Выстава, якая пачала працаваць у варшаўскім касьцёле Ўсіх Сьвятых 14 лістапада, складаецца з твораў беларускіх мастакоў з прыватнай калекцыі сям’і Дыяны і Георгія Шыліных, якія некалі таксама эмігравалі і зараз жывуць у Чэхіі. Гэта беларускія краявіды, партрэты, алегорыі на тэму свабоды, гістарычнай памяці, надзеі на вяртаньне.
Выстава «Беларускія мастакі ў выгнаньні» праходзіць пад патранатам Варшаўскай каталіцкай архідыяцэзіі. Старшыня рады культуры і аховы культурнай спадчыны Канфэрэнцыі польскіх біскупаў Міхал Яноха пачаў вітальную прамову падчас адкрыцьця выставы радкамі Адама Міцкевіча «Літва, мая Айчына», а завершыў выступ «Пагоняй» Максіма Багдановіча, якую прачытаў па-беларуску.
Біскуп Міхал Яноха
Вэрнісаж ужо наведалі дыпляматы зь Нідэрляндаў, Люксэмбургу, ЗША, Чэхіі, Ізраілю.
«Гэта не маналіт, а арганізм, які жыве, дыхае і пульсуе»
Куратарка праекту мастачка Тацяна Савіч адзначыла, што на выставе прэзэнтуюцца працы людзей рознага ўзросту, розных пакаленьняў, якія працуюць у жывапісе, графіцы й скульптуры.
«У працах творцаў няма тэмы выгнаньня, а ёсьць асабістыя гісторыі мастакоў, памяць пра дом, роздум пра свабоду, пра тое, як чалавек захоўвае сябе. Разнастайнасьць тэхнікі і ўзросту толькі падкрэсьлівае, што гэта не маналіт, а арганізм, які жыве, дыхае і пульсуе», — кажа Тацяна Савіч.
Тацяна Савіч
У касьцёле выстаўленыя 30 твораў 18 беларускіх мастакоў: Уладзіслава Заленскага, Тацяны Савіч, Натальлі Борд (творчы псэўданім Натальлі Бордак), Андрэя Духоўнікава, Марыі Санко, Аляксандра Ждановіча, Мацьвея Вельгаса, Вольгі Якубоўскай, Кацярыны Еўдакімавай, Івана Жукава, Вольгі Сіліванчык, Яраслава Кірвеля, Ланы Грыбанскай, Сьвятланы Ільяшэнкі, Аліны Ларк, Яўгеніі Палуян, Ірыны Хвайніцкай, Паўла Войніцкага. Мастакі, якія мусілі зьехаць зь Беларусі, раскіданыя па сьвеце: жывуць у Польшчы, Чэхіі, Італіі, Літве, Харватыі, Сэрбіі.
Арт-куратарка праекту мастачка Тацяна Савіч расказала, як нарадзіўся гэты праект. Два гады таму яна пазнаёмілася зь сям’ёй Шыліных — Дыянай і Георгіем. Дыяна выпадкова ўбачыла ў інтэрнэце карціны Тацяны і захацела купіць два восеньскія краявіды, якія здаліся ёй вельмі кранальнымі.
Натальля Борд, "Будзь твая воля"
Натальля Борд
Тацяна расказала Дыяне сваю гісторыю эміграцыі, а таксама гісторыі іншых мастакоў, якія апынуліся ў няпростым становішчы за мяжой. Сям’я Шыліных таксама ў эміграцыі ў Чэхіі, але з 2010 году, яны ўжо трывала асталявалася і таму не маглі не адгукнуцца. За 2 гады праект разросься з 2 да 18 мастакоў — працягвае Тацяна Савіч.
Твор Вольгі Якубоўскай, прысьвечаны выставе
Дыяна Шыліна, якая добра ведае, як цяжка пачынаць жыцьцё ў чужой краіне, хацела падтрымаць тых, хто яшчэ ня стаў на ногі. Яна пачала апавядаць іншым людзям пра беларускіх мастакоў. Набывала іх карціны — кожны месяц ахвяравала пэўную частку грошай на калекцыю.
Дыяна Шыліна
«Спачатку я нават ня думала, да чаго гэта прывядзе. Мне проста было шкада творчых людзей, якія раптам сталі нікому не патрэбнымі — ні дома, ні за мяжой. Найлепшая падтрымка для мастака — гэта набыць яго твор, даць яму працу і магчымасьць ствараць. Мы з мужам патрацілі свае апошнія ашчаджэньні на куплю карцін. Калі ж сродкаў на карціну не хапала, я купляла фарбы, палотны і пэндзлі — хоць нешта, каб мастакі маглі працягваць працу. З часам я зразумела, што зьбіраю ня проста асобныя творы мастацтва, а нешта значна большае — адлюстраваньне жыцьцяў тых мастакоў, якіх лёс раскідаў па розных кутках сьвету», — кажа Дыяна Шыліна.
Дабраславеньне папы Лява XIV і каралевы Нідэрляндаў
А потым прыйшла ідэя ладзіць выставы, паказваць гэтыя творы іншым людзям у іншых краінах. Калекцыю ўжо паказалі ў Празе, Вене, Кракаве, зараз настала чарга Варшавы.
Тацяна Савіч “Пакідаючы родныя гнёзды”
Ірына Хвайніцкая “Разьвітаньне з бурай”
«Праект падтрымаў Касьцёл, таксама Шыліны напісалі ліст папу Францішку, дзе расказалі пра гэтую ініцыятыву. Папа Францішак пайшоў з жыцьця, і ліст атрымаў ужо Леў XIV, які дабраславіў праект. Таксама праект падтрымалі каралеўскія дамы Бэльгіі й Нідэрландаў», — кажа куратарка выставы Тацяна Савіч.
Вольга Якубоўская
На адкрыцьці выставы выступіў «Вольны хор». У Варшаве працы беларускіх мастакоў у выгнаньні можна паглядзець да 6 сьнежня ў касьцёле Ўсіх Сьвятых (Plac Grzybowski 3/5).
Выступ "Вольнага хору"
У студзені выстава пераедзе ў Бэрлін, пасьля арганізатары плянуюць паказаць яе ў італьянскай Флярэнцыі.
Мацьвей Вельгас “Кот”