«Гэта не падарунак. Грошы, выведзеныя з TikTok, паступаюць ад замежнай кампаніі (уладальніка плятформы), а не ад фізычнай асобы. Таму льготы на падарункі (артыкул 208 Падатковага кодэксу) тут не працуюць», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Паводле ведамства, даходы ад дзейнасьці на TikTok разглядаюцца як даходы з-за мяжы і на іх налічваецца падаходны падатак у 13%.
«Блогер — падатковы рэзыдэнт Рэспублікі Беларусі павінен самастойна падаць падатковую дэклярацыю і заплаціць 13% ад усяго заробку», — падкрэсьлілі ў міністэрстве.
Пры гэтым падатковікі зьвярнулі асобную ўвагу на тое, што толькі ў адным выпадку блогер можа не плаціць падатак: калі грошы пералічваюцца наўпрост на банкаўскую карту блогера без паслугаў унутранай сыстэмы TikTok. «Гэта лічыцца падарункам ад фізычнай асобы. На такія сумы льготы дзейнічаюць, і падатак сплачваць ня трэба», — дадалі ў ведамстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новыя рахункі за ацяпленьне і тарыфы на паслугі «Белтэлекаму»; павысяць пэнсіі і дапамогу дзецям. Што зьменіцца для беларусаў у лістападзеЧаму гэта важна
Праект дзяржаўнага бюджэту Беларусі на 2027 год прадугледжвае даходы ад падаткаў у 43,508 мільярда рублёў. Падаткі фізычных асобаў ідуць у мясцовыя бюджэты, а іх агульная сума, якую плянуюць на наступны год, стане вядомая толькі пасьля канчатковага ўхваленьня мясцовых і нацыянальнага бюджэтаў. Апошні ў двух чытаньнях ухваліла Палата прадстаўнікоў і перадала на разгляд Савету рэспублікі. Пасьля гэтага рэспубліканскі бюджэт мае падпісаць Аляксандар Лукашэнка.
Падатковыя органы ня раз заяўлялі, што блогеры не даплачваюць падаткі, аднак у адкрытых крыніцах няма інфармацыі аб адміністрацыйных ці крымінальных справах супраць іх за нясплату падаткаў.
Вядома, што падатковікі пэрыядычна ладзяць праверкі, найбольшая зь якіх адбылася два гады таму, калі блогеры нібыта не даплацілі «сотні тысяч рублёў падаткаў». Іх выклікалі ў падатковыя інспэкцыі і налічвалі дадатковыя складкі.