакладніў тады Іванішвілі, прадстаўляючы Абашыдзэ.
Праз чатырнаццаць гадоў, па стане на 2026 год, пазыцыя Тбілісі ў адносінах да Эўрапейскага зьвязу рэзка пагоршылася. Адносіны паміж Тбілісі і Брусэлем фактычна замарожаныя.
Куды вядуць перамовы?
«Гэта, па сутнасьці, азначае ўскоснае аднаўленьне дыпляматычных кантактаў, паколькі перамовы з Расеяй вядзе высокапастаўлены чыноўнік, які працуе ў Міністэрстве замежных спраў і мае статус дзейнага дыплямата (хай сабе і ў якасьці спэцыяльнага прадстаўніка прэмʼер-міністра)», — тлумачыць Георгі Біланішвілі, старэйшы навуковы супрацоўнік базаванага ў Тбілісі Цэнтру бясьпекі, палітыкі і нацыяналізму (UGSPN), у эфіры Грузінскай службы Радыё Свабода.
У прынцыпе, Біланішвілі падтрымлівае захаваньне сувязяў з Расеяй — разглядаючы гэта праз прызму інтарэсаў бясьпекі краіны, — але ставіць адну важную ўмову: у Грузіі павінны быць рычагі ўплыву для падтрыманьня раўнавагі, у тым ліку падтрымка з боку міжнародных партнэраў. Аднак у цяперашняй сытуацыі Біланішвілі ацэньвае становішча Грузіі як аслабленае і ўразьлівае на фоне ізаляцыі; адпаведна, ён не чакае ніякіх станоўчых вынікаў ад дыялёгу з Расеяй.
Новы фармат перамоваў быў абвешчаны на фоне новых абставін:
- Урадавая партыя «Грузінская мара» часта паўтарае, што вайна з Расеяй у жніўні 2008 году была распачата папярэдняй адміністрацыяй — сьцьвярджэньне, якое крытыкі ўраду расцэньваюць як фактычнае ўскладаньне віны за пачатак вайны на саму Грузію;
- «Грузінская мара» абвясьціла кампанію супраць «русафобіі»;
- Яна імкнецца дамагчыся забароны праэўрапейскіх апазыцыйных партый праз хадайніцтва ў Канстытуцыйны суд — дакумэнт, у якім таксама закранаецца пытаньне жнівеньскай вайны;
- Сілы, зьвязаныя з кіруючай партыяй, пачалі адкрыта абмяркоўваць пэрспэктыву наданьня Грузіі нэўтральнага статусу — сцэнарый, прывабны для Масквы.
«За апошнія гады Грузія пасталела і пачала лепш разумець свае нацыянальныя інтарэсы, рэгіянальную палітыку і ролю Захаду ў гэтым кантэксьце; таму ёсьць падставы з аптымізмам глядзець на аднаўленьне гэтага фармату», — цытуюць «Известия» ранейшага расейскага перамоўніка Грыгорыя Карасіна. У Маскве падкрэсьліваюць: нягледзячы на тое, што Эўразьвяз выступае супраць шчыльных сувязяў паміж Грузіяй і Расеяй, «Грузінская мара» дзейнічае эфэктыўна.
Перанос перамоваў у Менск
Бізнэсовец і міжнародны сакратар прарасейскай партыі «Салідарнасьць дзеля міру» Мамука Піпія даўно і адкрыта выказваў пажаданьне, каб прадстаўнікі Грузіі і Расеі сустрэліся асабіста менавіта ў Менску.
Піпія і ягоныя паплечнікі заклікаюць падпісаць саюзную дамову з Расеяй. Піпія называе заходніх партнэраў «ворагамі» і сьцьвярджае, што Грузіі варта «забыцца» і пра NATO, і пра Эўрапейскі зьвяз — назаўсёды.
Тэона Акубардыя — апазыцыйны палітык, былая дэпутатка парлямэнту і экспэртка ў пытаньнях бясьпекі — лічыць перанос «Праскага фармату» ў Менск рызыкоўным крокам. Яна папярэджвае, што «Жэнэўскі фармат» можа паступова страціць сваё палітычнае значэньне, а пытаньні, зьвязаныя з акупацыяй Грузіі і яе тэрытарыяльнай цэласнасьцю, могуць пачаць вырашацца праз асымэтрычныя двухбаковыя перамовы — сцэнар, выгадны для Расеі.
«Гэты працэс тоіць у сабе яшчэ адну, значна больш небясьпечную пагрозу. Набліжаныя да Крамля асобы публічна абмяркоўваюць пашырэньне расейска-беларускай „Саюзнай дзяржавы“ і магчымасьць інтэграцыі ў гэтую прастору Тбілісі, Сухумі і Цхінвалі ў якасьці асобных субʼектаў. Гэта не азначае аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі; наадварот, гэта сьведчыць пра пэрспэктыву расчляненьня Грузіі на тры незалежныя палітычныя адзінкі, якія цалкам апынуцца пад уплывам Расеі. Таму перанос перамоў у Менск — гэта не проста зьмена дыпляматычнага фармату. Гэта можа стаць часткай палітычнага працэсу, канчатковая мэта якога — выключыць пытаньне канфлікту ў Грузіі зь міжнароднага парадку дня і перавесьці яго пад двухбаковы кантроль Расеі», — адзначае Акубардыя.
Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну расейскія ўлады неаднаразова патрабавалі зьмяніць месца правядзеньня Жэнэўскіх міжнародных дыскусій, сьцьвярджаючы, што Швайцарыю больш нельга лічыць нэўтральным бокам пасьля яе рашэньня далучыцца да антырасейскіх санкцый Эўрапейскага зьвязу. У якасьці магчымай альтэрнатывы таксама згадваўся Менск.
«Жэнэўскі фармат не мяняецца. Ён застанецца», — заявіў журналістам Георгі Зурабашвілі. Раней з аналягічнай заявай выступаў і прэмʼер-міністар Кабахідзэ.
«Грузінская мара» таксама выключае магчымасьць аднаўленьня дыпляматычных адносін на гэтым этапе. «Аднаўленьне дыпляматычных адносін з Расеяй сутыкаецца з натуральнай перашкодай: акупацыяй тэрыторый нашай краіны і прызнаньнем двух акупаваных рэгіёнаў у якасьці так званых „дзяржаў“. Адпаведна, наша пазыцыя па гэтым пытаньні ня будзе — і ня можа быць — перагледжана», — сказаў журналістам Іраклій Кабахідзэ 16 лістапада.
«Фармальна дыпляматычныя адносіны ўжо адноўленыя з прызначэньнем Зурабашвілі; аднак значна больш сурʼёзнай праблемай, чым проста аднаўленьне дыпляматычных сувязяў, зьяўляецца імкненьне Расеі ўсталяваць кантроль над усёй Грузіяй. Гэта — частка больш шырокага пляна па вяртаньні Расеі на Паўднёвы Каўказ», — сказала Тэона Акубардыя ў інтэрвію Грузінскай службе Радыё Свабода.
«Мяркую, што галоўнай мэтай у рамках гэтага фармату [Галузін — Зурабашвілі] стане адкрыцьцё шляху праз Абхазію — спачатку для аўтамабільнага транспарту, а затым і для чыгуначнага. Гэта дазволіла б Расеі аднавіць сваю прысутнасьць на Паўднёвым Каўказе праз кантроль над гандлёвымі калідорамі, фактычна ствараючы альтэрнатыву „Сярэдняму калідору“ — маршруту, які падтрымлівае Эўрапейскі зьвяз. Такім чынам Расея атрымала б кантроль над усёй Грузіяй і наблізілася б да Армэніі^; у гэтым і заключаецца сутнасьць расейскага пляну па вяртаньні на Паўднёвы Каўказ», — адзначае Акубардыя.
Чаго хоча Масква — заявы Галузіна
Пачынаючы з 2008 году, у рамках Жэнэўскіх міжнародных дыскусій, Масква настойліва патрабуе ад Грузіі правесьці так званыя дэлімітацыю і дэмаркацыю ліній акупацыі, а таксама падпісаць пагадненьне аб неўжываньні сілы ў адносінах да акупаваных рэгіёнаў — крок, які фактычна раўназначны іх прызнаньню.
Цяпер Расею ў Жэнэве прадстаўляе Міхаіл Галузін. Напярэдадні 68-га раўнду перамоў ён асабіста абмеркаваў гэтыя пытаньні з сустаршынямі Жэнэўскіх міжнародных дыскусій — прадстаўнікамі ААН, АБСЭ і Эўразьвязу.
Масква зноў заклікае да заключэньня двухбаковых пагадненьняў паміж Тбілісі і акупаванымі рэгіёнамі. Па выніках 68-га раўнду [11–12 лістапада] Міністэрства замежных спраў Расеі спаслалася на рызыкі, «якія зыходзяць як ад радыкальных сіл у самой Грузіі, так і ад шэрагу яе найбліжэйшых замежных партнэраў — перш за ўсё дзяржаў-членаў NATO, — якія адмаўляюцца прызнаваць рэаліі, што склаліся ў рэгіёне Паўднёвага Каўказу, і працягваюць пашыраць ваеннае супрацоўніцтва з Тбілісі».
Акупаваную Абхазію і Цхінвальскі рэгіён Расея называе «суседзямі» Грузіі.
Сёлета ў лютым Міхаіл Галузін заявіў, што аднаўленьне дыпляматычных адносін з Расеяй было б карысным для Грузіі.
«Магчыма, грузінскім уладам варта падумаць пра тое, якога прагрэсу можна было б дасягнуць шляхам аднаўленьня дыпляматычных адносін з Расеяй. Зрэшты, гэта іх уласная справа», — сказаў ён.