У Міністэрстве абароны расказалі, чаму ў Беларусі зьбіваюць ня ўсе расейскія і ўкраінскія дроны

Аскепкі расейскага дрону. Ілюстрацыйнае фота
Аскепкі расейскага дрону. Ілюстрацыйнае фота

Памочнік міністра абароны Беларусі, начальнік упраўленьня ідэалягічнай работы Леанід Касінскі заявіў, што зэнітна-ракетныя войскі, мабільныя агнявыя групы штодзень выконваюць задачы па супрацьдзеяньні бесьпілётнікам, якія залятаюць у Беларусь з Украіны і Расеі.

«Як правіла, баявую работу па бесьпілётніках нашыя зэнітна-ракетныя войскі ажыцьцяўляюць толькі ў тым выпадку, калі дзяжурныя сілы і сродкі ацэньваюць гэты бесьпілётнік як магчымую пагрозу. То бок пралёт яго над пэўным раёнам або недзе над нейкімі стратэгічна важнымі дзяржаўнымі аб’ектамі. Тады адбываецца баявая работа, тады зьбіваюць», — сказаў Леанід Касінскі ў інтэрвію дзяржаўнаму каналу СТВ.

Паводле яго, над населенымі пунктамі зьбіваць дроны нельга, таму што, «як правіла, аскепкі, баявая частка падаюць, наносяць шкоду».

«Таму баявая работа і паражэньне праводзяцца выбарачна. Можна зьбіваць усё, што ляціць. Траціць народныя грошы проста так вось дарэмна — напэўна, было б няправільна. Таму сапраўды, людзі на поўдні нашай краіны, якія жывуць у гэтых раёнах, дзе часьцей адбываецца пралёт, трасы пралёту бесьпілётнікаў, як з аднаго, так і зь другога бакоў, ставяцца да гэтага з большым разуменьнем, чым некаторыя экспэрты на канапах, якія знаходзяцца ў Менску. Таму людзі разумеюць гэта ўсё правільна», — патлумачыў ён.

Прадстаўнік Міністэрства абароны паўтарыў ранейшыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусь залятаюць як расейскія, так і ўкраінскія дроны. Часьцей за ўсё, гэта тыя бесьпілётнікі, якія «губляюць арыентацыю пасьля ўзьдзеяньня на іх сродкамі радыёэлектроннай барацьбы», адзначыў ён.

Што папярэднічала

У ноч на 11 лістапада ўлады Беларусі папярэдзілі Літву аб тым, што на іхную тэрыторыю рухаюцца дроны.

Дроны, якія сотнямі штодня выкарыстоўваюць войскі Расеі і Ўкраіны, часам адхіляюцца ад курсу і залятаюць у суседнія краіны. У Беларусі пра залёты вайсковых дронаў у рэжыме рэальнага часу не паведамляюць і трывогі не аб’яўляюць, хоць ледзь ня кожны тыдзень праводзяць праверку сыстэм апавяшчэньня на выпадак надзвычайнага здарэньня ў розных рэгіёнах краіны.

У сацыяльных сетках пэрыядычна зьяўляецца інфармацыя аб пачутых выбухах і стрэлах, якія зьвязваюць з работай сіл супрацьпаветранай абароны Беларусі або выбухамі дронаў.

Аб перамяшчэньнях дронаў на тэрыторыі Беларусі інфармуюць толькі ўкраінскія маніторынгавыя каналы.


Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў сталі часьцейшымі залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

​
XS
SM
MD
LG