Брытанскі прэм’ер раскрытыкаваў Brexit і прапанаваў абмеркаваць новыя адносіны з ЭЗ

Эндзі Бэрнэм, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Эндзі Бэрнэм раскрытыкаваў выхад сваёй краіны з Эўразьвязу, заявіўшы, што «той Brexit, які мы атрымалі, не спрацаваў» і «мы страцілі больш, чым набылі».

На традыцыйным штогадовым банкеце лорд-мэра лёнданскага Сіці кіраўнік ураду паведаміў, што Вялікая Брытанія пачынае перамовы з Эўразьвязам аб пераглядзе пагадненьня.

«Азіраючыся назад, можна сказаць, што Brexit стаў першай косткай даміно, якая ўпала ў глябальным руху да большай ізаляцыі і пратэкцыянізму, калі міжнародныя справы вызначаюць карысьлівыя інтарэсы, а не каштоўнасьці. І самае сумнае палягае ў тым, што менавіта гэтага хацелі нашыя ворагі. Расея хацела разьяднанасьці ў NATO і слабейшай Эўропы, менш здольнай супрацьстаяць ейным плянам адносна Ўкраіны», — заявіў Бэрнэм.

20 лістапада Эндзі Бэрнэм мае сустрэцца з эўрапейскімі кіраўнікамі на саміце ў Брусэлі. Яны плянуюць абмеркаваць супрацоўніцтва розных сфэрах.

Перад самітам Бэрнэм таксама назваў тры ўмовы перагляду пагадненьня вакол Brexit:

  • яно не павінна супярэчыць перадвыбарным абяцаньням Лейбарысцкай партыі не вяртацца на адзіны рынак, у мытны зьвяз і да свабоды перамяшчэньня;
  • павінна быць лепшым за цяперашняе пагадненьне і адпавядаць чаканьням брытанцаў, якія галасавалі за выхад з ЭЗ;
  • павінна прынесьці адчувальныя паляпшэньні ў паўсядзённым жыцьці людзей.

Бэрнэм падкрэсьліў, што на кожным этапе «вырашаць будзе брытанскі народ».

Ён таксама раскрытыкаваў папярэднія ўрады, якія, паводле яго, не надавалі ўвагі саюзьнікам Вялікай Брытаніі, чым нашкодзілі ейнаму міжнароднаму аўтарытэту.

У чэрвені 2016 году на рэфэрэндуме за выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ прагаласавалі 51,9% выбарнікаў. Краіна афіцыйна выйшла з Эўразьвязу 31 студзеня 2020 году.

Сярод галоўных прычынаў падтрымкі Brexit было імкненьне вярнуць кантроль над нацыянальнай палітыкай і заканадаўствам, а таксама абмежаваць іміграцыю.

Эндзі Бэрнэм стаў прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі сёлета 20 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нічога пра беларусаў без беларусаў»: Латушка прапанаваў прызначыць спэцпасланьніка ЭЗ па Беларусі

На мінулым тыдні з Бэрнэмам сустрэлася Ціханоўская

13 лістапада ў падчас саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Дубліне зь ім сустрэлася Сьвятлана Ціханоўская. Ціханоўская ўзьняла пытаньні вызваленьня і падтрымкі палітвязьняў, дапамогі незалежным мэдыям і грамадзянскай супольнасьці, а таксама прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці за злачынствы, у тым ліку за выкраданьне ўкраінскіх дзяцей. Яны абмеркавалі падтрымку Ўкраіны, ролю дэмакратычнай Беларусі ў эўрапейскай бясьпецы, залежнасьць рэжыму Лукашэнкі ад Расеі і працяг рэпрэсіяў. Асобную ўвагу надалі захаваньню міжнароднага ціску на рэжым, сынхранізацыі санкцыйнай палітыкі Вялікабрытаніі і Эўразьвязу, а таксама неабходнасьці ўздымаць беларускае пытаньне на міжнародных пляцоўках, паведаміў тэлеграм-канал Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз увёў новыя санкцыі, яны закранулі Wildberries і порт Усьць-Луга