Хроніка перасьледу 19 лістапада: абвясьцілі ў вышук былога сьпікера Каардынацыйнай рады Ягорава

Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Абвясьцілі ў вышук палітоляга Ягорава, які быў сьпікерам Каардынацыйнай рады

У Беларусі ў вышук абвясьцілі беларускага палітоляга і грамадзкага дзеяча Андрэя Ягорава, паведамляе «Віцебская Вясна». Паводле зьвестак з базы вышуку, ініцыятарам стала Віцебскае ўпраўленьне ўнутраных спраў. Ягораў нарадзіўся ў Горадні, вырас у Мікашэвічах Берасьцейскай вобласьці і не зьвязаны зь Віцебшчынай.

Запіс у базе не дазваляе вызначыць, у межах якой справы і паводле якога артыкулу яго шукаюць.

Хто такі Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў шмат гадоў займаўся разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці і прасоўваньнем дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Пасьля вучобы на юрыдычным факультэце БДУ ён там выкладаў, а пазьней узначаліў незалежны аналітычны Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі і кансорцыюм «ЭўраБеларусь». Яго прафэсійная дзейнасьць была зьвязаная з аналізам грамадзка-палітычных працэсаў, разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці і супрацоўніцтвам з эўрапейскімі партнэрамі.

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ён далучыўся да Каардынацыйнай рады, быў затрыманы і адбыў адміністрацыйны арышт. Пазьней выехаў зь Беларусі праз пагрозу крымінальнага перасьледу.

У эміграцыі працягнуў грамадзка-палітычную і экспэртную дзейнасьць, працаваў у беларускіх дэмакратычных структурах, быў сьпікерам Каардынацыйнай рады і ўдзельнічаў у распрацоўцы стратэгій для беларускіх дэмакратычных сіл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 16 лістапада: пракуратура перадала ў суд справу супраць 5 ўдзельнікаў палка Каліноўскага

Жыхара Гарадку асудзілі за «распальваньне варожасьці» і «абразу Лукашэнкі»

48-гадоваму Ігару Панкову з Гарадку Віцебскай вобласьці прызначылі паўтара году калёніі. Ігара арыштавалі не пазьней за травень 2026 году і трымлі ў СІЗА № 1 у Калядзічах пад Менскам, паведаміла «Наша ніва».

Яго судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці») і арт. 368 («абраза Лукашэнкі»).

У жніўні 2026 году суд прызначыў Панкову 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму. У кастрычніку прысуд набыў законную сілу, КДБ унёс Панкова ў сьпіс «тэрарыстаў».

Праваабаронцы «Вясны» прызналі Ігара Панкова палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 18 лістапада: заснавальнікаў ініцыятывы dissident.by завочна асудзілі на вялікія тэрміны

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.

Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 17 лістапада: кіраўніцу прасторы «Парасон» Інгу Казючыц асудзілі на 5 гадоў калёніі