Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 16 лістапада на вайсковай базе ў Падбродзьдзі (Пабрадзе), што паблізу мяжы Беларусі, заявіў, што ратацыя амэрыканскіх войскаў у Літве працягнецца і пасьля завяршэньня цяперашняга дзевяцімесячнага пэрыяду разьмяшчэньня.
Пра гэта ён сказаў на цырымоніі, прысьвечанай прыбыцьцю двух батальёнаў ЗША, піша Reuters.
Прэзыдэнт Гатанас Наўседа і вайскоўцы ЗША падчас цырымоніі на вайсковай базе ў Падбродзьдзі (Пабрадзе). 16 лістапада 2026
Вашынгтон упершыню накіраваў войскі ў Літву — краіну-чальца NATO, якая мяжуе з Расеяй і Беларусьсю, — у 2014 годзе, пасьля анэксіі Расеяй украінскага паўвострава Крым.
Пачынаючы з 2019 года, ЗША падтрымлівалі прысутнасьць бранятанкавага батальёна (каля 1000 вайскоўцаў) на аснове пасьлядоўных ратацый. Аднак раней у гэтым годзе Пэнтагон прыпыніў гэты працэс на час перагляду стратэгіі разьмяшчэньня сіл.
Знаходзячыся на вайсковай базе Пабрадэ, недалёка ад беларускай мяжы, Наўседа адзначыў:
«Наколькі мне вядома, гэта ня разавая і не часовая ратацыя. Існуе пэўны плян ратацый, разьлічаны на будучыню».
Амбасадарка ЗША ў Вільні Кара Макдональд, якая таксама выступала на цырымоніі ахарактарызавала цяперашняе разьмяшчэньне войскаў як «працяг ратацый», што праводзяцца з 2014 году.
«Наша мэта тут цалкам ясная. Гэта абарончая мэта: забясьпечыць стрымліваньне, падтрымліваць гатоўнасьць і стаяць плячо ў плячо з нашымі саюзьнікамі. Гэта, па-сутнасьці, мір праз сілу — менавіта так мы захоўваем мір», — сказала яна журналістам.
Амбасадарка ЗША ў Вільні Кара Макдональд
Літва прапанавала пашырыць прысутнасьць ЗША ці зрабіць яе пастаяннай, а таксама выказала гатоўнасьць пакрыць адпаведныя выдаткі.
У мінулым месяцы прэзыдэнт Дональд Трамп паведаміў журналістам, што яго адміністрацыя «безумоўна разгледзіць» запыт Літвы.
Падчас цырымоніі на вайсковай базе ў Падбродзьдзі (Пабрадзе). 16 лістапада 2026
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Літва павялічыла свае выдаткі на абарону ў тры разы. Сёлета яна займае першае месца сярод краін NATO па аб’ёме абаронных выдаткаў адносна валавога ўнутранага прадукту — гэты паказчык складае 5,33%. Да канца наступнага года Нямеччына плянуе разьмясьціць у Літве баяздольную армейскую брыгаду колькасьцю каля 5000 вайскоўцаў — у якасьці сродку стрымліваньня Расеі.
Прэм’ер-міністар Міндаўгас Сінкявічус раней адзначаў, што Літва гатовая прыняць амэрыканскія войскі на пастаяннай аснове і пакрыць выдаткі на ўтрыманьне базы, калі ЗША прымуць адпаведнае рашэньне.
Як паведамляе BNS, Літва прыймае два батальёны — цяжкаўзброены танкавы батальён, які павысіць рэгіянальную бясьпеку і пры патрэбе створыць дадатковыя магчымасьці рэагаваньня, а таксама інжынэрны батальён, які будзе дапамагаць фармаваньню нацыянальнай дывізіі і Балтыйскай лініі абароны.
Дысьлякацыя вайскоўцаў ЗША — на палігоне ў Падбродзьдзі (Пабрадзе), што паблізу мяжы Беларусі.
Чаму гэта важна
Літоўскія палітыкі называюць разьмяшчэньне амэрыканскага кантынгенту ў Літве «крытычна важнай гарантыяй стрыманьня і бясьпекі» пры гібрыдных атаках Расеі на Літву і пагрозаў ад расейскага генэралітэту.
Зараз у Літве таксама паступова разьмяшчаецца нямецкая танкавая брыгада, асноўная частка якой прыбудзе ў другой палове 2027 году.
У канцы жніўня стала вядома, што Латвія, Літва і Эстонія 30 ліпеня накіравалі ў эўрапейскія структуры звароты, дзе выказалі занепакоенасьць у сувязі з магчымай агрэсіяй Расеі. Ліст таксама падтрымалі эўракамісары ад Польшчы і Фінляндыі.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу існаваньня такіх плянаў.
Наадварот, Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль. Адначасова з тэрыторыі Беларусі пэрыядычна заляталі кантрабандныя балёны, а таксама дроны (расейскія і ўкраінскія), празь якія ў Літве вымушана спынялі дзейнасьць аэрапортаў, найчасьцей у Вільні.