«Лукашэнка можа не баяцца беларускай апазыцыі». Чалы пра тое, хто насамрэч пагражае рэжыму

Сяргей Чалы

Беларускія дэмакратычныя сілы сёньня маюць вельмі абмежаваныя магчымасьці ўплываць на рашэньні Аляксандра Лукашэнкі. Аднак гэта не азначае, што ягоная ўлада знаходзіцца ў бясьпецы. Эканаміст і палітычны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што ў Беларусі захоўваецца патэнцыял для новых масавых выступаў, а незадаволенасьць Лукашэнкам нарастае нават унутры дзяржаўнага апарату.

Пра гэта ён расказаў у праграме «Канапа» Радыё Свабода.

На пытаньне, ці здольныя Сьвятлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў сёньня ўплываць на падзеі ў Беларусі, Чалы адказаў, што іхныя магчымасьці абмежаваныя самой прыродай цяперашняга рэжыму.

«Калі мая базавая гіпотэза заключаецца ў тым, што чалавек, які меркавана валодае ўсёй паўнатой улады, ня можа зрабіць нічога, то, натуральна, яшчэ менш можа зрабіць чалавек, які не валодае ўсёй паўнатой улады. І гэта ня іх віна», — сказаў аналітык.

Паводле яго, Лукашэнка сам стаў закладнікам створанай ім сыстэмы. Чалы лічыць, што кіраўнік Беларусі ўжо ня можа нават свабодна прымаць рашэньні аб вызваленьні палітычных зьняволеных, паколькі мусіць улічваць інтарэсы сілавога апарату.

«Уся краіна, усе людзі сталі закладнікамі. І мы ў тым ліку. Ён сам сябе загнаў у гэтую яму, зь якой ужо ня выберацца. Ён закладнік гэтага шляху, а ў канцы гэтага шляху — самы нэгатыўны сцэнар для яго».

«Велізарнае дасягненьне дэмакратычных структураў»

Пры гэтым Чалы ня лічыць дзейнасьць беларускай апазыцыі марнай. Наадварот, ён адзначае яе гістарычную ролю ў фармаваньні беларускай палітычнай нацыі.

«Ёсьць велізарнае дасягненьне дэмакратычных структураў менавіта ў тым, што ўсё-такі беларусам удалося адмежаваць сябе ад Лукашэнкі».
На думку аналітыка, падзеі 2020 году сталі прынцыпова важным момантам у гісторыі беларускага грамадзтва.

«Гэта кропка адліку для абсалютна ўсіх: і тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся, і ва ўладзе, і пад уладай. А выбары — гэта самы галоўны плебісцыт, які можа быць. І я думаю, што ні ў кога няма сумневаў, нават па той бок мяжы, што Лукашэнка з трэскам прайграў гэтыя выбары».

Чалы таксама зьвярнуў увагу на тое, што беларуская эміграцыя пасьля 2020 году здолела стварыць і захаваць уласныя грамадзкія і палітычныя інстытуты.

«Гэта фактычна адзіная сур’ёзная хваля эміграцыі пасьля вайны. Ды яшчэ інстытуцыяналізаваная. Калі людзі не заняліся індывідуальным выжываньнем, а па-ранейшаму падтрымліваюць гэтыя інстытуты гарызантальнай салідарнасьці, і ў тым ліку вэртыкальнай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка ведае, што задумвае Пуцін, і вельмі гэтага баіцца». Чалы пра пагрозу новай вайны

«Лукашэнка кіруе толькі страхам»

На думку Чалага, адсутнасьць масавых пратэстаў у Беларусі не азначае, што грамадзтва падтрымлівае ўладу ці што прычыны незадаволенасьці зьніклі.

«Нічога ж не памянялася. З 2020 году стала толькі горш, насамрэч. Я засьпеў позьнія дысідэнцкія савецкія гады, калі ў канцы жыцьця сыстэмы была вельмі сур’ёзная прапаганда, ідэалёгія, але ўжо ніхто ні ў што ня верыў. Ты прамаўляеш рытуальныя словы, але ўсе разумеюць, што ўсё згніло».

Менавіта таму, лічыць Чалы, Лукашэнка баіцца нават нязначнай лібэралізацыі.

«Ён жа кіруе зараз толькі страхам. Толькі. Для яго гэта сыгнал таго, што ўсе вырашаць, што ўжо можна. Што прыйшоў той час, калі ўжо няма страху».

Небясьпека можа прыйсьці і знутры сыстэмы

Паводле Чалага, незадаволенасьць Лукашэнкам існуе ня толькі сярод ягоных праціўнікаў, але і ў дзяржаўным апараце.

«Я ж бачу, што зрэе незадаволенасьць Лукашэнкам унутры яго ўласнага чыноўніцкага апарату», — заявіў аналітык.

Пры гэтым Чалы перасьцярог ад развагаў, што любыя спробы зьмяніць сытуацыю ў Беларусі непазьбежна прывядуць да расейскага вайсковага ўмяшаньня. На яго думку, такая лёгіка паралізуе волю да дзеяньняў і фактычна працуе на карысьць Лукашэнкі.

«Такія разважаньні прыводзяць да паралічу любой волі. Значыць, нічога рабіць ня трэба, таму што прыйдзе Расея. І Лукашэнка — гарант незалежнасьці. Гэта ўсе гэтыя кадэбэшныя наратывы».

Такім чынам, на думку Чалага, галоўная праблема дэмакратычных сілаў сёньня палягае не ў адсутнасьці грамадзкай падтрымкі ці гістарычнай легітымнасьці, а ў абмежаванасьці інструмэнтаў уплыву на закрытую аўтарытарную сыстэму. Аднак саму гэтую сыстэму аналітык ня лічыць стабільнай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка стаў фаталістам». Чалы патлумачыў, навошта той увесь час езьдзіць па кароўніках