Падчас дыскусіі «Стратэгія Польшчы і ЭЗ у дачыненьні да Беларусі» ён нагадаў, што спробы дамовіцца з Аляксандрам Лукашэнкам не прывялі да істотных зьменаў.
«Дамовіцца з Лукашэнкам спрабавалі ўжо пяць разоў. Гэта не прывяло да стратэгічных зьмен», — адзначыў Павал Латушка.
Чаму патрэбны спэцпасланьнік ЭЗ
Латушка прапанаваў прызначыць адмысловага пасланьніка Эўразьвязу па Беларусі з моцным мандатам, заснаваным на рашэньнях ЭЗ. Паводле яго, такі прадстаўнік мог бы дапамагчы забясьпечыць удзел беларускіх дэмакратычных сілаў у міжнародных перамовах пра Беларусь.
«Нам патрэбны моцны голас нашых партнэраў», — падкрэсьліў Латушка, згадаўшы ЭЗ, Польшчу, Вялікую Брытанію, Украіну і ЗША.
Ён таксама паведаміў, што дэмакратычныя сілы распрацавалі дзесяць умоваў, якія, паводле іх прапановы, павінен выканаць Лукашэнка, калі хоча ўдзельнічаць у перамовах.
«Нічога пра беларусаў без беларусаў»
Асобна Латушка заявіў, што Лукашэнка ня можа гарантаваць бясьпеку рэгіёну, бо Беларусь зьвязаная ваеннымі абавязаньнямі з Расеяй.
Палітык таксама выступіў супраць таго, каб Лукашэнка прадстаўляў інтарэсы беларускага народу на міжнародных перамовах.
«Нічога пра беларусаў без беларусаў», — сфармуляваў ён пазыцыю дэмакратычных сілаў.
На думку Латушкі, будучыню краіны павінен вызначаць беларускі народ, а ягоныя інтарэсы на міжнародным узроўні мусяць прадстаўляць дэмакратычныя сілы пры падтрымцы партнэраў.
У дыскусіі таксама ўзялі ўдзел намесьнік дырэктара Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Адам Эбэрхарт і старэйшы экспэрт аддзелу Беларусі, Украіны і Малдовы Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі.