У заяве, якую падпісалі кіраўнікі ведамстваў па ядзернай бясьпецы з 38 краін, гаворыцца, што пастаянныя абстрэлы расейскімі войскамі ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры падрываюць бясьпеку атамных аб’ектаў ва Ўкраіне.
Калі Масква выканае свой плян цалкам пакінуць Украіну без электрычнасьці гэтай зімой, наступствы для атамных абʼектаў будуць непрадказальнымі і могуць прывесьці да аварый і радыяактыўных выкідаў, якія закрануць як Украіну, так і, магчыма, іншыя краіны.
Заяву падпісалі прадстаўнікі Асацыяцыі кіраўнікоў эўрапейскіх ведамстваў у радыяцыйнай бясьпецы (HERCA), Заходнеэўрапейскай асацыяцыі ядзерных рэгулятараў (WENRA) і Паўночнай асацыяцыі радыяцыйнай бясьпекі (NORA).
Кіраўнік HERCA і NORA Пэр Странд заявіў, што ў выпадку поўнага блэкаўту ва Ўкраіне крыніцамі небясьпекі могуць стаць усе дзевяць атамных рэактараў краіны. «Дзевяць рэактараў з магчымасьцю радыяактыўных выкідаў адначасова — гэта вельмі цяжкая сытуацыя», — сказаў Странд.
Ён падкрэсьліў, што пазьбегнуць такой небясьпекі можна, калі ўжо зараз аказаць ціск на Расею, каб тая спыніла свае атакі на энэргетычную інфраструктуры. У адваротным выпадку, сказаў Странд, эўрапейскім краінам неабходна будзе перайсьці ў рэжым павышанай гатоўнасьці да ядзернага інцыдэнту і да яго наступстваў.
Ва Ўкраіне ёсьць чатыры атамныя электрастанцыі. Тры зь іх забясьпечваюць каля 80 працэнтаў электрычнасьці ў краіне. Чацьвёртая — Запароская атамная электрастанцыя — знаходзіцца пад расейскім кантролем і разьмешчана непадалёк ад лініі фронту. Цяпер яна не вырабляе электрычнасьці, але атрымлівае яе з Украіны, каб падтрымліваць астуджэньне рэактараў. З пачатку вайны, паводле зьвестак МАГАТЭ, Запароская АЭС 27 разоў мела перабоі з электрасілкаваньнем і была вымушана пераходзіць на рэзэрвовыя дызэльныя генэратары.
Форум