«Небяды»
Беларусы стварылі два онлайн-праекты пра жыцьцё ва Ўкраіне. Адзін зь іх — відэападкаст «Небяды». Ён расказвае пра тое, як беларусы жывуць падчас вайны. Яго робяць Алесь Мінаў і Арына Коршунава, якія з 2021 году жывуць у Кіеве.
На канале выйшлі два выпускі: пра тое, як выжыць ва Ўкраіне ўзімку, і ці можна расказваць пра вайну ўсё. Вядоўцы абмяркоўвалі, куды падчас трывогі хадзіць па-вялікаму і колькі каштуе машына-асэнізатар, а таксама — як працаваць з ваеннапалоннымі і як даваць рады эмоцыям.
«Думаю, мы здольныя расказваць пра гэта ў побытавым, вясёлым сэнсе, выклікаючы давер у гледачоў не як журналісты, якія прыяжджаюць і зьяжджаюць, а як людзі, якія ўвесь час знаходзяцца на месцы», — кажа Арына Коршунава, спэцыялістка ў камунікацыях ва ўкраінскім мілітарным фондзе і абарончым стартапе, дзяячка беларускай дыяспары ва Ўкраіне.
Ідэя падкасту зьявілася з патрэбы дакумэнтаваць тое, што зь імі адбываецца ў час вайны, тлумачыць яна.
«Я хачу, каб, калі я выжыву, праз 20–30 гадоў я магла мець матэрыялы, зьвязаныя з маім цяперашнім жыцьцём… Я ня думаю, што напал сьціхае. Думаю, што вір падзеяў працягвае закручвацца. Нас тут усё меней, бо гінуць беларусы, бо зьяжджаюць праз праблемы з дакумэнтамі. Нам вельмі захацелася гэта ўсё фіксаваць», — адзначае Арына.
Яшчэ адна прычына, зь яе словаў, — Украіна становіцца terra incognita для большасьці беларусаў, бо прыехаць туды яны ня могуць, а навіны не даюць поўнага адчуваньня штодзённага побыту ўкраінцаў. Пры гэтым беларусам цікава ведаць, як людзі жывуць ва Ўкраіне падчас вайны, адзначаюць суразмоўцы.
Арына Коршунава і Алесь Мінаў
«Безьліч пытаньняў і да мяне, і да Арыны ад блізкіх, ад сяброў — пра аспэкты жыцьця, пра дробязі. Бывае, у размове ты штосьці кажаш, і чалавек зьдзіўляецца ад нечага, пра што ніколі не задумваўся. Таму хочацца глыбей расказаць», — адзначае журналіст Алесь Мінаў.
Арына тлумачыць, што ўмовы ва Ўкраіне ўвесь час мяняюцца. Да таго ж, мяркуе яна, веданьне, як цяпер даюць сабе рады людзі ва Ўкраіне, не зашкодзіць і жыхарам краінаў Эўразьвязу.
«Разумець базавыя спосабы жыцьця, як можна адаптавацца, як зьбіраць трывожныя валізкі, што такое тактычная мэдыцына — у мяне ў галаве купа ідэяў, варыянтаў гісторыяў, якія можна было б расказваць», — камэнтуе яна.
Падкаст назвалі «Небяды» у памяць пра загінулага сябра, беларускага добраахвотніка Аляксея «Рыжага» Аўдзея, які ваяваў за Ўкраіну і загінуў на купянскім кірунку ў красавіку 2025 году.
Арына Коршунава
«Ён яго (гэтае слова. — РС) ужываў увесь час, калі ў яго пыталі, як ідуць справы. Яго справы маглі ісьці з гледзішча нармальнага чалавека проста жахліва. А ён заўжды казаў „не бяды“ на ўсё. І так і жыў, выкараскваючыся зь любых сытуацыяў з гонарам і весялосьцю. І нам здалося, што настрой нашага падкасту адпавядае гэтаму слову», — тлумачыць Алесь Мінаў.
На сьцяне, на фоне якой аўтары запісваюць падкаст, відаць фатаграфіі іхных загінулых на вайне сяброў, сярод іх і Аляксей. Так яны нібы прысутнічаюць на сустрэчы.
«Я ня прагну некага ткнуць носам у тое, што мы бедныя, няшчасныя. Я хачу дзяліцца тым адчуваньнем трываласьці, якое мы тут маем, адчуваньнем, што мы добра даем рады, хоць і знаходзімся ў няпростых умовах», — падкрэсьлівае Арына.
«Суседзі»
Другі праект, які беларусы робяць ва Ўкраіне, — сэрыя відэапраграмаў «Суседзі», што адлюстроўвае дачыненьні ўкраінцаў зь беларусамі. Яго ствараюць дакумэнталістка Ксенія Галубовіч, якая жыве ў Польшчы, але часта бывае ва Ўкраіне, і Алесь Мінаў.
«Я думала над запамінальнай, нескладанай назвай. Гэта якраз сэнс таго, што я ўкладала ў гэтую праграму, — што мы суседзі і гэта для таго, каб наладзіць нашыя адносіны і паразуменьне паміж беларусамі і ўкраінцамі», — кажа Ксенія.
Праект «Суседзі» таксама выпусьціў два відэа. У першым аўтары апытваюць людзей на вуліцы Беларускай у Кіеве, як тыя жывуць. Гэтая вуліца — у раёне Лук’янаўка, які часта трапляе пад удары расейскіх ракет і дзе шмат зруйнаваных будынкаў.
«„Ой, а што, у Кіеве ўсё яшчэ ёсьць вуліца Беларуская?“ — Кажу: „Так, і мэтро „Менская“». Таксама шмат розных назваў, зьвязаных зь Беларусьсю. Бо некаторыя людзі думалі, што пасьля 2022-га быццам там і духу нашага больш няма», — пераказвае Ксенія зьдзіўленьне беларусаў тым, што тапонімы захаваліся.
Другое відэа — зь вёскі Маскалі Чарнігаўскай вобласьці, на мяжы зь Беларусьсю. З героем Юрыем Дахно Арына пазнаёмілася яшчэ два гады таму, калі езьдзіла на паказ каляднай батлейкі на дэакупаваных тэрыторыях Украіны. Гаворка ў Юрыя падобная да беларускай мовы, зь дзеканьнем-цеканьнем.
«Мы заехалі ў гэтую вёску граць батлейку. Нам сказалі, што там жыве вельмі цікавы мужчына. У маім вяртэпе ўсе былі ўкраінцы, акрамя мяне. Яны ўжо звыклі, што я зь імі трошку размаўляла па-беларуску. І калі ён пачаў з намі гутарыць, гэта быў такі кіношны кадар — яны ўсе павярнуліся да мяне і кажуць: „Чуеш?“ Я кажу: „Я чую. Ён размаўляе як на маёй мове“», — успамінае Арына.
«Акрамя бамбаваньняў, праблемаў з мастамі, ёсьць вельмі шмат цікавага жыцьця навокал. Хочацца паказваць гэтае жыцьцё. Ня толькі тое, што ўзарвалі мост ці зьнікла электрычнасьць. Хочацца паказваць, што жыцьцё працягваецца, і часам яно вельмі кляснае», — кажа Ксенія пра ідэю праекту «Суседзі».
Суразмоўцы шкадуюць, што беларускія мэдыя не зацікаўленыя ў тым, каб асьвятляць тэмы з Украіны, не зьвяртаюцца да іх з запытам на рэпартажы ці гісторыі. Таму вырашылі рабіць гэта самі ў сваіх праектах. Ксенія адзначае, што яна шмат езьдзіць па Украіне, шмат здымае, але потым здымкі часта застаюцца ў архівах. Таксама ейная мэта — паказаць еднасьць і паразуменьне беларусаў і ўкраінцаў.
Ксенія Галубовіч і Алесь Мінаў
«Украіна быццам наагул вылятае з кантэксту і губляецца. Гэта вельмі несправядліва. Мне хацелася, каб беларусы, асабліва ў Беларусі, пабачылі рэальнае звычайнае жыцьцё ўкраінцаў зараз і што ў нас могуць быць нармальныя адносіны нават падчас вайны. І ўвогуле каб Украіна вярнулася ў дыскурс, зь якога яна выпала для беларусаў», — кажа Ксенія Галубовіч.
Арына, якая дакумэнтавала жыцьцё вайскоўцаў, бывала на прыфрантавых тэрыторыях, дадае, што ад вайны ўсе стаміліся, але асьвятляць яе можна ня толькі праз гора і боль.
«Гэта яшчэ і шалёнае разьвіцьцё немагчымымі тэмпамі. Гэта пра тое, як людзі адаптуюцца, пра сьмеласьць, пра гісторыі неймаверных людзей, якія даюць рады гэтаму ўсяму, і пра камандзіраў, і пра апэрацыі, якія тут адбываюцца», — адзначае яна.
Аўтары робяць праекты пра Ўкраіну ў вольны час, сваім коштам. Аднойчы ім ахвяравалі каля 90 эўра «на паліва і бутэрброды», каб зьезьдзіць у адно падарожжа. Стваральнікі хацелі б мець фінансавую падтрымку для сваёй працы. Яны спадзяюцца, што калісьці іхныя відэа пра Ўкраіну будуць паказваць у недзяржаўнай беларускай тэлевізіі.
Ксенія Галубовіч у Кіеве
Відэа абодвух праектаў набралі пакуль што сотні праглядаў. Паводле статыстыкі, расказвае Алесь, іхныя відэа маюць 45% гледачоў з Украіны, 9% з Польшчы і 2,5% зь Беларусі. У асноўным гэта маладая аўдыторыя — да 35 гадоў. Камэнтары пад відэа гледачы пакідаюць і па-беларуску, і па-ўкраінску, зь іх многа пазытыўных.
Адносіны
Аўтары ўкраінскіх праектаў кажуць, што да іх, беларусаў, грамадзянаў краіны-суагрэсара, украінцы амаль ніколі ня ставіліся кепска. Чым даўжэй ідзе вайна, тым лепшае да сябе стаўленьне яны заўважаюць. Яны перакананыя, што гэтыя добрыя адносіны заваёўваюць беларускія добраахвотнікі, што змагаюцца за Ўкраіну. Яшчэ адзін фактар, які выклікае сымпатыю да беларусаў, — беларускія імпрэзы, якія яны ладзяць, як, прыкладам, «Ноч расстраляных паэтаў».
«Няма ўжо прорвы паміж людзьмі. У людзей памяць кароткая, на шчасьце ці на жаль», — адзначае Арына Коршунава.
Арына расказвае, што іхная сяброўка-ўкраінка яшчэ ў 2019 годзе вывучыла беларускую мову, а цяпер часта знаёміць іх з сваімі знаёмымі фразай: «Гэта мае сябры-беларусы». Яна дадае, што паміж людзьмі адносіны добрыя, а праблемы ўзьнікаюць на ўзроўні дзяржаўных органаў, банкаў. Але нават там супрацоўнікі могуць па-чалавечы спачуваць сытуацыі, у якой аказаліся беларусы ў іхняй краіне.
Гандаль кветкамі ў Кіеве падчас вайны. Фота Ксеніі Галубовіч
«У нас шмат клясных сяброў з Украіны. Я пастаянна сустракаю на вуліцы людзей, каторыя раптам кажуць: „Я люблю песьню вашага гурту“, напрыклад, Nizkiz. Нехта кажа: „Я люблю глядзець на YouTube вашыя гістарычныя падкасты. Мне падабаецца беларуская мова“. У Харкаве таксіст мне сказаў: „Я люблю Славу Камісаранку. Так шкада, што ён зараз не прыедзе да нас з канцэртам“», — заўважае Ксенія Галубовіч.
Яна ўспамінае гісторыю ў адным украінскім сяле, калі ейная сяброўка прадставіла яе сваім сваякам: «А гэта Ксюша, яна зь Беларусі, але яна ня можа вярнуцца дадому».
«І ейная цётка з сумным тварам кажа: „Ну і што? Ну будзеш украінка“», — расказвае журналістка.
Суразмоўцы кажуць, што ні разу ня чулі ў дачыненьні да сябе выраз «йо*ані білоруси», які часта пісалі інтэрнэт-камэнтатары нібыта ад імя ўкраінцаў, асабліва на пачатку поўнамаштабнай вайны.
«Я яго сама казала часьцей, чым чула», — усьміхаецца Арына.
Зь ейных словаў, калі яна цяпер сутыкаецца з нэгатыўным стаўленьнем да сябе ў інтэрнэце, то запрашае апанэнта на каву або піва пагаварыць — але ніхто не пагаджаецца. Некалькі разоў яны сутыкаліся з насьцярожаным да сябе стаўленьнем некаторых украінцаў, але пасьля размовы зь імі адносіны зьмяняліся на прыязныя.
Арына згадвае гісторыю з 2023 году, калі ў цягніку пазнаёмілася зь дзяўчынай-украінкай, якая, калі даведалася пра сытуацыю ў Беларусі, шчыра ёй спачувала. А потым расказала, што яна сама з Чарнігаўшчыны і пры спробе выехаць з акупаванай тэрыторыі на пачатку поўнамаштабнай вайны расейцы забілі ейную маці, ёй самой адарвала ступню, і ім з братам давялося некалькі тыдняў хавацца ў падвале.
Алесь Мінаў расказвае, што ён ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня езьдзіў як журналіст па ўкраінскіх рэгіёнах, у тым ліку прыфрантавых.
«Я заўсёды казаў, што я беларускі журналіст. Мяне больш за ўсё кранала неінфармаванасьць сярэднестатыстычных украінцаў пра сытуацыю ў Беларусі. Адно з частых пытаньняў, якое я чуў: „Ой, а вы зараз зробіце матэрыял і вернецеся ў Менск, так?“». Неразуменьне стану беларускай мовы, беларускай культуры», — камэнтуе Алесь.
Мова
І беларускую мову ўкраінцы ўспрымаюць пазытыўна, сьцьвярджаюць нашыя суразмоўцы. Яны самі пры запісе відэа для праекту «Суседзі» размаўляюць і па-ўкраінску, і па-беларуску. І амаль ніколі не сутыкаюцца з непаразуменьнем.
«Гэта настолькі няважна людзям, гэта абсалютна не праблема. Людзі агулам пазытыўна рэагавалі. Або некаторыя настолькі замучаныя і стомленыя, што праблема была ня ў тым, беларусы мы ці яшчэ нехта. Праблема была ў тым, што многія вельмі стаміліся: „А што мы можам вам сказаць?“. Глядзелі навокал — на ўсё згарэлае, разьбітае, асабліва бабулечкі. Калі яны адмаўлялі, то не таму, што мы робім і хто мы», — камэнтуе Ксенія іхны рэпартаж з Лук’янаўкі.
Некаторыя суразмоўцы, наадварот, просяць гаварыць зь імі менавіта па-беларуску. У інтэрвію мы гаворым на беларускай мове, але ў суразмоўцаў, што шосты год жывуць ва Ўкраіне, хоцькі-няхоцькі праскокваюць словы па-ўкраінску.
«Год таму прыяжджаў мой знаёмы з Польшчы і пытаецца: „Што будзе, калі я буду па-беларуску размаўляць?“ Мы селі ў бары, бармэн пачуў, што я па-беларуску размаўляю. Ён пачаў расказваць: „Ваў, як клясна, вы такія малайцы, што па-беларуску размаўляеце“», — успамінае Арына і дадае, што гэткія гісторыя здараюцца штодня.
Яна дадае, што цяпер адчувае да сябе ва Ўкраіне больш прыязнае стаўленьне, чым у Польшчы.
Арына Коршунава тлумачыць, што беларуская дыяспара ва Ўкраіне невялікая, таму яны ня могуць закрыцца толькі ў сваім эмігранцкім коле. Беларусы пастаянна камунікуюць з украінцамі, супрацоўнічаюць зь імі, сябруюць, шукаюць ляяльныя пляцоўкі і арганізацыі, каб ладзіць свае падзеі. Але ў гэтага ёсьць адваротны бок.
«Пытаньне захаваньня ідэнтычнасьці стаіць вельмі востра ў нас ва Ўкраіне. Кожны беларус, прыехаўшы, вельмі моцна ўключаецца ў кантэкст і пачынае размаўляць па-ўкраінску хутчэй, чым па-беларуску», — кажа яна.
Алесь дадае, што беларусам ва Ўкраіне лягчэй «стаць сваімі», чым у краінах Эўразьвязу, праз большае падабенства моваў і культуры.
«І гэта спакусьліва», — дадае ён.
Пры гэтым беларусы свае імпрэзы ва Ўкраіне вядуць прынцыпова па-беларуску, каб захаваць сябе, хаця палова аўдыторыі можа складацца з украінцаў. Свае праекты пра Ўкраіну яны таксама робяць прынцыпова па-беларуску.
«Па-першае, гэта выклікае хвалю вялікай падтрымкі. А па-другое, калі чалавек бачыць, што разумее яшчэ адну мову, ён ад гэтага робіцца бязьмежна шчасьлівым. І я гэты азарт і цікавасьць заўжды падтрымаю. Я ўсіх абсалютна шчыра запрашаю ва Ўкраіну, бо тут жыцьцё віруе. Балянс эмоцыяў забясьпечаны, будзе добра, будзе кепска, будзе вельмі кепска, будзе вельмі добра», — падсумоўвае Арына.