Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліла ў другім чытаньні законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2027 год.
Як сказана ў афіцыйным паведамленьні, «бюджэт захоўвае дакладную сацыяльную накіраванасьць».
Выдаткі ў 2027 годзе заплянаваныя на ўзроўні 60,834 мільярда рублёў, а даходы — 58,903 мільярда рублёў. Дэфіцыт у 1,93 мільярда рублёў плянуюць прафінансаваць толькі за кошт унутраных рэсурсаў. Вонкавае фінансаваньне дэфіцыту бюджэту, прынамсі ў апублікавангым раней праекце, не прадугледжана.
Свабода паглядзела, якія выдаткі на ахову здароўя, культуру і дзяржаўныя СМІ прадугледжвае праект дакумэнту да яго ўхваленьня ў двух чытаньнях.
На ахову здароўя прапанавалі вылучыць 3,89 мільярда рублёў, на сацыяльную палітыку — 3,991 мільярда рублёў, на адукацыю — 2,969 мільярда рублёў, на культуру — 327,011 мільёна рублёў, на дзяржаўныя СМІ — 221,684 мільёна рублёў.
Пры гэтым на абарону прадугледжана 5,187 мільярда рублёў, а на судовую ўладу, сілавыя структуры і органы бясьпекі — 7,473 мільярда рублёў. У 2026 годзе гэтыя лічбы складалі адпаведна 4,521 і 6,701 мільярда рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Улады Беларусі зноў павялічваюць фінансаваньне абароны і сілавікоў. Якія расходы прапануюць у бюджэце на 2027 годШто кажуць экспэрты
Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі ў размове з Свабодай адзначыў, што бюджэт на 2027 год «больш сьціплы» ў параўнаньні зь леташнімі аналягічнымі дакумэнтамі, хоць ён і прадугледжвае на некаторыя артыкулы большы рост выдаткаў, чым на паказьнік плянаванай інфляцыі:
«Плян выдаткаў бюджэту не павялічваецца на наступны год. Бо фактычна скарачаюцца выдаткі на агульнадзяржаўную дзейнасьць. Гэта тычыцца ў асноўным субсыдыяў і трансфэраў для рэгіёнаў, якія таксама ідуць на субсыдыі. Гэта тычыцца падтрымкі стратных прадпрыемстваў. І я б сказаў, што гэта вельмі сьціплы бюджэт. Прычына гэтага толькі адна. На гэты год заплянавалі скарачэньне на 20% паступленьняў „гуманітарнай дапамогі ад іншаземных дзяржаваў“. То бок Беларусь проста ня можа болей разьлічваць, што Расея будзе яе ўтрымліваць», — сказаў Андрэй Махоўскі.
Ён дадаў, што ў параўнаньні зь мінулым годам сацыяльныя выдаткі павялічваюцца прыблізна на 11–12 %. «У сярэднім на мэдыцыну, на адукацыю яны павялічваюцца болей, а інфляцыя пры гэтым заплянавана ў 6%. Мы можам абсалютна дакладна казаць, што бюджэт захоўвае прынамсі ня меншую сацыяльную накіраванасьць, чым гэта было ў мінулых праектах бюджэту, бо рэальныя выдаткі на сацыялку ў гэтым бюджэце вырастаюць», — сказаў эканамічны аглядальнік.
«Галоўная асаблівасьць гэтага бюджэту ня ў тым, як зьмяніліся суадносіны паміж выдаткамі на вайскоўцаў і мэдыкаў. Яна ў тым, што гэты праект бюджэту значна больш сьціплы, чым мінулыя праекты», — адзначыў Андрэй Махоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дасьледаваньне: выгады Беларусі ад расейскага паліўнага крызісу вычарпаныяЧаму гэта важна
Аляксандар Лукашэнка цягам усяго свайго быцьця ва ўладзе заяўляў аб сацыяльна арыентаванай накіраванасьці дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, аб перавагах бясплатнай мэдыцыны і адукацыі.
У той жа час дзяржава працягвае захоўваць за сабой моцную рэгулятарную функцыю ў эканоміцы.
Выдаткі на ўтрыманьне сілавых структураў ужо каторы год перавышаюць выдаткі на нацыянальную абарону.