У Вене (Аўстрыя) пачалося пасяджэньне Рады кіраўнікоў МАГАТЭ. У яго пачатку Рафаэль Гросі прадставіў вынікі дзейнасьці арганізацыі і стане атамнай энэргетыкі ў сьвеце. Асобна ён спыніўся на сытуацыі ва Ўкраіне і ядзерных праграмах Паўночнай Карэі і Ірану.
Ва Ўкраіне — новыя пагрозы ў эксплюатацыі АЭС
Рафаэль Гросі заявіў аб пашкоджаньні 19 электрычных падстанцый ва Ўкраіне, што забясьпечваюць працу трох атамных станцый — Хмяльніцкай, Паўднёваўкраінскай і Ровенскай, што паблізу зь Беларусьсю.
«Эксплюатацыйныя ўмовы застаюцца надзвычай складанымі. [...] усё часьцейшыя паведамленьні пра бесьпілётнікі паблізу і працяглыя пашкоджаньні электрасетак ствараюць дадатковую нагрузку на працу станцый. Пэрсанал станцый таксама знаходзіцца пад значным ціскам, паколькі ваенная дзейнасьць працягвае ўплываць на бліжэйшыя гарады, дзе яны і іх сем’і жывуць. На Хмяльніцкай АЭС атакі бесьпілётнікаў закранулі жылыя раёны горада Няцішын, дзе жыве большасьць пэрсаналу станцыі, у тым ліку раёны паблізу мясцовай электрычнай падстанцыі», — сказаў Гросі.
Паводле яго, у шэрагу выпадкаў рэактарныя блёкі былі вымушаныя зьніжаць магутнасьць празь абмежаваньні, зьвязаныя з сеткамі.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ таксама адзначыў, што Запароская АЭС «у выніку ваеннай дзейнасьці» тыдзень таму зноў засталася без энэргазабесьпячэньня і ён вядзе перамовы аб чарговым, дзявятым, спыненьні агню для аднаўленьні лініі энэргаперадач. Паводле яго, запасы дызэлю, які забясьпечвае працу генэратараў для падтрыманьня станцыі, істотна скараціўся.
«У сувязі з гэтым Агенцтва ўзаемадзейнічае як з Расейскай Фэдэрацыяй, так і з Украінай, каб садзейнічаць арганізацыі папаўненьня запасаў дызэльнага паліва на ЗАЭС. Гэта неабходна для падтрыманьня ключавых функцый ядзернай і фізычнай ядзернай бясьпекі — асабліва ў выпадку страты зьнешняга электразабесьпячэньня і ў зімовы пэрыяд», — сказаў ён.
Гросі дадаў, што «авіяўдары сарвалі намаганьні, якія рабіліся цягам апошніх некалькіх месяцаў для аднаўленьня другой лініі зьнешняга энэргазабесьпячэньня да пачатку зімы». Аднак пры гэтым генэральны дырэктар не назваў Расею адказнай за гэтыя пашкоджаньні.
«Гэтыя высновы ўзмацняюць нашу заклапочанасьць адносна надзейнасьці нацыянальнай электрасеткі. З моманту нашай апошняй сустрэчы ўзброены канфлікт паўплываў на пазапляцовачнае электразабесьпячэньне ўсіх пяці ядзерных абʼектаў», — сказаў Рафаэль Гросі.
Паводле яго, 185 супрацоўнікаў МАГАТЭ працягваюць заставацца на ядзерных аб’ектах Украіны для правядзеньня «бесстароньняй ацэнкі ўмоў ядзернай бясьпекі і аховы, а таксама незалежнага радыяцыйнага маніторынгу».
Ва Ўкраіне лічаць, што ў МАГАТЭ дзейнічае моцнае расейскае лобі, якое ў кантэксьце Запароскай АЭС працуе ў інтарэсах Расеі. Украіна ж праз захоп Запароскай АЭС абвінавачвае Расею ў ядзерным тэрарызьме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Фактычна гэта яшчэ адно ваеннае злачынства». Як расейскае ўварваньне пагражае бясьпецы Чарнобыльскай і Запароскай АЭСІран дагэтуль не надаў дазвол МАГАТЭ праверыць стан ядзерных матэрыялаў
Рафаэль Гросі паведаміў, што МАГАТЭ дагэтуль не атрымала ні інфармацыі аб стане ядзерных матэрыялаў у Іране пасьля пачатку вайсковых дзеяньняў, ні дазволу іх праверыць. Выключэньне склалі толькі зьвесткі аб працы Бушэрскай АЭС.
«Я не магу далажыць аб выкананьні Іранам адпаведных палажэньняў рэзалюцый Рады бясьпекі ААН, а таксама рэзалюцый Савета кіраўнікоў МАГАТЭ, прынятых у лістападзе мінулага года і сёлета ў чэрвені. Ужо амаль 18 месяцаў агенцтва ня мае бесьперапыннай інфармацыі адносна раней заяўленых запасаў нізкаўзбагачанага і высокаўзбагачанага ўрану — узбагачанага да 60% па ізатопе U-235 — на заяўленых ядзерных абʼектах, што пацярпелі ў выніку вайсковых удараў у чэрвені 2025 году», — паведаміў ён.
Паводле яго, калі Іран не надасьць інфармацыю пра стан ядзерных матэрыялаў і абʼектаў, а таксама доступ да гэтых абʼектаў для правядзеньня праверак на месцы, МАГАТЭ ня зможа зрабіць выснову аб тым, што заяўленыя ядзерныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў мірнай дзейнасьці.
«Вяртаньне да дыпляматыі і перамоў, накіраваных на пошук рашэньня праблем, зьвязаных з ядзернай праграмай Ірану, зьяўляецца жыцьцёва неабходным. [...] Я заклікаю Іран разгледзець магчымасьць прыняцьця тэхнічных і паступовых мер, якія дазволілі б стварыць умовы для вяртаньня нашых інспэктараў у Іран», — заклікаў Рафаэль Гросі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША абвясьцілі ўзнагароду 20 млн даляраў за інфармацыю пра ядзерную праграму ІрануУ Паўночнай Карэі павялічваюць вытворчасьць ядзерных матэрыялаў для зброі
МАГАТЭ працягвае ажыцьцяўляць маніторынг ядзернай праграмы Карэйскай Народна-дэмакратычнай рэспублікі (КНДР).
Паводле Гросі, у Паўночнай Карэі працягваюць эксплюатацыі двух абʼектаў па ўзбагачэньні ўрану і будуюць яшчэ адзін.
«Працяг пашырэньня праграмы КНДР па ўзбагачэньні ўрану выклікае сурʼёзную заклапочанасьць. [...] Працяг і далейшае разьвіцьцё ядзернай праграмы КНДР зьяўляюцца відавочным парушэньнем адпаведных рэзалюцый Рады Бясьпекі ААН і выклікаюць глыбокі жаль. Агенцтва захоўвае павышаную гатоўнасьць выконваць сваю ключавую ролю ў праверцы ядзернай праграмы КНДР», — падкрэсьліў генэральны дырэктар МАГАТЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Там вельмі карысна пабываць, вельмі». Паразмаўлялі зь беларусам, які зьезьдзіў турыстам у Паўночную КарэюПра фінансавыя складанасьці ў МАГАТЭ
Рафаэль Гросі паведаміў, што МАГАТЭ «сутыкнулася з сурʼёзнымі цяжкасьцямі» праз затрымкі ў пералічэньні абавязковых унёскаў краінамі-удзельніцамі за 2026 год.
«Агульная сума нявыплачаных абавязковых унёскаў складае 127 мільёнаў эўра. Хачу падзякаваць усім дзяржавам, якія ўжо выплацілі свае ўнёскі за 2026 год, а таксама тым, хто ўнёс авансавыя плацяжы ў рахунак унёскаў за 2027 год. З гэтымі ўнёскамі і пры ўмове хуткага атрыманьня нядаўна абяцаных плацяжоў за 2026 год, агенцтва будзе мець дастатковае фінансаваньне для дзейнасьці да канца году і ў 2027 годзе», — паведаміў генэральны дырэктар МАГАТЭ.
Рафаэль Гросі таксама заклікаў дзяржавы выплаціць свае запазычанасьці перад МАГАТЭ.
Што такое МАГАТЭ
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IAEA) — міжнародная арганізацыя, што ўваходзіць у сыстэму ААН, ажыцьцяўляе паўнамоцтвы разьвіцьця супрацы ў сфэры мірнага выкарыстаньня атамнай энэргіі. Заснавана ў 1957 годзе. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Вене (Аўстрыя).
Пасьля падпісаньня Дагавору аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), усе краіны-ўдзельніцы абавязаныя заключыць з МАГАТЭ пагадненьне аб гарантыях, што не праводзяць дасьледаваньняў вайсковага характару, а выкарыстоўваюць ядзерныя матэрыялы толькі ў мірных мэтах.