«Лукашэнка стаў фаталістам». Чалы патлумачыў, навошта той увесь час езьдзіць па кароўніках

Сяргей Чалы. Каляж.

Частыя паездкі Аляксандра Лукашэнкі па сельскагаспадарчых прадпрыемствах могуць быць спробай вярнуцца ў часы, калі ён адчуваў сябе гаспадаром сытуацыі. Такое меркаваньне ў інтэрвію праграме «Канапа» выказаў эканамічны аналітык Сяргей Чалы. Ён таксама патлумачыў, чаму лічыць, што Лукашэнка стаў фаталістам.

На думку Чалага, Лукашэнка ўсё часьцей вяртаецца да свайго мінулага, бо цяперашняя сытуацыя ў эканоміцы і палітыцы ня дае яму падставаў для аптымізму.

«Ён нарэшце патлумачыў, чаму гэта робіць. Таму што яму, відавочна, пачалі задаваць пытаньні: слухай, ты ўжо ўсіх дастаў, чаму ты пастаянна езьдзіш у гэтыя кароўнікі? А ён кажа: „Я вам патлумачу чаму. Таму што я тут усё ведаю. Таму што тут у мяне ёсьць надзея, што мяне не падмануць“», — расказвае Чалы.

Аналітык зьвяртае ўвагу, што падчас такіх візытаў Лукашэнка часта сустракае людзей, зь якімі працаваў яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму.

«Заўваж, гэта ж добра падрыхтаваныя візыты. Выходзіць нейкі Юры: „Ты ўсё яшчэ тут?“ — „Так, памятаеш, ты мяне на працу браў 35 гадоў таму?“ Яго вяртаюць у той час, калі трава была зелянейшая, дрэвы былі большыя. Гэта спроба вярнуцца ў мінулае», — кажа Чалы.

Пры гэтым аналітык лічыць, што Лукашэнка разумее тупіковасьць створанай ім эканамічнай мадэлі. Чалы прыводзіць прыклад сельскагаспадарчай гаспадаркі, якую Лукашэнка падае як узорную, але якая, паводле аналітыка, залежыць ад падтрымкі іншых прадпрыемстваў.

«Ён пастаянна падводзіць вынікі, пастаянна вядзе завочную спрэчку са сваімі настаўнікамі па партыйнай ці савецкай лініі. Маўляў, я ж зрабіў вам узорны калгас, прыяжджайце, паглядзіце. А пачынаеш аналізаваць гэты калгас — гэта ж катастрофа. Яму дапамагаюць пяць прадпрыемстваў гораду. Ён сядзіць на шыі ў мясцовага аблгазу і пры гэтым мае дзірку ў бюджэце на 10 мільёнаў беларускіх рублёў за год. Нічога не працуе», — сьцьвярджае Чалы.

На пытаньне, ці не стаў Лукашэнка менш агрэсіўным у сваіх публічных паводзінах, Чалы адказаў:
«Не, ён стаў фаталістам. Гэта ў тым ліку разуменьне таго, што ты завёў краіну ў тупік і ўжо зь яго ня выйдзеш. У цябе ўжо ня будзе рэпутацыі выратавальніка ці будаўніка нацыі, як ён, вядома, марыў. Ты будзеш проста чалавекам, які ўсё страціў».

Паводле Чалага, Лукашэнка ўсё больш задумваецца пра тое, якое месца зойме ў гісторыі.

«Ён дэманструе дзьве рэчы: жывёльны страх перад набліжэньнем краху і адначасова фаталізм. Вось гэтыя фразы пра тое, што я ж зрабіў усё, што мог, дай Бог, ня будзе вайны. Гэта спроба апраўдацца перад гісторыяй», — лічыць аналітык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Лукашэнка ведае, што задумвае Пуцін, і вельмі гэтага баіцца». Чалы пра пагрозу новай вайны