Дата дня
20 лістапада 2020 году ў Менску пахавалі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Разьвітаньне прайшло ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага на вуліцы Гамарніка на поўначы Менску, непадалёк ад Курапатаў. Тысячы людзей прыйшлі правесьці яго ў апошні шлях.
Раман Бандарэнка памёр 12 лістапада 2020 году. Напярэдадні яго жорстка пабілі падчас затрыманьня на «плошчы Перамен» у Менску. Хто менавіта забіў Рамана, невядома, аднак сярод прысутных падчас нападу 11 лістапада на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.
У гэты дзень
1648 — у Варшаве абвясьцілі каралём польскім і вялікім князем літоўскім Яна II Казімера, абранага трыма днямі раней. Ён быў сынам Жыгімонта III Вазы і заняў пасад пасьля сьмерці свайго брата Ўладзіслава IV. Ягонае панаваньне прыпала на адзін з найцяжэйшых пэрыядаў гісторыі Рэчы Паспалітай — казацкае паўстаньне, войны з Масквой і ўварваньне Швэцыі.
1917 — абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.
1920 — бальшавікі выбілі з Мазыра аддзелы Булак-Балаховіча, якія ўтрымлівалі горад з 10 лістапада.
1930 — Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Паэта абвінавачвалі ў датычнасьці да выдуманага спэцслужбамі «Саюзу вызваленьня Беларусі», выкліка́лі на допыты і цкавалі ў друку.
1945 — распачаўся судовы працэс у Нюрнбэргу над 24 ваеннымі кіраўнікамі нацысцкай Нямеччыны.
Судзьдзі Нюрнбэрскага працэсу, лістапад 1945 году
1985 — выйшла апэрацыйная сыстэма Microsoft Windows 1.0.
1989 — Генэральная асамблея ААН прыняла Канвэнцыю аб правах дзіцяці. З таго часу Сусьветны дзень дзіцяці адзначаецца 20 лістапада.
У гэты дзень нарадзіліся
1717 — Георгі Каніскі, япіскап у Магілёве, дзе адкрыў духоўную сэмінарыю.
1858 — Сэльма Лягерлёф, швэдзкая пісьменьніца, першая жанчына — ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры (1909).
Па-беларуску выйшлі
- раман «Пярсьцёнак Лёвэншольдаў» (перакладзены Міхасём Пазьняковым),
- казачная аповесьць «Дзівоснае падарожжа Нільса зь дзікімі гусямі» (скарочаны варыянт у вольным пераказе Міколы Чарняўскага),
- апавяданьні «Партрэт маці» і «Нячысьцік» (пераклад Алесі Башарымавай у часопісе «Прайдзісьвет»).
Сэльма Лягерлёф
1899 — беларускі пісьменьнік, перакладчык і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР, аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.
1901 — Міхась Зарэцкі, беларускі пісьменьнік, ахвяра сталінізму. Аўтар раманаў «Сьцежкі-дарожкі» і «Вязьмо». Зарэцкі рэагаваў часопіс «Маладняк» (1926–1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». У 1929-м яго выключылі з камуністычнай партыі за «праявы нацыянал-дэмакратызму». У 1936-м арыштавалі, а 29 кастрычніка 1937 году расстралялі ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міхась Зарэцкі. Яго творамі зачытваліся энкавэдысты, а потым закатавалі1923 — журналіст, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода Лявон Карась, ахвяра нераскрытага забойства.
Лявон Карась
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На Радыё Свабода адкрылі мэмарыял загінулым журналістам, першая ахвяра была беларуская1948 — беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Яўгенія Янішчыц, паэтка, якая багоміла роднае Палесьсе і палохала беларусаў «страшным» Нью-Ёркам1953 — Міхась Шаховіч, беларускі пісьменьнік і журналіст. Працаваў у беларускім тыднёвіку «Ніва», узначальваў выдавецкую суполку «Сумежжа».
1962 — Міхаіл Баразна, беларускі мастак, мастацтвазнаўца.
Міхаіл Баразна, архіўнае фота
У памяці
1603 — Крыштап Мікалай Радзівіл Пярун, палітык і вайскаводзец ВКЛ, хадзіў на Маскву, даходзіў да вярхоўяў Волгі.
1886 — Аляксандар Рыпінскі, паэт, фальклярыст, мастак, выдавец, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1831 г., палітычны эмігрант, аўтар кнігі «Беларусь. Некалькі слоў пра паэзію простага люду» . Ён і пісьменьнік Габрыэль Асоўскі былі першымі, хто пачаў выкарыстоўваць „ŭ“ — адмысловы знак для перадачы беларускага нескладовага «ў».
1910 — Леў Талстой, расейскі пісьменьнік.
1925 — Стэфан Жаромскі, польскі пісьменьнік і публіцыст.
1950 — Леў Клейнбарт, расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.
1988 — Гаўрыла Гарэцкі, геоляг, акадэмік, вязень ГУЛАГу.
Гаўрыла Гарэцкі з сынамі Радзімам і Ўсяславам. Пасёлак Мурмашы Мурманскай вобл. 16 кастрычніка 1936 г.
1998 — у Санкт-Пецярбургу забітая Галіна Старавойтава, расейскі палітык зь беларускімі каранямі.
2020 — Віктар Цітоў, этнограф і гісторык, распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянаваньня Беларусі.