Выданьне Politico паведаміла, што Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) заявіў пра дэфіцыт 500 мільёнаў эўра, патрэбных для тэрміновых рамонтных працаў на чацьвертым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС.
У банку прызналі, што для перадухіленьня патэнцыйнай экалягічнай катастрофы пасьля шкоды, нанесенай расейскімі атакамі, патрэбна міжнароднае фінансаваньне. ЭБРР шукае сродкі на аднаўленьне гіганцкай сталёвай канструкцыі над рэшткамі 4-га энэргаблёку, які выбухнуў у 1986 годзе. Гэтае збудаваньне, вядомае як «Новы бясьпечны канфайнмэнт» (НБК), абараняе рэшткі рэактару і дазваляе бясьпечна абыходзіцца з радыяактыўнымі матэрыяламі. Яго пашкодзіў удар расейскага бесьпілётніка ў лютым 2025 году.
«Гэта не праблема адной толькі Ўкраіны, — адзначыла ў інтэрвію выданьню прэзыдэнтка ЭБРР Адзіль Рэно-Басо. — Пытаньне ядзернай бясьпекі ў глябальным маштабе павінна хваляваць усіх».
Без рамонту вільгаць можа выклікаць карозію інфраструктуры пад ахоўнай аркай, што ў будучыні зробіць абыходжаньне з радыяактыўнымі матэрыяламі значна цяжэйшым і даражэйшым.
Рэно-Басо падкрэсьліла, што гэтыя рамонтныя працы ня варта разглядаць як канкурэнтныя зь іншымі тэрміновымі патрэбамі Ўкраіны, якая і без таго з цяжкасьцю аднаўляе энэргетычную інфраструктуру, пашкоджаную ў выніку расейскага ўварваньня. Наадварот, урадам варта ўспрымаць іх як інвэстыцыю ў міжнародную ядзерную бясьпеку, наступствы якой выходзяць далёка за межы Ўкраіны.
«Гэта ў значнай ступені яшчэ і пытаньне даверу, — сказала яна. — Калі бачыш, што столькі краін інвэстуюць у ядзерную галіну, павінен быць давер да таго, што пры ўзьнікненьні праблемаў знойдуцца рэсурсы і магчымасьці для іх разьвязаньня».
Рэно-Басо адзначыла, што па-ранейшаму вельмі важна падтрымліваць высокія стандарты бясьпекі і дэманстраваць здольнасьць міжнароднай супольнасці рэагаваць на ядзерныя аварыі.
Ці заплаціць за шкоду Масква
Хоць адказнасьць за ўдар бесьпілётніка, які пашкодзіў збудаваньне, ляжыць на Расеі, ЭБРР не чакае, што Масква ўнясе свой уклад у аплату рамонтных работ.
Аднак Рэно-Басо дадала, што ў будучыні выдаткі на ліквідацыю шкоды ў Чарнобылі могуць быць кампэнсаваныя за кошт ваенных рэпарацыяў.
Паводле ацэнак ЭБРР, аднаўленьне ахоўнага збудаваньня, пашкоджанага падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, абыдзецца прыкладна ў 500 мільёнаў эўра. У кастрычніку краіны G7 паабяцалі вылучыць 260 мільёнаў эўра — больш за палову сумы.
Канфэрэнцыя, якая пройдзе 9 лістапада ў Парыжы пад сустаршынствам Францыі, Украіны і ЭБРР, мае падштурхнуць выкананьне астатніх забавязаньняў. Аднак для збору рэшты сродкаў спатрэбіцца час. Паводле Рэно-Басо, хоць простай пагрозы ад Чарнобылю пакуль няма, пашкоджаньні трэба зьліквідаваць да 2030 году.
Пашырэньне кола донараў
Банк імкнецца забясьпечыць патрэбнае фінансаваньне, каб заключыць кантракты і пачаць асноўныя аднаўленчыя работы ў 2028 годзе; паводле прагнозаў, уласна працы зоймуць каля двух гадоў.
Цяпер ЭБРР спадзяецца пашырыць кола краін, якія ўнясуць складкі. Рэно-Басо згадала эўрапейскія дзяржавы, якія падтрымлівалі ранейшыя чарнобыльскія праекты, а таксама краіны G7, якія пакуль не зрабілі ўнёскаў, і дзяржавы Пэрсыдзкай затокі й іншых рэгіёнаў. Паводле яе, у папярэднюю кампанію збору сродкаў на будаўніцтва «Новага бясьпечнага канфайнмэнту» складкі зрабілі каля 46 краін.
Сузаснавальнікі ЭБРР — Эўрапейскі Зьвяз, Эўрапейскі інвэстыцыйны банк і 77 дзяржаваў, у тым ліку ЗША, Кітай і Расея. Банк быў створаны, каб фінансаваць разьвіцьцё краін Усходняй Эўропы пасьля распаду Савецкага Саюзу. Сёньня ён адзін з асноўных донараў у галіне ядзернай бясьпекі.
Што папярэднічала
14 лютага 2025 году расейскі дрон улучыў у саркафаг, збудаваны пры ўдзеле міжнароднай супольнасьці над чацьвёртым аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.
У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня паведамілі, што пры аглядзе арачнага саркафагу зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцыяў гаражу, плошча скразнога пашкоджаньня склала да 15 квадратных мэтраў. Пажар ад лучаньня дрону змаглі патушыць толькі на 12-ы дзень.
Сёлета ў пачатку чэрвеня расейскія войскі пацэлілі дронам «Герань-2» у сховішча для ядзернага паліва паблізу Чарнобыльскай АЭС. Ад цяжкіх наступстваў уратавала толькі тое, што на момант атакі адпрацаванае ядзернае паліва захоўвалася ў кантэйнэрах за некалькі сотняў мэтраў ад пашкоджанага памяшканьня, а іншыя кантэйнэры, бліжэйшыя, былі парожнімі.
Часовую павець над аварыйным блёкам пабудавалі яшчэ ў 1986 годзе. З 2007 году пры ўдзеле замежных донараў пачалі ўзводзіць новы саркафаг. Яго ўвялі ў дзеяньне ў 2019 годзе, разьлічваючы на яго эксплюатацыю цягам 70–100 гадоў.