Лукашэнка хоча, каб і суды падрыхтаваліся да працы ва ўмовах ваеннага часу

Вярхоўны суд Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка праводзіць нараду з судзьдзямі Беларусі. На яе сабралі 250 чалавек.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь «прымушаюць» рыхтавацца да вайны.

«Уся краіна сёньня тэстуе і наладжвае альгарытмы ваеннага часу. Вучым і правяраем вайскоўцаў, сілавікоў, тэрытарыяльную абарону, апалчэньне. Яшчэ раз паўтару: ніхто ня хоча вайны, але мы абавязаныя быць гатовыя да любога разьвіцьця падзеяў. Нас да гэтага прымушаюць», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Паводле Лукашэнкі, суды таксама не павінны заставацца ў баку ад гэтай падрыхтоўкі. Як судовая сыстэма бачыць сваю гатоўнасьць дзейнічаць у асаблівы пэрыяд? — запытаў ён.

«Гэта не рытарычныя пытаньні. Сёньня ў гэтым кірунку пакуль вашых дзеяньняў няшмат», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Менскі суд яшчэ 5 гадоў будзе ачольваць судзьдзя, якая адмовіла журналістцы Андрэевай у пераглядзе выраку

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаны шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Аднак за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў расейскія і ўкраінскія дроны сталі часьцей залятаць на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Міністэрстве абароны расказалі, чаму ў Беларусі зьбіваюць ня ўсе расейскія і ўкраінскія дроны