У міністэрстве культуры Эстоніі, якое займаецца пытаньнямі спорту, афіцыйна заявілі, што эстонскі ўрад лічыць немагчымым правядзеньне ў Эстоніі спаборніцтваў з удзелам спартоўцаў з Расеі і Беларусі, піша ERR.
«Урад Эстоніі лічыць, што спаборніцтвы з удзелам расейскіх і беларускіх спартоўцаў ня могуць праводзіцца на тэрыторыі нашай краіны. Эстонія знаходзіцца ў ліку дзяржаў, якія найбольш актыўна падтрымліваюць Украіну. Допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да спаборніцтваў у Эстоніі супярэчыў бы гэтай пазыцыі і даў бы Расеі і Беларусі магчымасьць выкарыстоўваць асьвятленьне спаборніцтваў у міжнародных СМІ ў прапагандысцкіх мэтах», — заявілі ў ведамстве.
У маючым адбыцца зімовым сэзоне Эстонія ня будзе прымаць этап Кубку сьвету ў лыжных гонках, аднак з 18 па 24 студзеня ў Отэпя пройдзе чэмпіянат сьвету сярод юніёраў і моладзі да 23 гадоў у лыжных відах спорту.
У лютым жа на лыжным стадыёне спартовага цэнтру Тэхвандзі адбудзецца першынство сьвету-2027 у біятлёне.
Захады ўраду Эстоніі
10 сакавіка 2022 году ўрад Эстоніі спыніў выдачу турыстычных візаў грамадзянам Расеі і Беларусі. З 18 жніўня 2022 году грамадзянам Расеі, якія атрымалі турыстычную візу ад эстонскай дзяржавы, у тым ліку тым, хто атрымаў яе для ўдзелу ў спаборніцтвах або культурных мерапрыемствах, забаронены ўезд у краіну.
Міністэрства культуры Эстоніі яшчэ раз заклікала ўсіх арганізатараў мерапрыемстваў праявіць поўную падтрымку Ўкраіне і асудзіць захопніцкую вайну Расеі.
У выпадку расейцаў эстонскія ўлады зьвяртаюць увагу таксама на тое, што шэраг атлетаў, якія спрабуюць прабіцца на турніры ў якасьці «нэўтральных», насамрэч зьвязаныя зь дзяржаўнымі і вайсковымі структурамі Расеі, напрыклад, міліцэйскім спартовым таварыствам «Дынама» і армейскім ЦСКА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эстонія адмовілася пусьціць беларускіх і расейскіх стралкоў на першынство Эўропы. Турнір у яе забраліШто папярэднічала
Эстонія не адзіная краіна, якой не падабаюцца захады міжнародных фэдэрацый у допуску спартоўцаў з Расеі і Беларусі на міжнародныя спаборніцтвы.
Раней стала вядома, што Швэцыя вывучае магчымасьць адмовіць у візах расейскім і беларускім атлетам, якія жадаюць удзельнічаць у міжнародных спартыўных мерапрыемствах на яе тэрыторыі. Пра гэта заявіў агенцтву Reuters міністар міграцыі краіны. Такія захады могуць патэнцыйна заблякаваць удзел спартоўцаў, якіх раней дапусьцілі да спаборніцтваў міжнародныя фэдэрацыі.
Швэдская лыжная асацыяцыя заявіла, што з моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну яна прытрымліваецца той жа пазыцыі: спартсмэны з Расеі і Беларусі павінны заставацца выключанымі з міжнародных спаборніцтваў, пакуль працягваецца вайна.