Дата дня
18 лістапада 1883 году нарадзіўся Язэп Лёсік, палітык, мовазнаўца, пісьменьнік і пэдагог, удзельнік нацыянальна-вызвольнага й сацыялістычнага руху пач. ХХ ст., вязень царскіх турмаў і палітвысланец, у 1918–1919 гг. старшыня Рады БНР. Аўтар падручнікаў «Практычная граматыка», «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова. Правапіс». У 1930 годзе яго арыштавалі па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Памёр 1 красавіка 1940 году ў саратаўскай турме (паводле іншай версіі, быў расстраляны адразу па абвяшчэнні прысуду).
Гэты дзень у гісторыі
1700 — бітва пад Алькенікамі (цяпер Valkininkai) супраць гегемоніі роду Сапегаў падчас унутранай вайны ў ВКЛ. Сапегі пацярпелі паразу.
1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Латвіі.
1926 — Палітбюро Усерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту прыняло рашэньне пра далучэньне Гомельскага і Рэчыцкага паветаў да Беларускай ССР. Перад гэтым адмысловая камісія вывучыла нацыянальны склад насельніцтва і прызнала яго пераважна беларускім.
Мапа Беларусі ў 1925 годзе, яшчэ бяз Рэчыцкага і Гомельскага паветаў
1936 — у Менску адкрылі Дом Чырвонай Арміі, цяпер Цэнтральны дом афіцэраў, збудаваны паводле праекту архітэктара Іосіфа Лянгбарда. Падчас ягонага будаўніцтва перарабілі колішняе архірэйскае падвор’е зь Сьвята-Пакроўскай царквой. Сьцены храму сталі сьценамі тэатральнай залі.
Менская Пакроўская (Крыжовая) царква і дом архірэя, дзе ў 20-я гады ХХ ст. жыў мітрапаліт Мэльхісэдэк. Сьцены і падмуркі выкарысталі для цяперашняга Менскага дому афіцэраў
1939 — у Берасьці каля 200 бежанцаў, пераважна жанчын, зладзілі акцыю пратэсту, патрабуючы дазволіць ім перайсьці мяжу. Пасьля падзелу Польшчы паміж СССР і нацысцкай Нямеччынай у горадзе сабраліся каля 22 тысяч чалавек, якія чакалі магчымасьці вярнуцца на занятую немцамі тэрыторыю. Людзям бракавала харчаваньня, адзеньня і мэдычнай дапамогі. Нямецкія ўлады адмаўляліся іх прымаць. Cавецкія ўлады разагналі пратэст.
1962 — выйшаў з друку № 11 савецкага літаратурнага часопіса «Новый мир», у якім была ўпершыню апублікаваная аповесьць Аляксандра Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».
1978 — у Гаяне загінулі больш за 900 удзельнікаў рэлігійнай арганізацыі «Храм народаў», якой кіраваў амэрыканскі прапаведнік Джым Джонс. Амаль усе яны былі амэрыканцамі. Большасьць памерла ад атручэньня пасьля загаду лідэра культу, многіх прымусілі прыняць атруту гвалтам, у тым ліку і больш як 300 дзяцей і падлеткаў.
2020 — па ўсёй Беларусі ўведзены масачны рэжым.
2020 — Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША чарговы раз ухваліла Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі.
У гэты дзень нарадзіліся
1787 — Люі-Жак Дагер, францускі мастак і вынаходнік, адзін з заснавальнікаў фатаграфіі.
1901 — Джордж Гэлап, амэрыканскі сацыёляг, заснавальнік вядомага ва ўсім сьвеце Інстытуту Гэлапа.
Джордж Гэлап
1902 — Міхась Машара, беларускі паэт, празаік і драматург, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. За грамадзкую і палітычную дзейнасьць быў зьняволены польскімі ўладамі ў Лукіскай турме ў Вільні.
Янка Брыль, Янка Шарахоўскі і Міхась Машара на юбілеі Якуба Коласа ў Каралішчавічах. 1952
1903 — Юзаф Грасевіч, каталіцкі сьвятар, папскі прэлат, шматгадовы пробашч касьцёла ў Каменцы на Гарадзеншчыне. У Другую сусьветную вайну яго зьняволілі немцы, у 1951 годзе — саветы асудзілі яго на 25 гадоў лягераў. Вызвалены ў 1956 годзе, працягнуў сьвятарскае служэньне ў Беларусі.
1912 — Павал Кавалёў, беларускі пісьменьнік, у 1955–1967 гадах — рэдактар часопісу «Вожык», у 1967-1972 гадах — галоўны рэдактар часопісу «Полымя».
1923 — Алан Шэпард, амэрыканскі астранаўт, першы амэрыканец, які пабываў у космасе. 5 траўня 1961 году, менш чым празь месяц пасьля гістарычнага палёту Юрыя Гагарына, зьдзейсьніў субарбітальны палёт на караблі «Фрыдам-7». У 1971 годзе камандаваў экспэдыцыяй «Апалён-14» і высадзіўся на Месяцы.
Алан Шэпард з шымпанзэ Хэмам, які апярэдзіў яго ў космасе. 31 студзеня 1961 году Хэм зьдзейсьніў субарбітальны палёт працягласьцю 16 хвілін 39 сэкундаў. Пасьля гэтага 5 траўня 1961 году ў космас паляцеў першы амэрыканскі астранаўт — Алан Шэпард
1931 — Анатоль Вярцінскі, беларускі паэт, грамадзкі і палітычны дзяяч, у 1986−1990 гадах — галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва», якая ў 1988 годзе апублікавала артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці» пра сталінскія расстрэлы пад Менскам. У 1990-я гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі.
Анатоль Вярцінскі
1931 — Генадзь Мурамцаў, скульптар.
1952 — Эдвард Зайкоўскі, археоляг і асьветнік. На мяжы 1970–1980-х гадоў браў удзел у дзейнасьці «Беларускай Майстроўні» — аднаго з асяродкаў беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гісторыя аднаго цуду: Эдвард ЗайкоўскіУ памяці
1625 — Салямон Рысінскі, паэт-лацініст, першы, хто назваў сябе беларусам. У 1586 годзе, паступаючы ва ўнівэрсытэт Альтдорфу ў Нямеччыне, ён пазначыў сябе беларусам. Для гэтага ўраджэнец Полаччыны выкарыстаў тэрмін «Leucorussus». Цалкам гэта гучала як Solomo Pantherus Leucorussus.
Пратэстант паводле веравызнаньня, Рысінскі быў пасьлядоўным у называньні сябе беларусам. У 1588 годзе ў лісьце да свайго нямецкага сябра Конрада Рытэрсгаўзэна ён упершыню назваў сваю радзіму «Беларусьсю», дзеля гэтага ўжыўшы тэрмін «Leucorossia».
Напісаў Статут Слуцкай пратэстанцкай школы, быў сябрам Лідзкай супольнасьці кальвіністаў, выдаў зборнік прыказак. Памёр у Дзяляцічах на Наваградчыне, пахаваны ў Любчы на кальвінскіх могілках, якія не захаваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як беларусы змагаліся за сваю школу пры ўсіх рэжымах. Да Дня беларускае школы1922 — Марсэль Пруст, францускі пісьменьнік.
Марсэль Пруст
1937 — Адам Бычкоўскі, беларускі грамадзкі дзяяч, юрыст, адзін з арганізатараў беларускага нацыянальнага руху на Гарадзеншчыне. Узначальваў Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, удзельнічаў у беларускіх культурных імпрэзах. У 1930-я гады дапамагаў беларусам Варшавы стварыць уласную асьветную арганізацыю, падрыхтаваў яе статут і дамагаўся афіцыйнай рэгістрацыі.
1962 — Нільс Бор, дацкі фізык, адзін з заснавальнікаў квантавай мэханікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы.
Нільс Бор
1979 — Гаўрыла Верасаў, беларускі шахматыст, шасьціразовы чэмпіён БССР, вынаходнік дэбюту Верасава.
2007 — Віктар Роўда, беларускі харавы дырыжор, народны артыст СССР і Беларусі, прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
2011 — Элеанора Вецер, мастацтвазнаўца, адна са стваральніц Музэю старажытнай беларускай культуры ў Акадэміі навук.
2020 — Любоў Румянцава, беларуская актрыса тэатру і кіно, заслужаная артыстка БССР. Найбольшую вядомасьць ёй прынесла роля італьянскай дзяўчыны Джуліі Навэлі ў фільме «Альпійская балада» (1965), зьнятым паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава.
Здымкі фільму па прозе Васіля Быкава. Кадар з «Альпійскай баляды». Іван — Станіслаў Любшын, Джулія — Любоў Румянцава