Сьцісла
- Лукашэнка мае спадзеў, што з дапамогай кадравых перамен можна вырашыць сыстэмныя заганы створанай сацыяльная мадэлі.
- Выглядае, што Віцебская вобласьць становіцца прорвай і ў кадравым пляне.
- Прадстаўнікі сілавых структураў займаюць усё больш кіроўных пасадаў у «цывільных» сфэрах.
Кадравая ліхаманка
Нечаканая адстаўка былога кіраўніка Віцебскай вобласьці Аляксандра Рагожніка стварала пэўную інтрыгу: каго цяпер кінуць на гэтую правальную пасаду. І вось маем адказ. Гэта Павал Муравейка, якога паўтара месяца таму Лукашэнка прызначыў намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Перад гэтым ён займаў пасаду начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сіл — першага намесьніка міністра абароны, а да таго быў намесьнікам дзяржсакратара Савету бясьпекі.
Пра што сьведчыць гэтае прызначэньне?
Найперш, такая кадравая чахарда кажа і пра непасьлядоўнасьць кадравай палітыкі, і пра кароткую лаўку «запасных», пра голад на эфэктыўных кіраўнікоў, і пра веру ў тое, што «кадры вырашаюць усё».
Спадзеў на тое, што з дапамогай кадравых перамен можна вырашыць сыстэмныя заганы створанай у краіне сацыяльная мадэлі, ілюзія.
Летась 20 лістапада Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволеньне кіраўніку сваёй адміністрацыі Дзьмітрыю Крутому працай па падбору кадраў. Маўляў, дрэнная кадравая палітыка прыводзіць да таго, што няма стабільнасьці, даводзіцца «тасаваць гэтую калоду кожны год ці праз два-тры гады».
І гэта сапраўды так. Той жа Аляксандр Рагожнік міністрам прамысловасьці прапрацаваў менш двух гадоў, амбасадарам Беларусі ў Расеі — паўтара году, кіраўніком Віцебскай вобласьці — дзевяць месяцаў.
І вось Павал Муравейка папрацаваў на мінулай пасадзе намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца і быў перакінуты ў Віцебск.
Кадравая ліхаманка — гэта зусім не прыкмета стабільнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Муравейку праз паўтара месяца пасьля прызначэньня ў адміністрацыю Лукашэнкі адправілі ў Віцебскую вобласьцьВіцебская вобласьць — кадравая прорва
Ужо два гады Лукашэнка вырашае праблему, як выратаваць Віцебшчыну. Ён вымушаны быў прызнаць, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў Віцебскай вобласьці жахлівая. Лукашэнка на любых нарадах узгадваў Віцебшчыну як «знак бяды», як рэгіён заняпаду, патрабаваў прыняцьця нейкіх надзвычайных захадаў, каб «ня страціць» вобласьць.
Прычым выглядае, што Віцебская вобласьць становіцца прорвай і ў кадравым пляне. Бо адстаўкі ейных кіраўнікоў адбываліся на мяжы скандалу.
Паказальнай былі гісторыя адстаўкі былога старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Субоціна. Паводле ацэнак Лукашэнкі, той праваліў усё, таму трапіў у апалу. Аднак падначаленыя кіраўніка Віцебшчыны так не лічылі.
Калі ў студзені кіраўнік прэзыдэнцкай Адміністрацыі Дзьмітры Круты прадставіў кіроўнаму складу вобласьці новага старшыню аблвыканкама Аляксандра Рагожніка, то, паводле словаў Лукашэнкі, «тамака буйнымі аплядысмэнтамі праводзілі былога губэрнатара: „Ах, добры чалавек!“»
Гэта ж, амаль «бунт на караблі», нечуваная крамола, ледзь не апазыцыя. І Лукашэнка не хаваў свайго абурэньня. Зьвяртаючыся да намесьніцы старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, Лукашэнка заявіў: «Спадарыня Нікіціна, вам для ведама, каб вы разумелі, што добры чалавек — гэта яшчэ ня добры прафэсіянал… Вы можаце апладзіраваць колькі заўгодна. Але лічбы — жэстачайшая рэч… Таму перш чым квакаць, радавацца, што, вось, Субоцін абараніў вобласьць… Раскажыце новаму губэрнатару, як усё было».
Таксама адстаўка наступнага кіраўніка Віцебскай вобласьці Аляксандра Рагожніка 20 кастрычніка выглядала дзіўнай. Бо літаральна за некалькі дзён да таго Лукашэнка наведваў вобласьць, абмяркоўваў з Рагожнікам стратэгію разьвіцьця вобласьці. І раптам праз кароткі час аб’яўляецца пра адстаўку 50-гадовага кіраўніка з прычыны нібыта стану здароўя. Усё гэта выклікала шмат пытаньняў наконт сапраўдных прычын сыходу Рагожніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму Лукашэнку так абурылі воплескі для звольненага чыноўнікаЯкія пэрспэктывы ў Муравейкі на новай пасадзе? Вельмі няпэўныя. У савецкія часы, каб сапсаваць нейкаму намэнклятуршчыку кар’еру, яго прызначалі кіраваць сельскай гаспадаркай. Падаецца, што сёньня ў Беларусі такім месцам, дзе пляжацца кар’еры, зьяўляецца Віцебская вобласьць.
Сілавікі — на кіроўных пасадах
Як вядома, Лукашэнка ўсе праблемы ў эканоміцы Беларусі тлумачыць вельмі проста. Маўляў, усё зводзіцца да слабой дысцыпліны. Таму патрэбна ўмацаваньне парадку, жорсткасьць патрабаваньняў. З гледзішча такіх падыходаў цалкам лягічна падбіраць на кіроўныя пасады вайскоўцаў, людзей з пагонамі. Прызначаючы Муравейку, Лукашэнка даваў наказ: «Вы — чалавек сыстэмны, з вайсковым характарам… Трэба ўводзіць вайсковую дысцыпліну».
Пасьля 2020 году ўдзельная вага сілавікоў у сыстэме кіраваньня дзяржавы ўзрасла. Прадстаўнікі сілавых структура займаюць кіроўныя пасады ў «цывільных» сфэрах. Гэты працэс узмацняецца. Ужо другую вобласьць узначальвае сілавік. На чале Гарадзенскай вобласьці стаіць былы міністар унутраных спраў Юры Караеў. Цяпер і Віцебскую вобласьць узначаліў сілавік.
Цяперашняе прызначэньне — гэта выразная праява мілітарызацыі сацыяльна-эканамічнага і грамадзкага жыцьця.